epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На развітанні

Вечарэла, і цішала,

І гушчалі цені.

Поле моўчкі пазірала,

Лес — у задуменні.

 

Той стары лес, праз каторы

Наша йшла дарога.

А над намі, на прасторы

Вольнага разлогу,

 

Леглі хмаркі самавіта

Доўгаю градою.

Смуткам даль была спавіта,

Як мы йшлі з табою.

 

Ўдоўж дарогі ў рад стаялі

Стромкія хваіны.

Не гайдаліся, маўчалі

Лапы іх, галіны.

 

Пастаялі, абняліся

Мы з табою ў лесе,

З горкім сумам разышліся

У густым навесе

 

Маладых ялін, і хвояў,

І бяроз пахучых.

Жаль расстання сэрца кроіў,

Горкі жаль, пякучы.

Я спыніўся. Сэрца млела.

Сцішна стала ў лесе,

Толькі лісце шапацела,

Як той дождж па стрэсе

 

Ў вечар восені пастылы,

Ў мрок спавіты, шэры,

Як знікаў твой вобраз мілы,

Дарагі без меры.

 

3/Х 1915


03.10.1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938