На мужычым полі
Цягнецца палоска...
Зелле яе глушыць,
Абвіла бярозка.
Навальніца з градам
Каласы скруціла,
Ветрам паламала,
Дожджыкам прыбіла.
Сіняя валошка,
Травы разрасліся,
Палыны на межах
Густа упляліся.
Ой, мужыча ніва!
Ты – сіротка ў полі:
Няма табе шчасця,
Няма табе долі!
Ой ты, ніва наша!
Ці ж ты не арана?
Ці ж мужычым потам
Ты не палівана?
Ці то кепска сонца
Свеціць над табою,
Што зрасла ты густа
Дзікаю травою?
Заплылі вадою
Ўсе твае разоры,
Пакапалі мышы
Па загонах норы.
Птушкі ў Божым небе
Плачуць над табою,
Што зрасла ты, ніва,
Палыном, травою...
На мужычай ніве
Каласы пустыя...
Ці не шкодны полю,
Слёзы вы людскія?!
1906–1907