epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мурашкі і іx будова

 

 

Скажыце, дзеці: хто з вас не бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай з жоўценькага пясочку? Хто з вас не разграбаў гэтых кучаў, саўсім не думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлак, каторыя зрабілі сабе прытулак, нанасілі гэтыя кучы? Колькі топчаце іх без усякай патрэбы? Хто з вас, гуляючы, не ўзбягаў на гэтыя круглыя горкі, каб толькі пацешыць сябе? Гэтыя горкі насыпаў не хто другі, як маленькія, вечна працуючыя мурашкі. Разварочваючы муравейнік (мурашнік), вы і не падумалі нават, якую бяду прычыняеце вы мурашкам, ніколі не прыходзіла вам у галаву бліжэй разгледзець мурашнік, пабачыць, як хітра і замыславата ён зроблены. І каб вы ўсё гэта разгледзелі як мае быць, то вы падзівіліся б здольнасці мурашак строіць хітрыя хаты.

Мурашнікі сустракаюцца найбольш па краях лесу і строяцца ў тым мейсцы, дзе свеціць сонца. Месцы для будовы мурашкі выбіраюць сухія і строяць свае кучы каля хвой, ялін, бярэзін, часта каля пня. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схаванку мурашкам і ад холаду, і ад спякоты, і ад дажджу. Раскапайце на цікавасць муравейнік пасля самага вялікага дажджу, і вы ўбачыце, што ён прамок на паўпальца, не болей, а ў сярэдзіне ён саўсім сухі.

Як жа робяць мурашкі такія выгодныя хаты? Сваю будову мурашкі пачынаюць знізу. Капаюць у зямлі сабе норы, пясок і каменьчыкі выносяць наверх: гэты матэрыял для іх згодзіцца пры далейшай рабоце. Мурашкаў у мурашніку многа, але ніводная не астаецца без працы. Адны мурашкі капаюць зямлю, робяць ніжні этаж, а другія ідуць у лес па дрэва для верхняга этажа. А матэрыял іх усюды пад рукамі: зямля пакрыта леташнімі лісцямі, сухімі хваёвымі калючкамі, саломкамі высушанай травы. Усё гэта збіраецца борзда, носіцца і кладзецца перш без асобага парадку, але так, што стрэха, катораю накрываецца ніжні этаж, стаіць унізу хода пад зямлёю. Другія мурашкі беспрастанку выносяць зямлю, пясчынкі, маленькія каменьчыкі, усім гэтым абкладаецца і мацуецца аснова першай стрэхі. Аснова гэта дзень ада дня большае, і матэрыялы не наваліваюцца як папала. На першай стрэсе мурашкі ставяць другую так, каб меж стрэхамі можна было вольна хадзіць мурашкам. Тут яны робяць гібель усякіх перагародак, клетачак, пастаўленых хоць і не саўсім складна, затое моцна і выгодна. Гэта надта хітрая і галаваломная работа. Каб зрабіць клетачкі, хаткі, сенцы, усялякія перагародкі, яны кладуць наўперад сухія палачкі, саломкі, камочкі так, каб потым іх можна было лёгка дастаць, як на гэта будзе патрэба. Палачкі і саломкі прыкрываюцца злёгку кусочкамі лісця і ўсякаю драбязою, і ўжо на гэты слой кладзецца другі, шмат шчыльней і мацней. Тут ужо кожная сухая травінка захватывае і пераплятае дзесяткаў паўтара саломак і палачак. Апрыч таго, тут жа патрэбуецца і трошкі зямлі, каторая выносіцца знізу: работа ў мурашак ідзе разам і ўнізе, і наверсе. Як гатоў другі слой, другая стрэха, у каторай робіцца шмат дзірак, яны дастаюць тыя матэрыялы, каторыя трымалі гэту стрэху, і выносяць наверх, а пакідаюць адны толькі падпоркі. І такім парадкам робіцца, выходзіць новы этаж, у каторым ёсць і маленькія хаткі, і сенцы, і ўсякія куткі і закавулкі, каторыя, праўда, не саўсім далікатна зроблены, але выгодныя для мурашак, каторыя за хараством не вельмі гоняцца. У гэтыя хаткі мурашкі кладуць свае мяшэчкі. А каб стрэхі, каторых мурашкі наробяць з дваццаць, не раскідаліся, мурашкі склейваюць падпоркі зямлёю, каторую мочаць на дажджы і сушаць на сонцы.

Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што тысячы мурашак поўзаюць, бегаюць, круцяцца, гіжаць (кішаць) наверсе без усякага парадку: тая цягне сухую хваёвую калюшку, другая – саломку сухога лістка; там дзве або тры валакуць невялічкі сучок. Церпяліва следзючы за работаю мурашак, можна замеціць, што ўходныя дзверцы мурашніка мяняюцца з часу на час. Сярод дня мурашкі свабодна сустракаюцца ў гэтых дзверцах і разыходзяцца нават са сваімі ношамі. Пад вечар гэтыя дзверцы памаленьку звузкаюцца і ў канцы зачыняюцца зусім, і пасля гэтага ўсе мурашкі хаваюцца ў сярэдзіну мурашніка. Пільна пазіраючы, лёгка ўбачыць, як зачыняюць мурашкі свае дзверы. Наўперад яны ставяць слупкі наабапал уходу і не проста прыстаўляюць іх да сцен, але ўтыкаюць у пустыя месцы меж саломак і калюшак; потым замуроўліваюць дзюркі меж слупкамі і сцяною мурашніку матэрыялам болей лёгкім. У канцы ўсё гэта закрываецца кавалачкамі сухога лісця.

Назаўтра рана, чуць толькі ўзыдзе сонца, пойдзем зноў к муравейніку і пабачым, што там робіцца. Па версе ўжо поўзае некалькі мурашак. З-пад маленькіх шалашыкаў над дзверцамі выпаўзае яшчэ некалькі, і пачынаецца работа. Самая першая работа мурашак – адчыніць дзверцы. Слупкі, саломкі, кавалачкі лісцяў дастаюцца і складаюцца над дзверцамі, каб, як на тое здарыцца патрэба, можна было зноў зачыніць борздзенька шырока адкрыты ход. І ўсякі летні дзень ідзе такая работа, апрыч ласне дажджлівых дзён: у нягоду дзверы ў мурашніку шчыльна зачыняюцца. Калі зранку неба хмурна, то мурашкі робяць у дзверцах маленькія дзюрачкі, і як толькі пачне падаць дождж, яны жывенька зачыняюць іх наглуха.

 

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5