epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Над Свіслаччу

Растрэслі адзенне лясы,

Даўно адцвілі верасы,

І травы павялі.

Глядзяць сіратою лугі,

Пажоўклі, аселі стагі,

Да долу прыпалі.

Разліта сумоты пячаць,

І кроплі імжакі блішчаць,

Як слёзы на вецці.

        І я мімаволі не раз

У восеньскі спознены час

Успомню аб леце.

У мыслях лячу я туды,

Дзе сонца, лясы і груды

З дубамі, з травою.

І, нібы чаруючы сон,

Малюнкаў і песень шум-звон

Плывуць нада мною.

 

Усходзіць сонца з-за Блужскага бору

        І сцеле на ўзгоркі парчу залатую,

Развешвае чырвань на хвою вунь тую,

Што туліць, як маці, сямʼю маладую

Хваінак, паросшых па касагору.

 

Ружовыя хмаркі згортваюць шоўкі, —

Відаць, каб на сонцы яны не злінялі, —

А росы на травах блішчаць, бы каралі.

Спакой урачысты захоўваюць далі,

Птушыныя ловяць песні-размоўкі.

 

Як слаўна, як хораша ў летняе ранне,

        Калі атрасаюць сон ціхія гоні,

Дзе жыта пачціва калосікі клоніць,

А дымка туману кладзецца на тоні,

І луг ажывае у поўным убранні!

 

Выходжу на луг, на Свіслач шыбую —

Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы.

Мне ногі змываюць крыштальныя росы.

Я моўчкі вітаю дзень многагалосы,

Дубоў грамаду, красу лугавую.

 

І многа ж іх тут! І ўсе, як магнаты, —

        Глядзяць станавіта, важнецкага роду,

І кожны захоўвае чын свой і моду:

Адзін, дуплянаты, плашч звесіў на воду,

Другі, як тогу, разгортвае шаты.

 

А той, небарака, век дажывае:

Стаіць палыселы, няма на ім кроны;

Самотны, журботны і ўвесь задумлёны.

Ляцяць к яму нанач у госці вароны,

Бусліца-ўдава падчас завітае.

 

Мне сумна стане, і я неўзаметкі

          Гадаю аб лёсе стварэння жывога:

Як доўга працягне ён, гэты нябога,

І мне засталося самому як многа

Таптаць гэты дол, лясы і палеткі?

 

Гляджу я на іх, нібы на знаёмых,

Ды далей мкну хутка па мяккаму груду.

Прыходжу на Свіслач, раскручваю вуду

На злосць і на зайздрасць рыбацкаму люду —

Рыбак рыбака не любіць, вядома.

А Свіслач жыве, бяжыць неўгамонна,

        Разлёгшыся ў травах, у выспах пясчаных.

А колер — то цёмны, то светла-румяны —

Ад яснага неба, ад чыстай паляны,

Ад дрэў і кустоў, ад ценяў бяздонных.

 

Насупраць — Кручок, куток маляўнічы.

Там буйна буяюць кусты зеляніны

Абапал заглухлай старой азярыны,

Дзе раніцай голас звініць салаўіны,

Дзе многа звяркоў і рознае дзічы.

 

Мне ўсё тут знаёма: і Балачанка, —

        Яна тут у Свіслач якраз упадае, —

І зарасляў-хмызу града маладая,

І блужскае поле, і пустка глухая,

І тыя груды, і тая палянка.

 

Я чую — з Вусця даносяцца гукі:

Пявун заспявае, — адлічыць часінкі, —

І смех бестурботны дзятвы ля адрынкі,

І крык распачлівы плаксівай дзяўчынкі,

Рып студні, сякеры мерныя стукі.

 

Успомню любоўна убогія хаткі,

        І груд мой вусцянскі, і бераг зялёны,

Дзе гнуткія лозы бʼюць рэчцы паклоны.

Я знаю вусцянцаў і ўсе іх імёны —

Язэп Рымашэўскі, Жук і тры Дзя́яткі.

 

Ды Вусце сягоння глухне, нямее,

Змаўкае і голас у ім чалавечы —

Нясуць маё Вусце шырокія плечы.

Стаяць недаўменна адны толькі печы,

І клён каля плоту асірацее.

 

Ну што ж? Бывайце! — скажу я зычліва, —

        Будуйцеся ў вёсцы на новай мясціне

У дружнай і шчырай калгаснай сябрыне.

Хай добрая доля вас не пакіне:

Багата жывіце вы і шчасліва!

 

 

Праз купы раслінак сыплюцца стрэлы —

Паказвае сонца свой воблік адкрыты

Ды сее брыльянты на луг, аксаміты

Травы прыбярэжнай, як рунь, сакавітай,

І на паплавок мой хітра прысела.

 

Гарыць і дрыжыць вясёлка-іскрынка,

Агні незлічоныя раптам заззялі.

Грымяць жывым срэбрам на Свіслачы хвалі.

Аір і чароты страсаюць каралі —

У воду роняць расу за расінкай.

 

Я дбала гляджу, сачу ўсё за вудай.

Не чую, як сядзе і тне камар вушы.

Чакаю — вось клюне штось з воднае глушы

І на паплаўку маім сонца патушыць, —

І з поўнай пайду рыбацкай пасудай.

 

Злаўлю, не злаўлю, — ды я не сярдую.

        Я рады дню, сонцу, прасторнаму лугу,

Ружоваму небу і ветрыку-другу,

Што ходзіць, як сонца, па вечнаму кругу,

Ды хмару прыгоніць нам дажджавую.

 

Я рады лету і людзям калгасным,

Прыгоству і чарам мне родных мясцінак

І тысячам кветак, мільёнам былінак,

Што нам аздабляюць жыццё, адпачынак.

Няхай жа ім вечна дзень свеціць ясны!

 

3.11.1939–13.11.1939


03.11.1939-13.11.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945