epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На ніве

— Гэй, мой конік! Гэй, мой сівы!

Ну яшчэ, маленькі!

Варушыся, гэй, не бойся,

Конік мой сівенькі! —

 

Зранку ў полі за сахою

Аратай гукае,

Сіўку, друга ў цяжкай працы,

Просіць-панукае.

 

Сам без шапкі, босы ногі,

Грудзіна раскрыта.

Бʼюць каменні аб нарогі,

Скрыгацяць сярдзіта.

І шуршаць пяскі буйныя,

Як жарства рачная;

Ходзіць подскакам, няроўна,

Сошачка крывая!

 

Аратай ідзе спавагу,

Мерна, крок за крокам,

Вузка доўгая палоска,

Не акінеш вокам.

 

Пройдзе боразну аратай,

Сошку патрасае,

Сам назад увесь падасца —

Конік службу знае:

 

Сам заходзіць, без панукі,

Без каманды, спраўна,

Аж нейк глянуць на сівога

Люба і забаўна.

 

Нібы знае сівы конік

Думкі аратая,

І яго панукі-крыку

Сіўка не чакае.

 

Завярнуўшыся, аратай

Спыніць друга-сіўку,

Слова добрае прамовіць

І паправіць грыўку.

 

Гладзіць коніка па шыі,

Мух дакучных гоніць,

Як бы з самым лепшым другам,

З сіваком гамоніць.

 

— Змардаваўся, адпачынь, брат,

Пастаім, пакурым.

Вератнік мы гэты скончым,

Спачываць патурым.

 

Конік трэцца галавою

Аб яго кашулю,

Адпачыўшы, зноў ён цягне

Сошачку-крывулю.

А аратай, задуменны,

  Зноў ідзе ступою...

Моцна, моцна іх злучыла

Праца за сахою!

 

— Гэй, мой конік! Но, мой мілы! ––

Носіцца па полі.

Конік, сошка і аратай

Сунуцца паволі.

 

Эх ты, поле! Колькі сілы

Тут затраціць трэба!

Цяжка, цяжка дастаешся

Ты, кавалак хлеба!

 

22/V 1911


22.05.1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938