epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Музыкі

Жылі-былі асёл, сабака, кот і певень.

Калі яны пастарэлі, дык гаспадары павыганялі іх з двара. Вось раз уночы сышліся ў лесе гэтыя выгнаннікі. Пазнаёміліся, здружыліся. Пачалі думаць, як на свеце ім жыць, чым заняцца. Самы разважлівы з іх, асёл, і кажа:

— А давайце спрабуем быць музыкамі.

Усім спадабалася такая думка, бо кожны з іх лічыў сябе артыстам у справе музыкі. І сапраўды ж: певень, як вядома, спявак з уроды, кот таксама, а сабака не толькі гаўкае, але і выць умее. Ну, і асёл з голасам, іначай ён і думкі такой не падаваў бы. Выстраіліся прыяцелі і пайшлі: асёл паперадзе, сабака за аслом, кот за сабакам, а певень за катом. Ідуць яны, аж бачаць — далёка ў лесе хата стаіць. Спыніўся асёл.

— Давайце заспяваем! — кажа ён. — Сядайце на мяне!

Разагнаўся сабака, ускочыў на спіну аслу, кот сеў на сабаку, а певень на ката, ды як гаркнулі ўсе разам, ды на свой лад, дык аж лес задрыжэў. Звяры папалохаліся і пахаваліся хто куды.

— Добра выйшла! — пахваліў асёл.

Падышлі яны да самай хаты.

— Пачынай! — камандуе асёл.

Як грымнулі музыкі, дык аж хата затрэслася. А ў той хаце жылі бандыты. Папужаліся яны і кінуліся наўцёкі. Адчыніў асёл дзверы, і ўся капэла ўвайшла ў хату. А там яды і рознага дабра не злічыць. Наеліся, напіліся артысты і пачалі нанач ладзіцца.

— Як я заўсёды на сметніку сплю, дык і сёння я лягу на сметніку, — кажа асёл.

— А я прывык спаць каля дзвярэй, дык і тут каля дзвярэй лягу, — азваўся сабака.

— А мне месца заўсёды на прыпечку, і сёння займу я прыпечак, — падае голас кот.

— А я прымайструюся на жэрдачцы пад страхой: такі ўжо звычай завялі мае бацькі і дзяды, — кажа пеўнік.

Размясціліся сябры і паснулі.

А бандыты гэтым часам у лесе стаіліся ды разважаюць, хто ж гэта перапалохаў іх і што сталася з іхняю хатаю. Пасылаюць аднаго бандыта.

— Ідзі, — кажуць, — праведай, што там робіцца.

Падыходзіць бандыт да сваёй хаты. Ціха, нічога не чуваць. Заходзіць у хату — цёмна, нічога не відаць. Дастаў ён з печы смалячок, ідзе да прыпечка, каб агонь запаліць. Аж бачыць — два вугольчыкі блішчаць. Хацеў выгарнуць, а кот кіпцюрамі як драпане па руцэ! У таго і кроў пайшла. Кінуўся бандыт з хаты, а каля парога сабака як рване яго за сцягняк! А тут і пеўнік як зляціць з жэрдачкі ды як дзюбане бандыта па галаве! Бандыт кулём за плот коціцца, а там асёл як штурхане яго нагою! Бандыт разоў тры перакуліўся ды бегчы ў лес! Прыбягае і расказвае:

— Быў я ў нашай хаце — бяда! Нейкая сіла заняла яе! Хацеў на прыпечку вугольчыкі раздзьмухаць, аж нехта шась мяне нажом па руцэ. Кінуўся ўцякаць, а мяне хтось каля парога па назе шабляй. А другі, як дʼябал, з-пад страхі вырваўся ды капʼём мне ў голаў. Цераз плот пераскочыў, а там хтось даўбешкай як стукнуў мне, разоў тры перакуліўся я... Прапала наша хата! Уцякайма!

Паўцякалі з гэтага лесу бандыты, і іх палавілі. А спевакі асталяваліся ў той хаце, жывуць-пажываюць і бяды-ліха не знаюць.

[1936]


[1936]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7