epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На новай зямлі

Ляжыць шырокая дарога,

Вакол прастор, і я іду,

Іду, нясу пачуццяў многа

І ясных думак чараду.

 

Уздоўж дарогі чынна з краю

Слупы стаяць у два рады,

І, нібы гуслі-самаграі,

Звіняць іх струны-правады.

 

Куды ні гляну — шыр і воля,

Дзе лес ды неба ставяць тын,

Нідзе мяжы не згледзіш болей,

І зніклі быльнік і палын.

 

Цвітуць палі ў адзенні новым,

Гадуюць новыя сады,

І нават вецер з-пад дубровы

Шуміць на новыя лады.

 

Глядзіш — узносяцца будынкі

То з той, то з гэтай стараны,

І цешаць вочы мне навінкі,

І сэрца радуюць яны.

 

Унь там, высока па-над долам,

Развесіў хвост купчасты дым,

І лічыць час калгасным сёлам

Гудок напевам маладым.

 

Па ўзгорʼю поля, па раўніне

Паўзуць сталёвыя валы.

Вядзе іх бойкая дзяўчына

Ці камсамолец удалы.

А тут, дзе ўчора багна прэла,

Гнілі век-векам балаты,

Збажынка сёння зарунела

І спее колас залаты.

 

На тых жа багнах, дзікіх, сумных,

Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт.

На ім стаяць, бы тыя гумны,

Грамады чорных пірамід.

 

Ідуць калгасныя падводы,

Дабро вязуць грузавікі, —

І дзед стары, сівабароды

Падацца хоча ў юнакі.

 

Шумяць па-новаму дубровы —

На край свой люба мне зірнуць.

Цябе, зямля ў адзенні новым,

Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць!

 

Сышлі навекі з доляй злою

Галеча, сціск, зямлі палон,

Бо сцяг над новаю зямлёю

Трымае сталінскі закон.

 

[1938]


[1938]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938