Я — мужык, бядак пахілы,
Ўсе ўшчуваюць мужыка.
Цягнуць кроў з яго і жылы,
Надрываюць яго сілы,
Ў мазалях яго рука.
Я — мужык, я — сын пакуты,
На мякіне вырас я,
Гічанамі пуза ўздута,
Ногі ў лапцікі абуты,
Бедна вопратка мая.
Я — мужык, я — сын бядоты,
Недаем і недасплю,
Гне мяне цяжар работы,
Дзень працую за два злоты,
Здзекі ўсякія цярплю.
Я — мужык, не чую звону,
Толькі ж есць мяне чарвяк:
Ці не брэша поп з амбону,
Што цару Бог даў карону?
Ой, не, мусібыць, не так!
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
[1909]