epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На сваім хлебе

I
II
III


I

 

Называлася яна Лютня.

Такое прыгожае імя даў ёй пан Барнацкі. Жыла Лютня на панскім двары. Дзверы панскіх пакояў для яе былі адчынены. Добра жылося Лютні ў пана. Ежа была смачная, далікатная. Пан яе лашчыў і асыпаў добрымі словамі. Хадзіла яна з панам на паляванне, бо мела здольнасць ганяць птушак: качак, бакасоў, курапатак, цецерукоў – Лютня была з шляхецкага сабачага роду, з роду выжлаў.

На гэтым жа двары, у куце, тулілася і батрацкая хатка, а каля хаткі была зроблена просценькая будка. У будцы жыў Тропік, гэта была яго хата. Ні сам Тропік, ні гаспадар яго батрак Савось, які даў яму такое гучнае імя, не ведалі, што азначае слова «Тропік», бо яны былі непісьменныя. Тропік быў сабака пануры і нявесела пазіраў на жыццё, бо часта ў яго жываце было пуста! Часамі Тропіку здаралася прыпільнаваць костку каля панскае кухні. Тады ён адразу весялеў. Несучы ў зубах костку, радасна віляў хвастом, калі сустракаў знаёмага чалавека. Выбраўшы зацішны куток на панскім двары, Тропік лажыўся на зялёненькай гусценькай траўцы, браў костку ў пярэднія лапы і грыз. А Лютня, заўважыўшы Тропіка з косткаю, садзілася здалёк і глядзела на яго. Пры гэтым яна складала губы так, што здавалася, быццам бы яна смяецца. А можа яна і сапраўды насміхалася трохі з беднага Тропіка.

Двор, дзе жылі Тропік і Лютня, стаяў на высокім-высокім беразе над Случчу. Каля саменькае вады звісалі сям-там разложыстыя вербы. Тут жа тоўпіліся кусты алешніку. Вышэй цягнуўся жоўта-зялёны пас арэшніку і маладога дубняку, а на самым грэбені берага стаялі каржакаватыя старыя дубы. Па гэты бок Случы было поле, а за рэчкаю рассцілаліся лугі, шырокія, не акінуць вокам. Пры двары быў вялікі-вялікі сад. Тут былі яблыні, ігрушы, вішні і цэлыя зараслі малінніку. У канцы саду стаялі розныя дрэвы, цэлы лес. Сярод гэтых дрэў асабліва кідаліся ў вочы высачэзныя вязы і таўшчэразныя дубы. Непадалёку ад хаты батракоў, на вялізарным дубе, чарнелася буслава гняздо. Тут жыў сам бусел з жонкаю і дзецьмі і цэлыя дзесяткі верабʼіных сямей. Шумна было тут і весела. А ластаўкі навылеплівалі сабе гнёздаў над вокнамі панскага дома і весела шчабяталі на дварэ і ў садзе. Сяды-тады ў сад наведваўся і дзяцел, каб паглядзець, ці ўсе дрэвы здаровы, ці не трэба каму дакторская помач.

Кожны дзень у сад забягаў і Тропік, бо часамі тут можна было знайсці скарыначку хлеба, лупінкі ці нават і цэлую печаную бульбу: тут начавалі вартаўнікі і пакідалі сёе-тое з яды. Таксама і Лютня любіла пабегаць па садзе. Згледзеўшы Тропіка, яна пачне брахаць на яго, бо сад быў панскі, дык якое права мае Тропік, батрацкі слуга, забягаць у панскі сад? Тропік адчуваў гэта, і ў сабачым сэрцы падымалася абурэнне супроць такой несправядлівасці. Ён вінавата скаліў зубы, ціха бурчаў, бо не адважваўся ўголас выказваць сваю крыўду.

– Сама катлеты жарэ, а мне бульбяной лупінкі шкадуе, – бурчаў паціху Тропік, і хіб яго падымаўся сам сабою.

 

 

II

 

У двары быў надзвычайны рух. Каля панскага дома стаялі фурманкі. Батракі і слугі складалі на іх розны панскі набытак. Пан Барнацкі, устрывожаны і пануры, бегаў, як на пажары, то ў пакоі, то з пакояў, крычаў і лаяўся. Часамі адбягаўся далей на двор і слухаў, павярнуўшыся вухам на ўсход. Адтуль даносіўся грозны і страшны грукат, хоць на небе хмар і не было. І гэты грукат усё набліжаўся. Пан Барнацкі бегаў яшчэ шпарчэй і падганяў батракоў. Але батракі не вельмі спяшаліся і паціху пасмейваліся.

Пазіраў Тропік на гэтую сумятню. Вочы яго былі вясёлыя. У тахт гэтай весялосці танцаваў яго хвост. У Лютні хвост быў падціснуты, і яна старалася не заўважаць Тропіка.

Каб зразумець прычыны гэтай сумятні, трэба падысці да дуба, дзе жыве бусел. Угары над буславым гняздом сядзеў дрозд на сухой галінцы. На другіх галінах размясціліся верабʼі. Іх было многа-многа. Сам бусел і яго сямʼя былі дома. Некаторы час усе сядзелі ціха. Бусел толькі што паведаміў надзвычайную навіну. А бусел – птушка бывалая, сурʼёзная, разумная, і да яго слоў усе аднесліся з належнаю павагаю. Дрозд першы парушыў цішыню і выказаўся аб навіне адным толькі словам, але за гэтым словам хаваўся вялікі змест.

– Бальша-ві-кі? – свіснуў дрозд тонам пытання.

Бусліха закінула ўгору доўгую дзюбу і прамовіла:

– Так-так-так-так!

– Чырвоныя! чырвоныя, чырвоныя! – хорам загаманілі верабʼі.

– Так-так-так-так! – зноў пацвердзіла бусліха. А бусел расказваў далей аб тым, як уцякаюць палякі. Праўда, слоў у яго было мала. Ён мог сказаць выразна адно толькі слова «паляк», але ў гэтым слове скрадваў літару «а», і ў яго выходзіла:

– Пляк-пляк-пляк-пляк!

Тым не меней усе зразумелі добра, што бальшавікі гоняць назад палякаў. Калі такім парадкам высветлілася справа, усе вельмі здзівіліся.

– Ці чулі? ці чулі? ці чулі? – гуртам заціўкалі верабʼі.

Ластавачка, увесь час снуючыся над дубам, запытала:

– Што рабіць? што рабіць?

– Сустракаць! сустракаць! – адказала ёй другая.

– Чым? чым? чым? – зашумелі верабʼі.

– Чым іх спаткаць? чым іх спаткаць? – з другога дуба запытаўся шпак.

На момант уся нарада змоўкла, разважаючы, як і чым спаткаць чырвоных.

– Жытам! жытам! жытам! – раптам падхапілі верабʼі.

– Чырвонаю жычкай! чырвонаю жычкай! – зноў абазваўся шпак.

За добрую параду дрозд пахваліў яго:

– Галава! галава!

Раптам з кустоў вылецела сарока, дужа перапалоханая, села на плоце каля дуба і пачала казаць:

– На свае вушы чула!.. Трашчаць кулямёты: чы-чы-чы-чы! Чы-чы-чы-чы!

Гэта навіна ўсіх моцна абрадавала. Ластавачкі закружыліся чорнаю сетачкаю. Адна з іх, падляцеўшы да дуба, высыпала цэлы жмут слоў:

– Ці ведаеце, птушачкі, ці знаеце, мілыя, што трэба рабіць? Кажу вам, чым найхутчэй паслаць да чырвоных дэлегацыю! Паслаць дэлегацыю! Дэлегацыю! – з чырвонаю жычкаю! З чырвонаю жычкаю!

І тут сапраўды зрабілася сумятня. На дарозе ў панскі двор зʼявіліся палякі, коннікі, падымаючы пыл.

– Бальшавіцы! – крыкнулі яны пану Барнацкаму і памчаліся далей.

Пан Барнацкі, як непрытомны, бегаў па двары, не ведаючы, на якую сесці фурманку. Тропік выбраў хвіліну і – цап з брычкі засмажанага індыка. Пан Барнацкі ўрэшце сеў на брычку, дзе сядзела пані, і без фурмана пагнаў пару коней. А дрозд, у якога пан без дай прычыны застрэліў жонку, крыкнуў яму:

– Зладзю-га! зладзюга!

Тропік уплятаў індыка, а забытая, пакінутая Лютня села каля стайні і выла:

– А-у-у! А-у-у!

 

 

III

 

Не было цяпер каму паклапаціцца аб Лютні. Цяжка ёй стала тут жыць. У першую мінуту, калі пан Барнацкі ўцякаў з двара, яна хацела пабегчы за ім па слядах. Але ёй стала крыўдна, што пан на яе не звярнуў увагі, не паклікаў, як гэта бывала не раз. Сваю крыўду яна выказала ў жаласна-нудным выцці. Гэта было яе першае гора, першы плач пакрыўджанага сабакі.

– Застануся тут! Што будзе, то будзе, – падумала сама сабе Лютня і засталася.

Абышла Лютня будынкі, абнюхала ўсе куткі на двары, потым пайшла ў сад, каб знайсці сабе там прытулак, дзе б можна было аддацца сваім сабачым думкам. А падумаць ёй было аб чым. Па-першае, яна заўважыла, што парабак Савось, Тропікаў гаспадар, павесіў замок на дзверы панскага дома, а ключ палажыў у сваю кішэню. А па-другое, ёй трэба падумаць, як жыць. Шукаючы сабе прытулку, яна агледзела Тропіка. Тропік паабедаў па-панску, і бакі яго выраўняліся і пакруглелі. Самапачуванне ў яго было найлепшае. Аб гэтым сведчыў яго мятлісты, падняты ўгору хвост. Лютня прыпынілася за кустом арэшніку і сачыла за Тропікам. Тропік быў сабака з галавою, не забываў ён і аб заўтрашнім дні. Ад індыка асталіся яшчэ косці і мяса пры касцях. Так пакідаць іх не выпадае. Тропік занёс косці ў маліннік, палажыў у кучку, а сам лапамі пачаў дзерці ў малінніку ямку. Потым палажыў туды індычыя косці, прыкрыў іх зямлёю і зямлю зараўняў носам, пасля чаго трушком пабег да рэчкі пахлябтаць вады, бо індык быў сыты і трохі салёны.

Цяпер Лютня не пасмела брахнуць на Тропіка: не яна, а Тропік тут зараз гаспадар. Лютня ведае, хто павесіў замок на дзверы панскага дома. Яна нават пастаралася зусім схавацца ад Тропіка.

Пралежала Лютня за арэхавым кустом да самае ночы і ўсё думала. Есці ёй не хацелася, хоць не ела яна з самага ранку. Уночы выйшла з-за куста і пайшла на бераг Случы. Села на беразе і сядзела доўга-доўга. Яна ўспамінала, як пан Барнацкі вазіў яе ў чайцы на той бок ракі, дзе яна ганяла або падводзіла пад панскі стрэл няшчаснага бакаса або качку.

Вакол было ціха. На небе свяціліся зоркі. Спакойна бегла вада ў Случы, а пры беразе зрэдку плюхала патрывожаная рыбка. Тропік спаў на прыгрэбніку, залезшы на самы грэбень страхі. Маркотна стала Лютні, бо яна была тут адна і нікому не патрэбна. І жаль сабачага сэрца яна ўлівала ў свой брэх. Сядзіць Лютня над Случчу і брэша, брэша роўна, заложна, з кароткімі перапынкамі. Брахала яна гадзіны тры без адпачынку. На яе брэх выйшаў з хаты батрак Савось, пастаяў на двары, паслухаў.

– Глядзі ты, сабачае стварэнне! Ніколі раней не брахала. Вось жа нешта адчувае, сабачая морда! – сказаў сам сабе Савось і пайшоў у хату.

Пачало развідняцца. Надакучыла Лютні брахаць, бо прычынаю гэтага брэху былі яе ўласныя думкі.

– Трэба паглядзець, ці ўсё ў парадку на двары.

Лютня трушком пабегла ў двор, абышла ўсе будынкі, вельмі ўважна агледзела Савосеву хату – трэба служыць новаму гаспадару, каб мець права на скарынку хлеба. Пастаяла Лютня каля прыгрэбніка, дзе спаў Тропік. Тут яна пачула, што хоча есці. Успомніла пра Тропікаў спрат у малінніку. Пабегла, адкапала індычыя косці і згрызла іх разам з мясам і зямлёю. Ёй стала весялей, бо яна заслужыла іх сваёю службаю.

Раніцаю, як толькі ўстаў Савось і выйшаў на двор, Лютня зараз жа прывітала яго самым далікатным скавытаннем, віляючы хвастом і падыходзячы бачком да Савося.

Смешна стала Савосю.

– Ну і хітрая ж ты, воўчае тваё мяса!

Лютніна хітрасць так кранула Савося, што ён вынес ёй кусок батрацкага хлеба.

– Гэта табе за тое, што ты разумная і за панам не пабегла.

Лютня ўзяла хлеб з вялікаю падзякаю і з самаю пачціваю пакорнасцю.

Пазіраў з прыгрэбніка Тропік і моцна дзівіўся. Яму нават стала зайздросна. Але ён зараз жа, забыўшы крыўду, падбег да Лютні, паклікаў яе да свайго спрату ў маліннік. Зразумела, Лютня далікатна адмовілася ад запрашэння, а Тропік, ні з чым вярнуўшыся з малінніку, здагадаўся, хто пабраў з яго свіронка індычыя косці.

Ну, але гэта не пашкодзіла яго далейшай дружбе з Лютняю.

[1926]


[1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6