Крывавыя здані, агністыя бляскі
Фарбуюць маньчжурскае неба.
Шакал ненаедны зубамі заляскаў
Ад Токіо і да Сасеба.
Мільёны няшчасных працоўных Кітая
Асуджаны шайкай бандытаў.
Сталіц еўрапейскіх прадажная зграя
Далары бярэ за забітых.
Жандар азіяцкі, японскі пражора,
Ашчэрыўшы воўчыя зубы,
Рве цела Кітая і з сушы і з мора,
Шаленствам запеніўшы губы.
Ён — рыцар «парадку». Берлін і Варшава
І іншыя цэнтры «культуры»
Авансам вітаюць японца-удава,
Абы ён Саветы разбурыў.
Заліты крывёю руіны Чапэя...
Цікавы малюнак дарэмны.
І моўчкі бяздушна глядзіць на падзеі
Сэтлмент, квартал чужаземны.
А там, у Жэневе, славутая Ліга
У вочы пускае туманы,
І покрыва міру, як сцёртая кніга,
Разʼедзена моллю на раны.
Таварышы, слухай! Шакалы ў паходзе,
Учулі сцярвятнікі трупы.
Сусветны разбойнік, «культурнейшы» злодзей
Падносіць агонь пад халупы.
Нянавісць і злоба заслала ім вочы,
Бо чуюць, што песня іх спета...
Чырвонаармеец, калгаснік, рабочы!
На варту краіны Саветаў!
10/ІІ 1932