epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Між дзвюх рэчак

Я сяджу на дворыку калгаснага брыгадзіра, майго цёзкі і майго равесніка. Нядаўна ён быў старшынёю калгаса і шмат чаго паспеў дабіцца, каб паставіць яго на ногі. Але калгас быў маленькі, і яго прылучылі да болей буйнага, а былому старшыні запрапанавалі стаць за брыгадзіра.

Можа па даўняй ужо традыцыі, усталёванай доўгімі часамі, я люблю і часта наведваю гэты зацішны куток, атулены з усіх бакоў лясамі, з густымі зараснікамі ўздоўж невялікай рачулкі і хмызнякамі на пясчанай зямлі. Люблю цесны дворык брыгадзіра са студняю пасярэдзіне двара, пасівелую агароджу з дубовымі слупамі, паросшымі белым мохам; са старэнькімі будынкамі, што атульваюць двор: варывенька, хлевушок і гуменца пад адною страхою з хлевушком. Невялічкі дворык замыкаецца ладнаю хатаю з маленькім палісаднікам і агародчыкам, дзе руплівая брыгадзірава жонка саджае кветкі, разводзіць расаду і даглядае два вуллі пчол, нядаўна заведзеных. Адгэтуль мне ўсё відно: калгасная пляцоўка, вёска з непамерна шырокаю вуліцаю, паабапал якой раскінуты сядзібы калгаснікаў з хатамі, з дапаможнымі будынкамі і просценькаю старасвецкаю агароджаю. Я люблю старасвеччыну, сляды якой захаваліся тут, але ахвотна змяніў бы яе на тое новае, прыход якога адчуваецца не толькі на кожным кроку і ў кожным новым дні, але і ўладарна ўступае ў наш быт.

Між усіх будынкаў заняпалага пасёлка, што дажывае тут свой век, – пасёлак мяркуюць перавезці бліжэй да калгаснага цэнтра, – увагу маю часта запыняла адна занядбаная хата. Стаіць яна зараз жа за сядзібаю брыгадзіра ў бок Бабруйскай шашы. Вокны хаты наглуха забіты дошкамі. Усходкі на нізенькім ганку пападгнівалі і гойдаюцца пад нагамі. Ёмкі замок моцна зашчаміў дзверы апусцелай хаты, а над дзвярамі прыбіта дзеравяная дошчачка. На дошчачцы напісана, відаць, рукою майго цёзкі: «Адказны за пажар І. А. Дзедзіч». Цяпер хата прыстасавана пад калгасны свіран, куды ссыпаецца збожжа.

Кожны раз, праходзячы міма бязлюднай хаты, я адчуваю нейкі неакрэслены смутак, нібы я праходжу каля могілак, дзе людзі знайшлі свой апошні прыпынак на зямлі, і між імі і тыя людзі, якіх я ведаў асабіста.

Двума вугламі хата абапіраецца на ёмкія шматпудовыя камяні, а процілеглы яе бок падтрымліваецца дзябёлымі кароткімі слупамі, укопанымі ў пясчаны дол. Відаць, яе гаспадар меркаваў падлажыць падмурак, але не ўправіўся, або перашкодзіла нейкая іншая прычына. Цяпер слупы пад хатаю збуцвелі і патрэскаліся, а вецер павыдзімаў з-пад хаты каля іх жоўты пясок. Між гэтых слупоў-падставак сяды-тады прамільгнецца вушасты трусок і, заўважыўшы небяспеку, зараз жа хаваецца пад хатаю. Там яго схоў і там яго сямейны дом. Пуста і самотна каля анямеўшай хаты. Ні агароджы, ні палісадніка з кветкамі, як гэта водзіцца каля іншых хат заняпалага пасёлка. Насупраць хаты-сіраты стаіць таксама апусцелае гуменца, а каля яго пад адкрытым небам туліцца старая цялежка і розныя старасвецкія прылады даўнейшага гаспадарскага ўжытку. На іх усё гусцей наступае палын і дзікая трава. Усё гэта яшчэ мацней падкрэслівае закінутасць і сіроцтва хаты, разгубіўшай сваіх насельнікаў.

Чаму ж гэтак сталася? Хто жыў тут раней?

Пра ўсё гэта мне даў адказ брыгадзір, мой цёзка і равеснік.

Вось яго апавяданне.

– У кожнага чалавека ёсць свой лёс, – пачаў мой цёзка, правёўшы рукою па сівых, мяккіх вусах, – і не толькі ў паасобнага чалавека, – такі лёс ёсць часамі і ў цэлай сямʼі, як, скажам, у Рамана Красніцкага, – кіўнуў апавядальнік у бок апусцелай хаты.

– Не багацей і не бядней за тутэйшых гаспадароў жыў у гэтай хаце Раман Красніцкі з жонкаю Анэтаю, дасціпнай і стараннай кабетай. Было ў іх дзве дачкі і тры сыны. Дочкі павыходзілі замуж на старану. Выйсці ж ім замуж было не цяжка: дзяўчаты былі прыгожыя, вясёлыя, разумныя і да работы спрытныя. Бывала, пазіраеш на іхнюю работу – ці то ў полі, ці на лузе, ці ў гумне каля малатарні – і ўцеха бярэ цябе: работа так і гарэла ў іх руках. І замуж яны павыходзілі не блага: адна выйшла за настаўніка, другая – за ляснічага. І жылі яны са сваімі мужыкамі і самі з сабой у дружбе і ў згодзе. Два старшыя сыны працавалі ў горадзе на заводзе. І майстры з іх былі не кепскія. Меншы сын, Петрык, тады яшчэ падлетак, жыў пры бацьках.

Весела было ў Раманавай хаце і каля хаты, калі, бывала, летам прыязджалі дочкі з дзецьмі, а часамі і сыны з горада. Сыны не цураліся работы ў калгасе. Глядзіш – некалькі дзесяткаў працадзён і прыбудзе ў Рамана, ды яшчэ і гасцінцаў бацькам прывязуць. Адным словам, жыццё ішло ўгару, і не толькі ў Раманавай хаце, але і ва ўсім нашым калгасе.

Ды хто скажа сягоння, што можа здарыцца заўтра?

Тут мой цёзка зірнуў на мяне, як настаўнік на вучня. Ды і выгляд у яго быў, як у прафесара: паважныя пухаўныя вусы, невялічкая акуратна падстрыжаная бародка, удумлівыя шэрыя вочы. Ён прымоўк, нібы для таго, каб даць мне час падумаць.

– Трывожная надыходзіла часіна, напружаныя і неспакойныя былі дні, – казаў далей брыгадзір, – вось-вось грымне вайна з Нямеччынай. Гітлер вёў сябе так высока, што і крукам не дастаць яго носа. Ды й сказаць жа: шпарка ён увіхаўся на вайне ў Еўропе. У колькі дзён змітрэжыў панскую Польшчу, забраў Чэхаславакію, разлаташыў Францыю, Бельгію і даў такога чапаласу Англіі, што тая ледзь-ледзь увалакла хвост на свае астравы. У кароткі час змяў ён усю Еўропу, а потым і на нас рушыўся. Хоць і думалі мы пра вайну, а пачалася яна зусім раптоўна, вось як бы на твой дом наляцелі бандыты ўначы. Што рабілася тады, і ўспамінаць крыўдна і цяжка. Траслася і стагнала зямля ад грому гармат і бомбаў, дрыжалі дарогі пад сталёвымі гусеніцамі танкаў і браневікоў. Валілі і валілі закованыя ў жалеза і сталь полчышчы гітлераўскіх грабежнікаў. Здавалася, і канца ім не будзе. А разам з імі ішлі смерць, разбурэнне, пажары. Выйдзеш, бывала, уночы на двор, проста жудасна робіцца: і там, і там палыхаюць бляскі далёкіх і блізкіх пажараў, нібы сам дʼябал ашчэрыўся і выскаліў свае драпежніцкія зубы. Балюча было пазіраць, як на трэці дзень вайны ўсю чэрвеньскую ноч стаяў над Мінскам велічэзны водбліск, нібы агромністы куст з агню і дыму. Нават тут, за семдзесят пяць кіламетраў, было светла. Цяжка было, ну ды што было, тое прайшло, няхай ніколі яму дарог не будзе.

У першыя ж дні вайны загінулі абодва старэйшыя сыны Красніцкага. Скінулі гітлераўцы бомбы на завод, дзе працавалі браты. Так яно было ці не так, але покі што не было і няма аб іх чутак, і ніхто з іх не вярнуўся. Становішча ж было цяжкое. Нашы арміі адыходзілі на ўсход, у глыб краіны. А гітлераўцы ўсё перліся і перліся. Запаланілі паганцы наш край і ўжо думалі, што навекі астануцца панаваць тут і заводзіць свае «новыя» парадкі. Але сталася з імі так, як з тою свіннёю, што ўсунула праз агароджу лыч, каб залезці ў агарод: лыч у агародзе, а ззаду пачалі лупіць яе дубінаю. Неўзабаве адчуў Гітлер, што Савецкі Саюз – гэта не панская Польшча, не Францыя і наогул не Заходняя Еўропа. Не паспеў ён раструбіць аб сваіх перамогах над Чырвонай Арміяй, як сталі патрошку пашчыпваць яго з тылу і чым далей, тым мацней і балючай. Кожны дзень прыносіў нейкую вестку: то тут, то там падбілі грузавую або легкавую фашысцкую машыну. Там спалілі іхні склад. Дзесь з чыгункі пусцілі пад адкос цэлы эшалон. А там знайшлі забітых варожых салдатаў...

І вось вы скажыце: як глыбока і моцна пусціла ў народ карэнні наша бальшавіцкая партыя! Здавалася, хто мог бы падняць яго на барацьбу супраць смяртэльнага і бязлітаснага ворага, што агнявым патокам заліў наш край? Аказваецца, знайшлася такая сіла. Сіла гэта – камуністы. З першых дзён вайны, сышоўшы ў падполле, па ўсім краі пачалі яны збіраць баявыя дружыны. З маленькіх партызанскіх груп утварылі цэлыя баявыя злучэнні, належным чынам узброеныя. Трэба ўявіць сабе, якія цяжкасці прыходзілася перамагаць бальшавікам-падпольшчыкам, каб у тыле ворага арганізаваць цэлую партызанскую армію, узброіць яе за кошт галоўным чынам нямецкага ўзбраення.

Закалыхалася зямля пад нагамі гітлераўскіх захопнікаў. Паляцелі ў паветра масты, склады, паравозы і цэлыя перагоны чыгунак. Вось тут, непадалёку за ляском, праходзіць Бабруйская шаша – выбілі яе з фашысцкіх рук партызаны: ніводзін фашыст не хадзіў і не ездзіў па ёй, аж покі не нагналі сюды цэлыя нямецкія дывізіі. Калаціліся фашысты і іх прыслужнікі. У лес і ў вёску ноччу баяліся і носа паказаць. А калі паяўляліся, дык толькі ўдзень і то ў вялікай колькасці і ў поўным узбраенні. Баяліся партызан, як агню, і ненавідзелі іх усёю звярынаю злосцю свае разбойніцкай душы. Чаго толькі не рабілі яны ў барацьбе з партызанамі! І дарогі перахватвалі, і свае каравулы выстаўлялі, і пасылалі карныя экспедыцыі, і падсылалі сваіх паліцаяў-шпіёнаў, навярбованых з розных людскіх падонкаў, ды нішто іх не выратоўвала. Страшэнныя мукі, здзекі і лютая смерць чакалі таго, хто так ці іначай быў звязан з партызанамі! А хто не быў звязан з імі? Бяда была не толькі тым, хто пападаўся ў лапы гестапаўцаў за сувязь з партызанамі, – бяда чакала і тых, хто меў хоць якое-небудзь дачыненне да партызан. І вось, калі захопнікі даведаліся, што абодва зяці Раманавы пайшлі ў партызаны, гітлераўскія галаварэзы знішчылі Раманавых дачок з дзецьмі за тое толькі, што яны былі жонкамі партызан. Праз некаторы час забралі і самога Рамана. І не вярнуўся чалавек у сваю хату. Ад усёй Раманавай сямʼі засталіся толькі дзве душы: Анэта ды меншы сын Петрык. Дый яны не жылі цяпер дома. Петрык уздужаў і стаў ладным хлопцам. Рэдка калі забягаў ён дахаты, ды і то ненадоўга. Увесь час ён быў у сваіх паходах або ў лесе з партызанамі. Звычайна ён выконваў розныя смелыя партызанскія заданні, як разведчык і сувязны. Раманіха тулялася па вёсках у сваякоў або ў знаёмых. Угаворваў яе Петрык перабірацца ў лес да партызан, але ёй шкада было кідаць свой дом, куды яна зрэдку наведвалася і дзе зазнала так многа пакуты. Бедная жанчына, нічога пэўнага не ведаючы пра лёс дзяцей сваіх і пра Рамана, усё яшчэ насіла ў сэрцы надзею, што, можа, хто з іх вернецца дадому, і ніяк не хацела з ім расставацца. А зараз асабліва балела яе сэрца за Петрыка: адчаянны ён хлопец і рызыкоўны не ў меру. А што будзе, калі Петрык загіне? Пэўна ж, у Петрыка кіпела на сэрцы: столькі пакуты прычынілі іх дому і ўсім людзям гэтыя бязжаласныя вылюдкі вырадка Гітлера! Петрык разумеў, што і як перажывала яго маці. Ведаў, што ён – адна і апошняя апора ў яе жыцці. Але быць увесь час пры матцы ён не мог: у яго былі свае погляды на ўсё, што адбывалася навокал, і свае думкі на тое, што будзе і што павінна быць потым, бо не век жа будзе цягнуцца вайна. У Петрыка не было сумнення, што Гітлер наложыць тут галавою, Петрыку ж трэба рабіць усё, каб паскорыць той час.

Адзін выпадак, праўдзівей, адно спатканне змяніла Петрыкаў лёс у іншы бок. Лепш гэта было для Петрыка ці горай, сказаць цяжка. Але кажуць людзі: што каму суджана, таго не абойдзеш і не абʼедзеш.

У трох кіламетрах адгэтуль, на тым баку Свіслачы, ёсць невялічкі пасёлак, яшчэ меншы за наш. Потым яго спалілі немцы ўшчэнт. У тым пасёлку жыў рыбак Максім. У Максіма была дачка Тася, гады на два маладзейшая за Петрыка, а разам не набралася ім і сарака гадоў. Яна таксама трымала сувязь з партызанамі і так жа, як і Петрык, выконвала розныя партызанскія даручэнні: хадзіла ў разведку, збірала медыкаменты ці розныя патрэбныя для партызан рэчы. Сустрэў яе аднойчы Петрык у часе партызанскіх вандровак. Здзівіўся хлопец: як жа гэта ён не заўважаў раней Тасі? І адразу загарэлася хлопцава сэрца, вось як бы выплыла перад ім вясёлка ды так і засталася ў яго вачах, у яго сэрцы і думках. Куды б ён ні пайшоў і што б ён ні рабіў, заўсёды перад яго вачамі стаяла Тася, як зачарованая кветка. І колькі ў яго было радасці, калі хоць на кароткі час даводзілася яму сустрэцца з Тасяй, перакінуцца з ёю хоць некалькімі словамі, пачуць яе голас! Гэты голас, як музыка, потым доўга гучаў у Петрыкавых вушах. Як бляск далёкай, недасяжнай зоркі, мільгала ў яго вачах гарэзлівая дзявочая ўсмешка... Ну, ведаеце, маладосць – першае, чыстае, сарамяжлівае каханне. Для Петрыка было вялікай пакутаю і смуткам, калі не здаралася або не выпадала пабачыць Тасю хоць адзін ці два дні. Нідзе не мог тады знайсці сабе хлопец спакою, і свет яму быў нямілы. Ідучы на якое-небудзь партызанскае заданне, Петрык не шкадаваў ног, каб зрабіць добры крук на мілю з гакам і хоць на хвіліну заскочыць у той пасёлак, дзе жыла Тася, каб хоць адным вокам зірнуць на яе і ўпэўніцца, што з ёю нічога благога не здарылася. А калі Тасі не было дома, ён кідаўся шукаць яе і абходзіў самыя патайныя сцежкі і дарогі, па якіх яна хадзіла або магла хадзіць, зазіраў у самыя глухія куточкі, дзе часамі тулялася Тася. Ды такі спосаб сустрэч быў звязан з вялікімі цяжкасцямі для Петрыка, але ён не адступаўся, аж покі не знаходзіў Тасі. Часамі ў думках ён меў крыўду на дзяўчыну: няўжо ж яна не ведае, не адчувае, якая дарагая яна для Петрыка? Відаць, яна мала аб ім думае і наогул не цікавіцца ім. Такія думкі прыходзілі ў галаву Петрыку, і яму было крыўдна і горка. Але, на вялікую радасць Петрыка, Тася аднойчы заўважыла:

– Ці варта я таго, Петрык, каб ты з-за мяне так хвастаў ногі ды яшчэ ставіў сябе пад небяспеку? Будзь асцярожны: для справы ты болей патрэбны, чым я.

А потым дадала:

– Давай лепей выберам дзе-небудзь непадалёку ад нашых вёсак зацішны куток, каб і табе і мне было зручна, дзе б мы спакойна маглі сустракацца.

Петрык з удзячнасцю паглядзеў у вочы Тасі.

Для яго не было ў свеце вачэй, прыгажэйшых за сінія Тасіны вочы.

– За табою, Тася, і з табою я гатовы ісці на край свету, – з юначым запалам адказаў ёй Петрык.

Тася паглядзела на яго, усміхнулася і, крыху засаромеўшыся, прамовіла:

– Рана яшчэ гаварыць пра гэта, Петрык!

Можа і праўда яе, думалася Петрыку. Яму здавалася, што разумнейшай дзяўчыны за Тасю няма на свеце. Але чаму ж рана гаварыць пра тое, як ён яе кахае? Праўда, пра сваё каханне Петрык яшчэ нічога не гаварыў Тасі. Ды і гаварыць не было патрэбы, бо для іх і так усё было ясна. Тасіну думку аб зацішным куточку, дзе яны маглі б сустракацца, Петрык успрыняў як найвышэйшую ўзнагароду за ўсе свае пакуты.

Самым прыдатным і спакойным месцам для іх спаткання аказаўся кут – у тым пункце, дзе наша рэчка злучаецца са Свіслаччу. Там былі такія кусты, зараснікі і такія травы, што хоць цэлы дзень шнуруй, а чалавека не знойдзеш. Узлезшы ж на дуб, можна ўсё бачыць навокал на некалькі кіламетраў. Мясцінка гэта была не так далёка ад Петрыка і яшчэ бліжэй для Тасі: ёй трэба было толькі пераплыць на чаўне Свіслач, каб апынуцца ў Кручку – так называецца той глухі і зацішны куток. Вось тут яны і сустракаліся, калі часцей, а калі з перапынкамі. У іх была свая сігналізацыя, вядомая толькі ім. Калі Тася па той ці іншай прычыне на ўмоўленае месца прыйсці не магла, яна вешала на дубе па той бок Свіслачы жмуток саломы. І Петрык ужо ведаў, што Тася не прыйдзе. Калі ж Петрык, з свайго боку, павінен быў папярэдзіць аб той ці іншай небяспецы, ну, скажам, дзе-небудзь паблізу шныраць гітлераўскія агенты, ён убіваў у зямлю тычку, пахіліўшы яе на куст, што быў добра відзён Тасі, і Тася асцярожненька адыходзіла далей ад іх патайнога кутка. А часамі ў ход пускаліся дудкі, зязюльчына кукаванне або качынае краканне ці проста заліхвацкі посвіст.

Хоць непасрэдна я і не быў звязан з партызанамі, але сім-тым дапамагаў ім. З свайго боку, я прыглядаўся да ўсяго, што адбывалася вакол нас. Да мяне заходзілі нашы людзі, аднавяскоўцы, для якой-небудзь парады, як быць нам далей і што рабіць. Часамі забягалі ўночы і партызаны – пагрэцца, пасілкавацца. Усё гэта ўскладала на мяне пэўны абавязак у дачыненні да людзей. Вось чаму і мне прыходзілася трымаць вуха чуйна і вока востра. Справа абарачалася так, што людзям небяспечна было заставацца ў сваіх хатах. Трэба было нагледзець у лесе і мець на прымеце такія мясціны, дзе можна было б знайсці прыпынак і схоў. У пошуках такога прытулку зазірнуў я аднойчы і ў Кручок. Выпадкам давялося мне набрысці на патайное месца спаткання Петрыка з Тасяю. Сядзелі яны ціхенька, прытуліўшыся адзін да аднаго, і штось гутарылі, ды я не прыслухоўваўся, бо не хацеў, каб яны ведалі, што я мімаволі стаў сведкам іх патайнога спаткання, наогул не хацеў перашкаджаць іх маладой радасці. Адно толькі я бачыў, як Тася ўтупіла вочы ў дол і скубла травінку, што папалася ёй пад руку. Аб чым і пра што яна думала тады, я таксама не ведаю. Петрык штось гаварыў ёй ды пазіраў на яе так, як пазірае самы набожны чалавек на святую Марыю-Магдалену, гатовы маліцца на яе. Часамі Тася быстра ўскідала на Петрыка свой позірк. На яе твары паяўлялася такая слаўная ўсмешка, і [Тася], ускінуўшы русавыя кудзеркі, кідала ў Петрыка лёгкі жмуток наскубленай мяккай травы. Я моўчкі цешыўся з іх, і нейкі жаль агарнуў мяне: маладыя, прыгожыя, толькі-толькі пазнаюць першую вясну свайго чалавечага існавання і вось змушаны хавацца ад ворагаў і таіць сваё каханне... Я ціхенька адышоўся, каб нічым не засмучаць іх шчасця. І падумаў я тады – якая вялікая сіла жыцця: вайна, навокал неспакой, трывога, небяспека, зацятая барацьба, а яны, стаіўшыся, мараць аб сваім шчасці, аб сваім будучым жыцці!

Праз колькі дзён пасля гэтага, сустрэўшы Петрыка, я жартам намякнуў яму, што ён і Тася – яшчэ далёка не дасканалыя тулягі і што разведка ў іх пастаўлена не дужа добра. Петрык дагадаўся, на што я ківаю, і таксама жартам адказаў: «Ды вы ж, дзядзька, свой чалавек, а не фашыст. Чаго ж нам ад вас туляцца?» Разбітны быў хлопец.

Суровыя ж падзеі вайны тым часам ішлі сваёю чаргою. Шмат брахалі гітлераўцы аб сваіх перамогах на шматлікіх франтах вайны. Калі б ім верыць, дык Чырвонай Арміі ўжо даўно не было б на свеце, але да нас пачалі даходзіць зусім іншыя весці. Чырвоная Армія перайшла ад абароны ў наступленне і пагнала ворагаў назад. Закруціліся фашысты, ну, як бы сеўшы на шыла. А тут у нас яшчэ шырэй і мацней разгарнулася партызанская вайна. Не толькі шмат дзе пагалоўна знішчаліся варожыя гарнізоны – пачалі біць і цэлыя нямецкія дывізіі з іх танкамі і гарматамі. Вялікую справу рабілі нашы партызаны. Не давалі яны народ у крыўду фашыстам. Каб не яны, нашы героі, мы нічога не ведалі б, што на свеце робіцца... Я вам проста скажу: партызаны жывілі нашу кроў, нашы думкі і пачуцці, падымалі наш настрой, і мы насілі ў сэрцах сваіх веру ў нашу перамогу. Мы верылі і былі ўпэўнены, што партыя збірае такі кулак, ад якога Гітлер рассыплецца ў парахню. Але покі што нам было цяжка. Фашысты лютавалі, і звярынай ярасці іх не было канца. Колькі папалілі яны вёсак разам з жывымі людзьмі! Спалілі тады і той пасёлак, у якім жыла Тася. Ды як спалілі! Усіх, каго захапілі, сагналі ў калгасны свіран і падпалілі яго разам з людзьмі! Сорак сем чалавек загінула ў агні! Хто ратаваўся і выбягаў з агню, таго забівалі эсэсаўцы. На той час Тасі не было ў пасёлку, і яна засталася жывая. Не было дома і бацькі яе, рыбака Максіма. І вось ізноў жа такі выходзіць, што ў чалавека ёсць свой лёс.

Небяспечна стала і нам тут жыць. У хуткім часе пераказаў Петрык партызанскі загад – усім нам у лес падавацца, каб выратавацца ад фашысцкай кары. Папакідалі мы свае двары і хаты, пашыліся ў лясныя гушчары, забраўшы ўвесь рухомы набытак. Вы, пэўна, ходзячы па лесе, збіраючы грыбы, натыкаліся на нашы былыя зямлянкі? Ратаваліся людзі, як хто мог і ўмеў, выбіралі найбольш глухія мясціны. Адны падаліся пад Парню, другія атабарыліся на маладаступных закутках каля рэчкі, а хто зашыўся ў гушчэру каля Врамскага балота. Такі быў наш разлік – хавацца невялікімі групкамі, бо калі захопяць усіх, дык усіх і пабʼюць. Не паспелі мы як мае быць асталявацца на новых мясцінах, як на наш пасёлак зрабіў замах карны эсэсаўскі атрад. Падзякавалі мы тады ў думках партызанам, што далі нам параду ў лес перабірацца. Праўда, не дайшлі карнікі да нашага пасёлка. Аказваецца, партызанская разведка не драмала. Ды сказаць жа, увесь народ дапамагаў партызанам. Загадзя даведаліся яны і пра гэты карны наскок. Падцягнулі свае сілы і зрабілі засаду – вось тут, у канцы поля, не даходзячы да Бабруйскай шашы, расставілі такую пастку, што мала хто цэлы ўвалок свае эсэсаўскія ногі. Ой, якая тут распачалася страляніна, выбухі мін і гранат! І гарматы свае пакідалі эсэсаўцы, не выстраліўшы з іх ні разу. Калаціліся мы, седзячы ў сваіх зямлянках. А калі ўсё сціхла, выслалі сваю разведку. Аказалася, што наш пасёлак цэлы. Немцы ж пасля такой лазні не паказвалі сюды носа, толькі больш сталі лютаваць там, дзе для іх не было перашкод. Мы трохі супакоіліся, асмялелі і ўкрадкам то той, то другі на кароткі час прабіраліся ў свае хаты. Выходзіць з лесу нам не раілі.

Сабралася аднойчы і Анэта, Петрыкава маці, наведацца ў сваю хату. Хацелася ёй спячы для Петрыка баханок хлеба: Петрык ладзіўся ў дарогу, у свой паход, звязаны з партызанскімі справамі. У нас жа, у зямлянках, пастаянных печаў не было. Можна было спячы толькі скавароднік. Нічога не сказала Анэта Петрыку пра намер наведацца ў сваю хату. Так і пайшла цішком. Ішла асцярожна, разглядаючыся і прыслухоўваючыся да кожнага гуку. Нічога небяспечнага яна не заўважыла. Не падыходзячы да хаты, ізноў спынілася, прыслухалася – усё было ціха і спакойна. Крадучыся, прайшла ў хату, прынесла дроў, паклала іх у печ і ўжо хацела падпальваць яе. І вось жа трэба было здарыцца так, што якраз на гэты час з кустоў выкрадаліся немцы! Зірнула Анэта ў акно, і ўся закалацілася. Кінула яна печ і дзежачку з цестам, шуснула ў сені, з сяней на двор. Накінуўшы на плечы адзежыну, пашыбавала ў гэты вось хвойнічак. Да хвойніку, як бачыце, не болей як сто крокаў, а далей хвойнік злучаецца з лесам. Дабегчы б толькі да хвойніку! На яе бяду, немцы згледзелі жанчыну, крыкнулі па-свойму, каб яна спынілася, і самі кінуліся наўздагон за ёю. А хвойнік – вось-вось. Спыніліся немцы, ускінулі аўтаматы, выпусцілі некалькі чарод. Якраз на мяжы поля і хвойніку ўпала Анэта з прабітаю галавою. Так і не паднялася болей на ногі, не спякла Петрыку хлеба ў дарогу.

На другі дзень потайкам падабралі мы няшчасную кабету, зрабілі труну і пахавалі. З усёй Раманавай сямʼі застаўся адзін толькі Петрык. Хто не шкадаваў хлопца, хто не спачуваў яму! Застаўся на свеце адзін, сіраціна, як былінка: ні братоў, ні сясцёр, ні бацькі, ні маткі. А як любілі і дрыжалі над ім бацькі: ён жа самы меншы ў сямʼі, ды і хлопец удалы быў і характарам добры. І колькі гора ўзвалілася на яго маладую галаву! Пахудзеў, небарака, вочы глыбока ў лоб запалі, і сам ён зрабіўся пануры і маўклівы, ды нікому не скардзіўся на сваю бяду і гора. Шкада было мне хлопца. Я не выпускаў яго з вока і сам шукаў выпадку, каб пагаварыць з ім. Але чым далей, тым радзей пападаў ён мне на вочы. Куды ён хадзіў і што рабіў, мала хто ведаў пра гэта. Замкнуўся хлопец у сабе самім. Адна патайная думка авалодала ім: адпомсціць ворагу і за братоў, і за сясцёр, і за бацьку, і асабліва за матку. Ды гэта ён лічыў за сваю асабістую справу і сваім намыслам не палічыў патрэбным падзяліцца са старэйшымі, ну, хоць з тымі ж самымі партызанамі. Апроч заданняў, што даручаліся яму партызанскім камандаваннем, Петрык выконваў і свае асабістыя планы, і на іх адводзіў ён шмат болей часу і настойлівасці, чым на партызанскія заданні. Там на яго пачалі паглядаць скоса: псуецца хлопец, робіцца недысцыплінаваным. А Петрык зрабіўся заядлым паляўнічым на эсэсаўцаў і на паліцаяў. Выследжваў іх усюды – настойліва і ўпарта. І калі ўжо каго з іх падкаравуліць, то ратунку таму не было. Тады Петрык весялеў і адчуваў задаваленне. З часам у яго выпрацавалася асобная звычка і здольнасць знаходзіць ворагаў і распраўляцца з імі. Але і сваімі ўдачамі ён нікому не хваліўся, і свой план трымаў у строгім сакрэце. На дзіва вялікая была ў яго вытрымка. Ды гэта аднаасобніцтва не пайшло на карысць Петрыку. Выпадкам давялося ўсё ж такі сустрэцца мне з ім у лесе. Зірнуў я на яго – сурʼёзны, суровы, губы шчыльна самкнёны, а ў вачах невымоўная пакута. Убачыўшы мяне, ён нібы трошкі прасвятлеўся. Да мяне ён ставіўся, як да блізкага чалавека.

– Ну, як жывеш, Петрык? – пытаю я.

Ён ускінуў свае цёмныя вочы. Нібы канвульсія кранула яго губы.

– Няма ў мяне жыцця, – махнуў хлопец безнадзейна рукою і яшчэ болей нахмурыўся.

– Давай, Петрык, прысядзем ды пагутарым, – кажу я.

У лесе каля нас ляжала старая калода. Мы селі на ёй.

– Петрык! – звярнуўся я да яго. – Многа ў людзей гора, шмат сірат на свеце. Пэўна ж, калі чалавек умірае сам сабою, то гэта не так крыўдна: усе мы людзі, усе і паўміраем у свой час. Але балюча, калі чалавек гіне гвалтоўна ад рукі нахабнага ворага. Цяжэрная навала насунулася на наш народ і на ваш дом. Але ты крапіся, хлопча, вазьмі сябе ў рукі. Не адзін жа ты на свеце. Мы, савецкія людзі – грамадскія людзі. Што не пад сілу аднаму чалавеку, тое адолее грамада. Ты вось глядзі, што было тры гады назад. Заліла тады фашысцкая пошасць нашы землі. Ды яно і не дзіва: напаў на нас Гітлер, як злодзей. Колькі фабрык і заводаў працавалі на яго, а саюзнікі нашы сядзелі, як пабочныя наглядальнікі, ды калупалі ў сваіх насах. А што сталася? Ужо Чырвоная Армія ачышчае ад гітлераўскай погані нашу Беларусь. Пад Бабруйск, ёсць чуткі, падыходзіць. Не цяпер, дык у чацвер і духу фашысцкага тут не застанецца. Кончыцца вайна, іншае прыйдзе жыццё. Працы будзе многа, покі загояцца сляды вайны. Ты ж, Петрык, малады, усё тваё жыццё наперадзе, і твае раны загояцца з часам... Ды і не адзін жа ты, хлопча: ёсць у цябе друг – успомні Тасю.

Тут мой цёзка прымоўк, уздыхнуў.

– Ведаў бы я, – казаў ён далей, – не напамінаў бы яму пра Тасю. Сашчаміў мой Петрык рукі, палажыў іх мне на плячо, а галавою прынік да маіх грудзей і ўвесь здрыгануўся ад немага, здушанага плачу. «Што з табою?» – пытаю. Некалькі хвілін уздрыгваў хлопец і, крыху супакоіўшыся, з перапынкамі, выціскаючы кожнае слова, сказаў:

– Тасю... забрала... гестапа!

Гэтыя словы, як біч, стукнулі і па мне. На момант я анямеў. Адно я зразумеў, як моцна пакахаў Петрык Тасю, і страта яе – найбольшы ўдар для яго. Трохі памаўчаўшы, я сказаў:

– Петрык, не ўсё яшчэ прапала. Ідзі да партызан, раскажы ім усё чысценька: яны падтрымаюць, памогуць табе, пастараюцца вызваліць Тасю. Вазьмі толькі сябе ў рукі, будзь мужны і не траць надзеі.

Гаварыў я, але і сам не дужа верыў у тое, што гаварыў. Даступіцца ў мястэчка, у якое адвялі Тасю, было не так проста і лёгка. Мястэчка было дужа ўмацавана. Там былі нямецкія базы, склады, а самае галоўнае – не было подступаў, і ахоўвалася мястэчка буйным нямецкім гарнізонам. А не было ў мяне веры таму, што я сам не ўсё ведаў, на якія геройскія ўчынкі здольны нашы партызаны, якія трудныя і складаныя, куды цяжэйшыя задачы вырашалі яны. І выходзіла так, што я даваў Петрыку найлепшую дараду. Не ведаю толькі, у якой меры дайшла яна да яго розуму. Нічога ён не сказаў мне. Як відаць, у яго быў нейкі свой план, і гэты план ён наважыўся выпаўніць адзін. Што накіравала яго на гэта, не ведаю. Праз пару дзён забег ён да мяне і сказаў, што збіраецца ў дарогу.

– У якую ж дарогу збіраешся, Петрык? – запытаў я. Ён адказаў мне, што гэта вялікі сакрэт, аб якім не мае права нікому гаварыць, а вось калі я ўжычу яму хлеба, кавалак сала і, калі можна, трохі грошай, дык ён будзе вельмі ўдзячны мне. Ну, што ж? Сакрэт дык сакрэт. І сапраўды, могуць жа быць такія рэчы, аб якіх нікому не трэба гаварыць. Апроч таго, не хацелася мне залазіць у юначую душу і растраўляць раны сэрца, тым болей што ён усё роўна нічога не сказаў бы мне. Такая ўжо была яго натура.

Выправіўся Петрык у свой паход. Густымі зараснікамі і хмызнякамі, выбіраючы найболей глухія, воўчыя сцежкі і абмінаючы людскія сядзібы, накіраваўся Петрык – куды б вы думалі? У мястэчка, у гестапаўскую пастку! Адна думка валодала ім, адно пачуцце цягнула яго туды – пабачыць Тасю і выратаваць яе. Загадзя, потайкам дамовіўся ён з адным паліцаем, даверанаю гестапаўскаю падлюгаю. Гэты паліцай, вырадак без сумлення і чалавечай годнасці, браўся за пэўны хабар наладзіць пабачэнне Петрыка з Тасяй. Вось для чаго спатрэбіліся Петрыку грошы. Нават дзве залатыя пяцёркі, што хавала яго нябожчыца маці, як памятку далёкіх часоў, перайшлі ў рукі паліцая. Пра сваю змову з Петрыкам паліцай, каб выслужыцца, расказаў гестапаўскаму начальніку. Гестапавец скеміў, і ў галаве яго злажыўся план: выкарыстаць Петрыка і Тасю ў барацьбе з партызанамі.

Гестапаўскі обер-лейтэнант вельмі ветла прыняў Петрыка ў сваім кабінеце. Як хітры стары ліс, падʼязджаў ён да хлопца і так і гэтак, агітаваў яго на ўсе лады, абяцаў яму бог ведае што. І скончыў сваю размову абяцаннем выпусціць Тасю на волю, калі толькі Петрык згодзіцца служыць разведчыкам для «вялікай» справы Гітлера. Прычым гестапавец даў зразумець Петрыку, што яму, гестапаўцу, вядома пра сувязь Тасі з партызанамі, а таму яе чакае жорсткі допыт, і калі яна не прызнаецца, не скажа ўсёй праўды, яе будуць катаваць, а потым павесяць.

Толькі цяпер для Петрыка стала ясна, у якое пагібельнае прадонне, у які бруд залез ён праз сваю ўласную дуроту. І на якую дарогу скіроўвае яго гестапавец! Адна думка, адно жаданне ахапілі цяпер Петрыка: выбрацца з гэтай багны, з гэтага балота, куды цягне гестапавец. У гэты момант нават Тася адышла ад яго кудысь убок. Гнусны вобраз паліцая паўстаў зараз перад Петрыкам. Гестапавец жа адчуваў такую ж асалоду, якую адчувае павук, залучыўшы муху ў сваё ліпкае павуцінне.

– Ну, то як будзе: згодзен? – запытаў гестапавец.

Петрык апусціў галаву, задумаўся на хвіліну, а потым зірнуў на гестапаўца і сказаў:

– Выдайце мне такі пропуск, каб мяне не затрымлівала нямецкая варта.

– Гут, гут! – пахваліў Петрыка обер-лейтэнант і распарадзіўся выдаць Петрыку пропуск.

Петрык і сам яшчэ добра не ведаў, для чаго раптам загаварыў ён пра такі пропуск. Мільгнула нейкая думка ў галаве, няясная і неакрэсленая, імгненная, як маланка. І толькі трошкі счакаўшы, у Петрыкавай галаве ўсё стала на сваё месца: пропуск гэты спрыяў яму для расправы з гестапаўцам.

Тасі Петрык не пабачыў: такую сустрэчу і нават вызваленне дзяўчыны гестапавец абяцаў Петрыку тады, калі ён зробіць сапраўдныя паслугі і на справе давядзе, што не ашуквае гестапа. Перадачу для Тасі ад Петрыка прыняў паліцай Хрулька. Гэта быў злачынец супраць савецкай улады. Яго судзілі і выслалі, а ў часе вайны ён паявіўся ў нашых мясцінах. Прымаючы перадачу, Хрулька падміргнуў Петрыку і ўсміхнуўся. Гэта паскудная ўсмешка і ўсё аблічча паліцая доўга не выходзілі з вачэй Петрыка. Пайшоў наш Петрык з мястэчка, нібы абліты памыямі, яму было прыкра. Ён гатовы быў кусаць сябе самога: як нізка паў ён у сваіх вачах!

Дні два сланяўся Петрык па лесе, па зацішных кутках, адзін, як воўк. Думкі яго былі заняты адным: як вызваліць Тасю і як латвей паквітацца з гестапаўцам і з паліцаем Хрулькам, каб ачысціцца ад іх бруду.

Не пайшлі на карысць Петрыку мае дарады, а яму і цяпер яшчэ было б не позна расказаць пра ўсё партызанскаму камандзіру. Тым жа часам, адарваўшыся ад народа і сланяючыся адзін, як звер, Петрык нічога не ведаў, што адбывалася на фронце. Не ведаў ён, што нашы арміі загналі гітлераўцаў у Бабруйскі «кацёл» і ўсімі дарогамі хутка рухаліся на Мінск. Забегалі фашысты, як каты з падсмаленымі хвастамі, і ўсе, хто толькі мог уцякаць, задалі лататы ў бок свае Германіі. І вось, калі Петрык пракрадаўся ў мястэчка, ніводзін нямецкі патруль не запытаў пропуска, бо ніводнага немца ўжо тут не было.

Паліцай Хрулька, разгублены і збянтэжаны, з выглядам пабітага сабакі, выладзіўся ў дарогу следам за сваім гестапаўцам. Ён першы даведаўся, што гестапавец кінуў яго, як непатрэбную псіну, і з усёй сваёй капэліяй задаў драпака. У такім выглядзе сустрэў Петрык паліцая. Убачыўшы Петрыка, Хрулька кінуў на яго, як зладзей, свой зрок. Свіныя вочкі паліцая забегалі, як мышкі.

– Капут! – з роспаччу ў голасе прамовіў Хрулька і безнадзейна махнуў рукою.

– Ратуйся, хлопча, як можаш... Ато пойдзем разам, бо мы ж цяпер, як-ніяк, сябры, – дадаў Хрулька.

Петрык глядзеў на паліцая з агідаю і недаўменнем.

– Ідуць чырвоныя, а немцы задалі лататы і кралю тваю павезлі ў Германію, – растлумачыў паліцай і, у сваю чаргу, зірнуў на Петрыка, выскаліўшы пярэдні зуб, шырокі, як цясла. Памуцілася ў Петрыкавых вачах. Прасторны свет звузіўся, нібы замкнуўся паліцаем. Як прышыблены громам, стаяў Петрык.

– Ну, ты сабе стой, а мне няма калі займацца зараз палітыкай, – азваўся паліцай і памкнуўся ісці.

– Пастой, – сказаў Петрык, – пойдзем разам! Як толькі выйшлі яны з мястэчка, Петрык азірнуў наваколле і ўсутыч падступіў да паліцая. У руцэ Петрыка ў момант бліснуў нямецкі кінжал. Не паспеў Хрулька ні адхіснуцца, ні прамовіць слова, як Петрык з сілаю ўсунуў шырокі нямецкі штык-нож пад рабрыну паліцаю. Нема крыкнуў Хрулька і асунуўся на дол.

– Канай! Падыхай тут, гадзіна, гестапаўская псіна! – злосна прамовіў Петрык і кінуў паліцая аднаго на дарозе з нямецкім кінжалам пад рабрыною.

Доўга блукаў Петрык па лясах, па тых мясцінах, дзе знаходзіліся яшчэ не так даўно партызанскія станы. Ды партызаны за гэты час у сувязі з падзеямі на фронце падаліся ў другія месцы, а сувязь з партызанскім камандаваннем Петрык страціў па сваёй віне. Нарэшце прыстаў ён да адной нашай вайсковай часці. Яго адвялі ў штаб. Расказаў там Петрык пра ўсё, што здарылася з ім за апошні час, нічога не ўтойваючы. Расказаў і пра партызанскіх камандзіраў, чые загады ён выконваў. Яго расказ і паказанні праверылі. Злачынства перад народам Петрык не зрабіў, але выявіў сябе як недысцыплінаваны партызан, які меў зносіны з ворагамі. Пад увагу прынялі ўсе акалічнасці: і моладасць, і каханне, а таксама і забойства паліцая, а яно было ўстаноўлена.

Петрыку даравалі яго праступкі і далі яму поўную волю. Ён папрасіўся залічыць яго байцом Чырвонай Арміі. Дужа хацелася Петрыку дайсці разам з ёю да Германіі: у яго была надзея знайсці Тасю. Яго залічылі ў армію. Але ці дайшоў ён да Германіі, невядома. Які быў яго далейшы лёс, не ведаю. Так аб ім і чуткі зніклі.

Вось і ўся гісторыя пра гэту хату. А Тася, як стала вядома, сапраўды апынулася ў Нямеччыне. Яе вызвалілі нашы воіны. У скорым часе яна выйшла замуж за нашага лейтэнанта.

– Эх, вайна! – уздыхнуў мой цёзка, скончыўшы сваё апавяданне пра асірацелую хату, і дадаў: – Пала гітлераўская Германія. Гніюць дзесь косці Гітлера, што збіраўся заваяваць усе дзяржавы. Савецкі ж Саюз, як волат, стаіць над светам, збіраючы з кожным годам усё болей і болей сілы, стаіць, як крэпасць міру, надзея ўсіх простых людзей на зямлі.

 

Вобразы і малюнкі нябачанай у свеце вайны ажывалі ў памяці, калі я слухаў просты, праўдзівы і сумны расказ брыгадзіра. Сэрца поўнілася яшчэ большаю нянавісцю да самых закаранелых злачынцаў на зямлі, да падбухторшчыкаў новай вайны.

Як добра было б жыць на свеце, калі б іх праглынула зямля!

Цешу сябе надзеяй, што так яно і станецца.

[1951]


[1951]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6