Гэй, на волю, на разлогі
Смужных даляў і палёў,
Дзе ва ўсе канцы святоў
Леглі вольныя дарогі!
Дзе без хітрыкаў, праўдзіва
Колас гутарку вядзе,
І дзе дуб стары гудзе
Не лісліва і фальшыва,
А сваёй старой гудою,
Як і век ён гаварыў,
І дзе ўсю красу раскрыў
Луг шырокі над ракою.
Гэй, туды, дзе неба з долам
Абняліся, як браты, —
Хоць на міг забудзеш ты
Гэтай фальшы нудны шолам!
1914