epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На чыгунцы

I
II
III


I

 

Івась нікому не зайздросціў – можа затым, што быў яшчэ зусім малы і мала знаў жыццё; толькі ж цяперашняй свае долі не памяняў бы ён на долю панскага сына, хоць сам Івась быў толькі сын будачніка.

Будка іх стаяла адна ў полі, пры саменькім лесе, праз які смела і размашыста пралягла чыгунка. Невялічкі дворык іх быў агароджаны прыгожым частаколам. Пад аконцам, што выходзіла ў бок чыгункі, раслі кветачкі і красаваўся пышны мак, а з невялікай градкі выкідала цыбуля, як пшаніцу, свае стромкія перʼі. На двары, каля самай будкі, замест стала стаяў высокі гладкі дубовы пень з роўна абрэзаным верхам. У святочны дзянёк, у добрую пагоду, сямʼя будачніка піла тут чай. Высокі разложысты дуб распасціраў свае тоўстыя лапы над дворыкам будачніка, хаваючы зялёную травіцу ад гарачага сонейка. Івась гадаваўся адзін. Апрача курэй, пеўня і сабачкі Жучка, у Івася не было таварышаў. Затое ж хто, як не Івась, знаў хараство летняй раніцы ў полі? Каму, як не яму, былі вядомы ціхія шэпты старога лесу на захадзе сонца? Хто лепш за яго разбіраў птушыную гаворку? І хіба мала здавальнення паслухаць, як крэкчуць жабы ў зялёным балотцы? Сам Івась прызнаваўся ў сваім сэрцы, што такога прыгожага кутка не знойдзеш нідзе на свеце... А чыгунка?

Не, каб адчуць усю паўнату гэтага хараства, гэтых чараў чыгункі, што праходзіць тут, трэба бачыць яе на свае вочы, трэба палюбавацца ёю ў ясны веснавы або летні дзянёчак. Роўная, як струнка, доўгая – вокам не акінуць – рассекла яна лес сваім смелым махам на дзве палавіны, і хто яе ведае, куды яна дзяецца, выскачыўшы з лесу. Івасю моцна хацелася выбрацца ў дарогу, паглядзець, што знаходзіцца там, за лесам, над якім заўсёды вісела сіняватая смуга, толькі гэта ніяк яму не ўдавалася. Прызнацца, ён трохі баяўся далёка адыходзіцца ад дому.

Была яшчэ адна прычына любіць чыгунку. Івась ніколі не прапускаў здарэння сустракаць пасажырскі поезд: колькі разоў добрыя людзі выкідалі Івасю праз акно вагона то цукеркі, то пустыя бляшанкі, што вельмі радавала малога Івася і рабіла яго проста-такі шчаслівым.

Івась не меў яшчэ свайго занятку і быў вольны, як тое паветра палёў, на якім ён гадаваўся. Часта бегаў ён на чыгунку паглядзець, як яго бацька падмятае, чысціць палатно дарогі, як прабуе, ці моцна сядзяць гайкі. Усё гэта цікавіла Івася, і ён так углыбляўся ў бацькаву работу, што забываўся нават аб сваім носе.

– А навошта ты падкручваеш гэтыя шрубы? – пытаў Івась бацьку.

– А каб рэйкі мацней трымаліся, – адказваў бацька. – Будуць замацованы дрэнна – поезд можа сысці з рэек, зробіцца няшчасце, людзі пагінуць.

Івась зараз жа думаў аб тым, які малюнак уяўляў бы сабою поезд, сышоўшы з рэек. Скура яго шорхла, мурашкі бегалі па целе ад гэтых думак, і ён яшчэ пільней наглядаў за тым, ці ўсе гайкі правераны, а калі бачыў, што бацька мінаў каторую, то зараз жа звяртаў на гэта яго ўвагу.

– Бач ты, майстар дарожны, – гаварыў бацька і, каб зрабіць прыемнае сыну, прабаваў гайку.

– Каб не ты, то было б крушэнне, – жартаваў бацька, а Івась думаў, што гэта праўда, і ад радасці не памятаў, на якім ён свеце.

 

 

II

 

Новае жыццё, новыя думкі прынесла з сабою вайна. Івась ніяк не мог растлумачыць сабе, што за рэч такая – вайна; толькі потым, па меры таго як ён прыслухоўваўся да гутаркі старэйшых, у ім злажыўся страшны вобраз вайны. Вайна, у думках Івася, – нешта асобнае, незалежнае ад волі людской. Гэта была страшная кабеціна, што бадзяецца па свеце, і, дзе яна ступае, там робяцца пажары і разбурэнне страшнае. Вакол яе гінуць людзі і рэчкамі цячэ чалавечая кроў. Гэтую лютую бабу-вайну выпусцілі на свет немцы; за гэта нашы салдаты і ідуць на немцаў. Перш ім трэба зваяваць сваіх ворагаў, а тады ўжо злавіць страшную кабеціну і замкнуць яе ў такі глыбокі калодзеж, адкуль яна і не вылезе. Тады і настане на свеце спакой. Івась кожны дзень бачыў, як валілі адзін за другім паязды з салдатамі. Адкуль яны толькі браліся? Загарэлыя, здаравецкія, – здавалася, не ведалі яны ніколі ніякага гора і бяды: у кожным поездзе грымеў гармонік, вясёлыя дружныя гукі песень заглушалі шум вагонных колаў, крэпкія салдацкія ногі неахвотна стаялі на месцы – то тут, то там рыхтаваліся яны крутнуцца, разысціся ў заліхвацкія скокі, і толькі няхватка прастору стрымлівала іх парыванні. Усё гэта моцна захапляла Івася. Поезд з салдатамі аддаляўся, меншыўся і ў канцы зусім прападаў з вачэй далёка ў тым лесе, куды бегла і сама чыгунка. А Івась стаяў, думкі-вобразы ціха снаваліся над яго маленькаю галоўкай і калыхалі яго сэрца яшчэ невядомымі жаданнямі. Яму самому хацелася быць салдатам і ехаць у гэтую прыгожую, чароўную, невядомую далечыню, якая так моцна парывала да сябе Івасёву душу. Бачыў Івась, як на доўгіх платформах везлі страшныя гарматы на велізарных колах. Пазіраючы на ўсё гэта, Івась не так баяўся вайны, і яна здавалася яму нават вясёлаю.

– І куды яны едуць і едуць? – пытаў Івась у бацькі.

– На вайну,– адказваў коратка бацька і ўздыхаў.

– А чаму іх так многа?

– Многа? І ворагаў многа, сынку.

– Ну, а што пачнуць там рабіць, як сыдуцца ўсе?

– Ваяваць будуць.

– А як будуць ваяваць?

– Як ваяваць будуць? – перапытваў бацька і разгінаў спіну – ён чысціў і падмятаў палатно чыгункі. – А вось: немцы і аўстрыякі будуць націскаць на нашых, нашыя на іх, пачнуць жарыць з гармат адны ў другіх, з вінтовак і кулямётаў і будуць усё сходзіцца, а як сыдуцца – будуць калоцца штыхамі – во гэтак!

Тут бацька намерыўся памялом у Івася, нібы збіраючыся прабіць яго. Івасёў бацька маляваў бой па-свайму. Івась слухаў, раскрыўшы рот.

– А ім баліць? – спытаў Івась.

– Каму?

– Тым, што гэтак бʼюцца.

– Усяляк, сынок, бывае: каго раняць, таму баліць, а насмерць забʼюць – нічога і не ўчуеш.

– А я не біўся б.

– Як-то не біўся б? Быў бы салдатам, то мусіў бы ваяваць, сынку.

І другія думкі пачыналі варушыцца ў галаве Івася. Цяпер яму робіцца крыху ясней, чаму сярод салдатаў пападаліся і такія, на чыіх тварах адбіваўся смутак і гора. Мусіць, ёсць з чаго засмуткаваць, занудзіцца чалавеку! І яшчэ: бачыў Івась, як з другога боку, з-за таго невядомага лесу, ішлі і другія паязды з вагонамі, на якіх былі вялікія чырвоныя крыжы. І ціха было ў гэтых паяздах, нерухома ляжалі там раненыя салдаты. А маці кожны раз, пазіраючы на гэтыя вагоны, цяжка-цяжка ўздыхала, прымаўляючы:

– О Божа, Божа! Колькі гіне і глуміцца народу!

 

 

III

 

Ад часу да часу любіў малы Івась рабіць абходы сваіх улюбёных куточкаў, якіх было тут нямала. Бывала, раніцою выйдзе Івась з будкі на свой дворык, прыпрэцца дзе-небудзь у куточку на сонейку, сцішыцца, задумаецца, стаіць, разважае, прыслухоўваецца да тых радасных гукаў і шуму, якімі жыве гэты вольны белы свет, або проста цешыцца хараством летняга дзянька. І нейкае няяснае для самога Івася жаданне пацягне яго далей з двара, на той прастор, дзе прырода стварае чары жыцця.

На ўскрайку поля стаяў лес, пачынаючыся чародкаю высокіх і роўных дубоў; крыху воддаль ад чыгункі яны злучаліся з таўшчэзнымі старасвецкімі хвоямі. Здавалася, што нейкі лясны цар сумыслу павыбіраў іх з усяго лесу – такія яны былі высокія, выносныя, стромкія, гладкія, а макушы іх – адна любата: адна ў адну, як пышныя шапкі. Далей, каля поля, цягнуўся купчасты прысадзісты хвойнік, сярод якога зрэдку разгортвалі свае прыгожыя верхавіны старыя хвоі. У гэтым хвойніку было многа даўнейшых ям.

Вучоныя людзі, якія хадзілі сюды з горада пагуляць, пашпацыраваць (горад быў не так далёка), казалі, што гэтыя ямы – знакі глыбокай старажытнасці, гэта даўнейшыя акопы. Простыя людзі пра ямы гаварылі крыху не так. Сяляне сцвярджалі, што тут не так даўно, на памяці многіх з іх, быў бровар, і ў гэтых ямах закопвалі бульбу. Івася не так цікавіла гэтая спрэчка вучоных з невучонымі, як самі тыя ямы, на якіх глеба ўжо заскарынілася, і там расла траўка, купкі прыгожага сіўцу і розныя краскі, дзе так многа было ўсякіх конікаў і жучкоў. А самае важнае – каля ям пад купчастымі хвойкамі расло многа добрых грыбоў, пра якія ведаў адзін толькі Івась. І часта малы Івась, узяўшы з сабою кошык і лустачку хлеба, прыбягаў сюды пагуляць, паглядзець на вежы цэркваў і касцёлаў (яны былі адгэтуль добра відаць), на стары манастыр, самы высокі ва ўсім горадзе, на трубы фабрык і заводаў. Сюды падыходзілі роўненькія загоны жыта і збажынкі, тут жа было многа спеву птушынага, шуму і звону ўсякіх мушак і блішчастых жучкоў. І Івась так углыбляўся ва ўсе гэтыя малюнкі і зʼявы, так зліваўся з жыццём поля, лесу і ўсяго гэтага белага свету, што, напэўна, быў бліжэй да пазнання таемнасці яго жыцця, чым які-небудзь вучоны.

Каля ям быў высокі пагорак, з якога было далёка відаць. Івась часта ўзбягаў сюды, каб паглядзець, што творыцца навокал.

Было гэта пад восень. Івась стаяў на пагорку. Ён прыслухоўваўся да цішы, як бы яна павінна была штось адкрыць яму. Яго чуткае вуха ўспрымала далёкі-далёкі гул, бы гром. Але неба было яснюткае, дзе-нідзе злёгеньку засцілалася яно тонкімі посцілачкамі светлых хмарак. А ў полі і ў лесе было ціха, толькі ўгары жаласна пасвістваў каршун. Сярод гэтай агульнай цішы свіст яго быў надта смутны. А гром усё гучаў, але раскаты яго былі такія глухія і далёкія, што толькі чуткае вуха магло расслухаць іх. Івась не ведаў, які гэта гром, але яму было страшна, і нейкая няясная трывога калыхала яго душу.

Але што гэта? Які гэта гул? Скуль ён? Нічога падобнага не чуў Івась. Гул быў густы, магутны і блізкі, але цяжка было пазнаць, адкуль ён ішоў. Івась углядаўся па баках, а гул не пераставаў і назойліва лез у вушы. Ускінуўшы вочкі ўгору, убачыў Івась, як высока над галавою ляцела невядомая птушка. Але дзе ёсць такія птушкі? Не, гэта, напэўна, змей. Івася агарнуў страх. Змей зрабіў у паветры круг, крыху спусціўся наніз. «Віз-з-зь!» – загуло ўгары, і зараз жа ў баку чыгункі пачуўся страшэнны выбух, бы пярун ляснуў. Зямля здрыганулася, па лесе паляцела, тарарахкаючы, рэха, як бы гэта змей рагатаў сваім страшным рогатам.

Івась бедны так перапалохаўся, што прытуліўся да хвойкі і ўвесь тросся і калаціўся.

Зноў запішчала штось у паветры. Івась мімавольна закрыў ручкамі твар і чакаў. Другі гук быў яшчэ грамчэйшы, яшчэ зласней затарарахкаў лес, і чорны густы дым паваліў ад будкі.

З плачам кінуўся Івась дадому. Будка была ўжо ўся ахоплена полымем, агністыя языкі лізалі яе дах, шугалі праз вокны і, як вужакі, віліся па сценах.

А дзе ж яго бацька? Чаму не відаць маткі? Дзе яны? Чаму не ратуюць свайго набытку?

– Мама, мамачка! Тата! – загаласіў Івась, заламаўшы ручкі. Але ні маці, ні бацька не выйшлі на яго жалобныя выклікі.

– А мамачка! А татачка! – галасіў няшчасны хлопчык.

З вялікага гора ўпаў ён на зямлю, біўся аб яе і хапаў сыры пясок. І ніхто не адклікнуўся на яго гора, адзін толькі разложысты дуб з асмаленым камлём і лісцем пазіраў так горка і пакутна, як бы яму было блізка няшчасце гэтага беднага сіроткі.

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5