epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На Новы год

Чым пацешыш ты нас, Новы годзе?

Што нясе нам вясна малада?

То не голас пусты у народзе:

То пытае людская бяда!

 

Мы ўзышлі на парог, пазіраем —

Шчыльна дзверы замкнёны ад нас;

Ў рад павіслі замкі... Мы чакаем,

Бо знаць хочам скарэй мы пра час,

 

Калі ўступім у дом, што вякамі

Будавалі, вякамі ішлі,

Усцілаючы сцежку касцямі,

Каб свабодна ўздыхнуць мы маглі...

 

Год настаў, год мінуў — нічагутка,

А ты стаў на парозе і стой

Ды з трывогай пытай, ці ёсць чутка

Аб зямельцы, аб праўдзе святой.

 

Атупелі мы ў нашай нягодзе, —

Холад, голад, гарэлка, суды...

Чым пацешыш ты нас, Новы годзе?

Што нясеш ты нам, год малады?

 

[1914]


[1914]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938