Абнаглеў без меры дучэ,
Топча ўсе законы:
Лезе гэта гною куча
У Напалеоны!
Цэзар ліпавы, спыніся
У сваім разгоне:
Псеўдацэзараўскіх місій
Хопіць на сягоння.
Годзе сеяць прагавіта
Шкодную заразу!
Ці не час пазваць бандыта
Да суда, адказу?
Годзе шворыцца па моры
У ралях піратаў.
Час пакончыць разгаворы
З шайкаю праклятай!
Запішы, запомні гэта,
Майстар ад фашызма:
Не даруе край Саветаў
Таго бандытызма!
Абнаглеў без меры дучэ,
Славы ўсё шукае.
Лопне, лопне немінуча
Бурбалка пустая!
[1937]