Выплывае круг агністы
З груды мутных хмар.
Па-над рэчкай дуб вячысты
Не схісне ніводным лістам,
І стаіць, як цар.
На яго шацёр-карону
Пурпур лёг зары,
У прасветы хмар заслоны
Сыпле сонца стрэл мільёны, —
Шле зямлі дары.
Над нізінай нерухомы
Звіс, як дым, туман,
Цераз нетры, бураломы
Сцеле белыя паромы
З лугу да палян.
Звонка граюць струны цішы
На ўсе галасы.
Дрэмле ветрык і на ўзвышшы
Нават кветкі не калыша,
Не страсе расы.
Дзень свой рэй вядзе ў калгасе, —
Гоман, скрып і грук.
Дзесь у лесе на папасе
Забалбоча штось не ў часе
Чуткі цецярук.
А над хатай дым бялявы
Выгнуўся дугой,
Не йдзе ўгору, кучаравы,
А наніз, на дол, на травы
Нікне галавой.
Парна зранку. Муць разліта,
Нібы сум павіс.
Даль у сінеч апавіта.
«Будзе дожджык, — шэпча жыта, —
Дым пайшоў наніз».
15/IV 1939