epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На ўсё ёсць прычына

І на балотах здараюцца часамі цікавыя рэчы. А пра адно такое здарэнне проста-такі варта расказаць. Калі нават гэта і не ўсё праўда, то і тады яно цікава, прынамсі на мой погляд.

А цікава тут вось што: часамі самыя простыя рэчы пры пэўных абставінах паказваюцца страшэнна заблытанымі, завязанымі ў такі вузел, што і развязаць нельга.

Стаяў на балоце дуб, стаяў многа вякоў, учапіўшыся за грунт карэннямі-пружынамі. Многа бур пранеслася над галавою дуба-волата, і буры яго не адолелі. Але час браў сваё. Пачаў дуб старэць і загніваць з сярэдзіны, а зверху засыхаць.

Раз пад восень наклалі пастушкі агню на балоце. Вы яго, напэўна, і ведаеце, балота гэтае. Аб ім нават і кніжак напісана многа. Хтось з пастушкоў — недарма ж і свет з іх гарыць — засунуў у дубовае жарало галавешку з агнём. Пачало тлець трухлявае нутро старога дуба. Тлела, тлела, а потым разгарэўся агонь і забраў такую сілу, што дуб перагарэў і зваліўся ды так бразнуўся, што аж балота здрыганулася.

Выпадак з старым дубам быў такі неспадзяваны, што ўсё балотнае грамадства прыйшло ў незвычайны рух і стан наймацнейшага здзіўлення.

— Сканчэнне свету! — свіснуў бакас і кінуўся хавацца ў куст.

Перапалоханыя вароны пазнімаліся з балота і чорным невадам замітусіліся ў небе. Іх моцна ўразіў грук і самае тое здарэнне, што дуб паваліўся, і яны крычалі:

— Бразь! Бразь!

Яны не знаходзілі іншага слова, каб выказаць сваё незвычайнае хваляванне. А крумкач, як нейкі важны доктар, падляцеў да таго месца, дзе стаяў дуб, крутнуў два разы сваім дзябёлым панскім носам і канстатаваў гэты няшчасны факт адным толькі словам, паўтарыўшы яго два разы:

— Труп! Труп!

І яшчэ хацеў штось сказаць, але агарнуў яго жаль, слёзы набеглі на вочы, і ён толькі прамовіў:

— Шурум-бурум!

Таксама крычалі і жабы, але іх голасу амаль і не чуваць было ў гэтым віры агульнай сумятні, хоць яны выказвалі даволі сур'ёзную думку:

— Крах-крах-крах!

І ластавачка, пралятаючы над балотам, падала свой голас, каб хоць адгукнуцца на ўсю гэтую завіруху.

— Рэвалюцыя! Рэвалюцыя! — крычала яна.

Словам, шум тут быў вялікі.

І сапраўды, справа была незвычайная: столькі вякоў стаяў дуб, што ніхто і не думаў, каб ён мог так раптоўна зваліцца на дол, ды яшчэ з такім грукам. Здавалася, што ён такі ж стары і такі ж вечны, як і сам свет.

Дык і не дзіва, што думкі балотнага грамадства былі так устрывожаны і пайшлі ў зусім іншым кірунку, хілячыся больш на хаўтурны лад. Але спыніцца належным парадкам над гэтаю праяваю, каб разабрацца ў яе прычынах і заадно ўжо ацаніць і значэнне ролі нябожчыка дуба, балотнае грамадства так і не здолела: другая праява, як вынік першае, яшчэ мацней уразіла ўсіх. І вось што здарылася тут: агонь ад дуба перакінуўся перш на балота, а потым і ў самае балота.

— Пажар! Пажар! — загаласілі галкі.

— Маеце рацыю! Маеце рацыю! — пацвердзіла сіваваронка.

Напалоханы грукам, шумам і ўсім гэтым гармідарам зайчык пабег да дубовага пня, прысеў на заднія лапкі, а пярэднія скрыжаваў, як самы шчыры каталік у касцёле, і стаў варушыць носам і губамі, як бы гаворачы пацеры па нябожчыку.

— Чорт ведае, што пачало тварыцца! — у страху сказаў ён сам сабе, перакінуўся на задніх лапах і пакільгікаў балотам, каб быць далей ад усякага ліха. Кільгікаючы, разважаў аб мудрых паводзінах у жыцці, якімі і належыць кіравацца: мая хата з краю, я нічога не знаю.

Тым жа часам каля зваленага дуба, навокала таго месца, дзе пачало дыміцца балота, збіўся вялізарны тлум усялякага птаства, звяркоў, машкарэчы і народу іншае пастацыі. Страху і здзіўленню канца не было тут, калі пасля гарачай дыскусіі было даведзена, што агонь сапраўды перакінуўся ў нутро балота.

— А-а-а! вось праява дык праява! Ну, што вы скажаце? Чаму гарыць зямля? — здзівіўся шпак.

— Не зносіць галава! — згаджаўся дрозд.

— Дзівота! дзівота! — пілікаў камар, уцякаючы ад дыму.

— Пайшла пісаць! — піскнула мыш.

— Ратуйцеся! — не сваім голасам крыкнуў крот, выскачыўшы з балота, і тут жа памёр, як відаць, ад разрыву сэрца.

— Бедненькі! — нахілілася над ім варона. — Вось смерць налучыла цябе!

Яна скрывіла нос набок, як бы збіраючыся заплакаць, і паціханьку з'ела першую ахвяру гэтай нечуванай праявы.

— Канцы прыйшлі! — закігікала кнігаўка, невядома да каго адносячы гэтыя словы.

— Я сказаў — сканчэнне свету! — зноў свіснуў бакас, высунуўшы з куста галаву.

Пачаліся розныя гутаркі, паплылі ўсялякія чуткі, выклікаючы разброд і блытаніну мыслей і сеючы яшчэ большую трывогу і непакой.

«Чаму гарыць балота?» — вось тое пытанне, што вярцелася ў усіх на языку і нарэшце было пастаўлена сойкаю.

— Чаму, чаму, — затрашчала сарока, паўтараючы яго на тысячы ладоў і не чуючы адказу.

— Расступіцеся! Расступіцеся! — грымнулі галкі. — Дайце дарогу прафесару! Месца прафесару!

Стары крумкач з панскім носам важна выступаў сярод галак і варон, праціскаючыся на самы зэс.

— Сціхніце! — крыкнула сарока. — Прафесар будзе гаварыць! Прафесар хоча чым-колечы дапамагчы нам! Прафесар вытлумачыць прычыны, прычыны, прычыны!

Вароны і галкі прывіталі «прафесара» гучным «ура». «Прафесар» вельмі паважна абышоў дубовы пень і тое месца, дзе тлеўся агонь у зямлі, уважна, як і належыць прафесару, аглядаючы кожную драбніцу.

— Гум! гум! — вугніў ён часам у свой панскі нос.

Усе, хто быў тут, з заміраннем сэрца сачылі за «прафесарам» і чакалі з незвычайнаю напружанасцю яго мудрага слова.

— Ага!.. Так, так! — казаў сам сабе «прафесар» і яшчэ болей распаляў зацікаўленасць грамады.

Нарэшце, скончыўшы з аглядам, «прафесар» узляцеў на галіну нябожчыка дуба, заняў найвыгаднейшую пазіцыю на сваёй кафедры і зрабіў самую мудрую міну.

— Вось што значыць вучоны! — у захапленні зашаптала сарока. — У кожным руху відаць прафесарская вучонасць.

А «прафесар» для яшчэ большай важнасці працёр лапаю вочы.

— Шаноўныя грамадзянкі і шаноўныя грамадзяне! — пачаў «прафесар». — Я разумею ваш непакой і вашу трывогу. Тое, што мы бачым цяпер у зародку, можа пагражаць нам у сваім далейшым развіцці.

Ад гэтых слоў у сарокі набеглі на вочы слёзы.

— І зусім натуральна жаданне ваша даведацца аб прычынах катастрофы. Навука, ад імя якой я выступаю, можа зусім правільна, зусім дакладна высветліць і растлумачыць вам усё. Да кожнай з'явы на свеце трэба падыходзіць са словамі: чаму? і з чаго? Бо гэта ёсць пачатак мудрасці і філасофіі. А гэтая філасофія нам кажа: на ўсё ёсць прычына. Паяснім гэта некаторымі канкрэтнымі прыкладамі. Калі я маю з вамі гутарку, то, значыцца, на гэта ёсць прычына. Калі вы сабраліся тут, то і тут таксама ёсць прычына. Як бачыце, на свеце ёсць на ўсё прычына, і кожная прычына мае сваю прычыну і ў аснове кожнай прычыны ляжыць таксама прычына.

— Матухны мае, як проста і ясна гаворыць прафесар! Цяпер для мяне становіцца зразумела ўсё, — азвалася галка.

— Цяпер, узброіўшыся навукаю, паглядзім на тую з'яву, што так моцна занепакоіла нас, — тлумачыў далей «прафесар». — Дык вось. На гэтым месцы загарэўся агонь, што мае сваю пэўную прычыну. Гэта дубава смерць абрала сабе такую форму, каб скончыць яго жыццё на зямлі. Дуб ляжыць на балоце, мы бачым труп яго і дым каля таго месца, дзе дуб стаяў. Дым — гэта дубава душа. Выйдзе душа, і агонь патухне.

— Ура! ура! прафесар! — крыкнулі вароны, галкі і сарокі.

А «прафесар», яшчэ раз зірнуўшы на грудок, што дыміўся, і на лагчынку ніжэй грудка, — ён быў пэўны, што агонь не пяройдзе праз лагчынку, — сказаў з поўнаю перакананасцю:

— Агонь патухне, дойдзе да лагчыны і...

Крумкач раптам сарваўся і не скончыў таго, што меўся сказаць: падзьмуў вецер і запарушыў прамоўцу вочы. Крумкач сарваўся з галіны і паляцеў, як непрытомны, немаведама куды, што вельмі здзівіла грамаду.

— Што з ім сталася?

— З вялікай вучонасці нешта прыключылася, — чуліся галасы.

— На ўсё ёсць прычына, — уздыхнула сарока.

— Балван! — шыкнуў злосна цецярук.

Разышлося, разляцелася і распаўзлося балотнае грамадства, заспакоенае ўсё ж такі словамі крумкача.

Чакалі далейшых падзей, чакалі з цікавасцю. Балота ж дымілася і дымілася. Цёмна-шэрая пляма навокала дубовага пня ўсё расла і расла. Пень і ўсе рэшткі ад дуба сатлелі. Увесь груд, дзе стаяў дуб, выгараў дашчэнту. Тысячамі нявідных сцежачак наступаў агонь на балота; далёка чуўся пах гары, а лес і гакі засцілаліся дымам.

— Глядзіце: агонь даходзіць да лагчыны!

— Лагчына пачынае гарэць!

— Агонь пераходзіць лагчыну!

— Насланне нейкае: як гэта можа гарэць лагчына? — дзівіўся бусел.

— Справа дрэнь! Справа дрэнь! — гракала варона.

— А крумкач пацяшаў, што агонь далей лагчыны не пойдзе, — скардзіўся перапужаны драч.

— Крумкач — дурак! — прамовіў журавель.

— Трэба нешта рабіць! — пішчаў камар.

— Трэба, трэба, — цвіркаў конік.

— Так, так! — згаджалася качка.

— Нядружны ў нас народ, — азвалася галка.

— Паслухайце мяне, грамада! — выступіў бусел. — Агонь вады баіцца. Давайце насіць ваду на агонь!

— Насіць, насіць! — загула грамада.

Усе рынуліся па ваду. Бусел камандаваў і падымаў дух у грамады. «Патушым пажар! Спынім варожую сілу!» — пакрыкваў ён і паддаваў ахвоты.

Цэлы дзень да самага цямна насілі ваду, лілі на агонь і цешыліся, што цяпер-то, напэўна, патухне. Але як здзівіліся назаўтра, калі пабачылі, што балота гарыць далей.

Бусел звесіў свой доўгі нос. Смутак апанаваў усіх. Зноў пачаліся нарады, разважанні і, як і раней, стаяла тое ж неразгаданае пытанне: чаму гарыць балота?

І ў момант самай цяжкай роспачы нечакана з'явіўся крумкач. Усе незвычайна ўзрадаваліся.

— Нешта скажа! Нешта скажа! Напэўна прыляцеў з добраю весткаю! — насілася ў грамадзе.

— Прафесар будзе гаварыць! Прафесар скажа нешта незвычайнае! — затрашчала сарока.

А «прафесар» цішком аглядаў балота і заўважыў маленькі ручаёк, што цёк праз балота. Ён быў упэўнены, што праз гэты раўчак агонь не перакінецца. Вось ён і прыляцеў сюды, каб падтрымаць сваю рэпутацыю вучонага.

— Грамадзяне! — пачаў крумкач. — Вы, напэўна, былі здзіўлены, калі я ў мінулы раз змушаны быў перарваць сваю прамову, — на тое была свая прычына, як і казаў я вам, што ўсё на свеце мае сваю прычыну.

— Я так і казала, — у захапленні затрашчала сарока.

— Усё на свеце мае сваю прычыну. Што гэта значыць? А гэта значыць — усё і нічога. Усё — для вучоных, нічога — для невукаў. Вы дзівіцеся, што агонь не гасне, і гэта вас непакоіць і трывожыць. Чаму не гасне агонь? Не гасне таму, што дуб быў вялікі і душа яго вялікая. А след ад вялікай душы застаецца на свеце доўга.

— Ах, родненькія мае! Як гэта ён складна гаворыць! — у скуры не тоўпілася сарока.

— Але памятайце маё слова: агонь дойдзе да таго цёмнага вала, што цягнецца па краі балота, і далей не пойдзе.

— Ура! ура! Няхай жыве прафесар! — гучна крычала грамада.

Адзін толькі цецярук скептычна азваўся:

— Шалдуй-балдуй!

На развітанне «прафесар» сказаў:

— Аставайцеся здаровы, будзьце пэўныя і не трывожцеся дарэмне: агонь пагасне — на ўсё ёсць свая прычына!

Грамадою і з пашанаю праводзілі крумкача да самага лесу. Вярнуўшыся, чакалі далейшых падзей. І ўсё ішло так, як і казаў крумкач. Агонь падыходзіў да высокага вала. А калі ён наблізіўся да самага раўчака, то камар зларадна заявіў:

— Брэшаш! Тут канец табе!

Але на высокім вале была сухая трава. Па траве перакінуўся агонь на другі бок, і сам камар задохся ў дыме. А па той бок раўчака для агню пачынаўся шырокі разгон.

І пачалася страшэнная сумятня на балоце.

— Пажар! пажар! — галасілі вароны.

Мышы і пацукі табунамі паперлі з балота, за імі папаўзлі вужы, гады і ўсякая поскудзь.

— Сканчэнне свету! — свістаў бакас, кідаючыся з куста ў куст.

Бусел, журавель і чапля пад шумок паляцелі на цёплыя воды, каб адпачыць ад згрызот і паправіць здароўе.

А на тым месцы, на балоце, дзе раней перайшоў агонь, пачала рунець новая лапушыстая трава і буяць сакавітыя маладыя краскі.

Прафесар крумкач, публічна абсароміўшыся два разы, зашыўся ў густы лес і ўсё круціць мазгі над пытаннем: чаму гарыць балота, нягледзячы ні на якія перашкоды?

На ўсё ёсць прычына.

Як пачаў, так і канчаю.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў. Т. 5 : Апавяданні паслякастрычніцкага перыяду і "Казкі жыцця" / рэдактары М. Лынькоў і Ю. Пшыркоў. — 1973. — 630, [1] с., [4] л. іл.