epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мужычая доля

Колька таго веку,

І той надаядае:

 

Мала чалавеку

Шчасця выпадае,

 

Няма сэрца ў долі,

Праўды у людзей;

 

Пахаваўся бы у полі,

Здаецца, скарэй,

 

Каб не бачыць гора

Цяжкага людскога,

 

Каб не чуць і спора

Горкага, ліхога.

 

Бедната ліхая

Прабярэ да пятак:

 

Грошай не хватае

Нават на падатак.

 

Ці настане лета,

Трэба жар цярпець.

 

Уставай чуць света

І на поле едзь —

 

Бяры серп у рукі,

Гніся цэлы дзень,

 

Нацярпішся мукі

За весь доўгі дзень.

 

А жыта благога

Сярпом не злавіць:

 

Кальва ад другога

За пядзю тарчыць.

 

Цяжкую работу

Робіць чалавек.

 

Колькі таго поту

За свой вылье век!

 

Колькі тае сілы

Паложыць за год!

 

Трашчаць проста жылы,

Коціць градам пот.

 

Ох, ліхая доля

Нам ўсё выпадае!

 

Саўсім мала поля,

Хлеба не хватае.

 

Дорага прыходзіць

Хлеба нам кусок.

 

Многа слёз гарачых

Выльеш на пясок.

 

Што за жыцце наша?

Клопат ды трывога.

 

Вузка сцежка наша,

Трудная дарога!

 

 

[1898–1902]


[1898-1902]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910