На пагорку ў чыстым полі
Крыж стаіць убогі,
Там і тут жаўцеюць ролі,
Ў свет бягуць дарогі.
Даль раскрылася шырока
З гэтага узгорка.
Ціха ў полі, адзінока,
Штось на сэрцы горка.
Я стаю і аглядаю
Горак рад убогі,
А куды ісці — не знаю,
Не ўлаўлю дарогі.
Дагарае дзень. Змярканне
Ахапляе далі.
Калі ж скончыцца блуканне
Ў бездарожных хвалях?
Вечар немы, бездарадны
Крочыць з-пад нізіны...
Хоць бы голас дзе ўспагадны,
Хоць бы гук адзіны!
12/ІІ 1911