epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На лузе

Вецер паўднёвы у лузе квяцістым

Калыша траву-сенажаць.

Сіваваронкі над дубам вячыстым

Лятаюць і звонка крычаць.

Бусел клякоча ў гняздзе над хваінай,

Што колісь распляжыў пярун.

Даль неаглядная, стэп ясны, сіні

Замоўклі, як жалаба струн.

 

Гожа звіваецца ў лозах зялёных,

Бы срэбра жывое, рака.

Толькі не згледзіш на сініх улоннях

Ні плытніка, ні рыбака.

 

Ходзіць той ветрык па лузе шырокім

І ціха на сонцы дрыжыць.

Мусіць, ён шэпча кустам і асокам,

Каб нейкую скаргу злажыць...

 

Ззяюць на лузе машэст, аксаміты

І ткань залатая шаўкоў.

Толькі ж над лугам жалоба разліта

І сум сакаўных дубнякоў.

 

Быццам пытаюць мурог і мятліца,

Краскі і ўся сенажаць:

«Дзе вы, сяляне? Дзе? Час касавіцы,

А вас ўсё няма, не відаць?»

 

17/V 1915


17.05.1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938