epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Моладасць

Чым успомніць цябе, моладасць,

Жыцця светлага ты раніца?

Прылятае вясна мілая,

Ды вясна мая туманіцца.

 

Дзе вы, думкі мае чыстыя,

Майго сэрца дзеткі мілыя?

Як жылося лёгка з вамі мне

У дні шэрыя, пахілыя!

 

І не раз мяне вы цешылі

Ў ночку цёмную, бяссонную,

Хоць на момант засланялі вы

Ад вачэй нуду бяздонную,

 

Дзе ты, краска-зорка ясная?

Між народу ты свяцілася,

У глухім кутку забытая,

Па жыцці ты ўсё смуцілася.

 

Ці цвіцеш ты, ці засохла ты

У краі тым, адзінокая?

Ці ёсць іскра агню Божага,

Мая ластаўка далёкая?

 

Чым жа ўспомніць цябе, моладасць,

Мая раніца ты хмурная?

Незаметна ты ўсё тлелася,

Як лучына тая курная.

 

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910