Я – мужычы сынок,
Ні двара, ні кала,
Поле – жоўты пясок,
Хата ў землю ўвайшла.
Не жыву, а гнію,
Прападаю, як мыш...
Глянь на долю маю,
Глянь на цяжкі мой крыж!
Я балоты сушу,
Надрываю жывот,
Я за бесцань кашу,
Рыю землю, як крот.
Ўсе вуглы і куты
Сваім целам я змёў,
Ссек і лес, і кусты,
І дарогі правёў,
Ды не езджу па іх,
А хаджу пехатой
Ў рваных ботах старых,
Часцей босай нагой.
Збудаваў я палац,
Многа фабрык, мастоў.
Сам жа голы, як бац, –
Пары дзве рызманоў.
Пад аконнем не раз
Я з мяшэчкам хадзіў,
Міласціны у вас
Хрыстом-Богам прасіў.
Мяне мочыць раса,
Мяне сонца пячэ,
А у песнях маіх
Сляза ціха цячэ,
Я па свеце хадзіў,
Косці ўсюды занёс,
Я на землю праліў
Многа слёз, многа слёз.
То не дуб у бары
Заскрыпеў, застагнаў –
Гэта я без пары
Богу душу аддаў.
Нудна звоняць званы,
То мацней, то замруць,
Адзін дзяк ля труны –
Гэта прах мой нясуць.
На магілцы маей
Крыж трухлявы стаіць,
А над прахам касцей
Вольны вецер шуміць.
Я – мужычы сынок,
Я не маю дарог.
Мая школка – шынок,
Маё жыцце – астрог.
[1908]