epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Наперад

Да дня 28/Х 1939 г.

Дні беспрасвецця ў нябыт адышлі,

Сонца ўзыходзіць над краем.

Вольныя людзі раскутай зямлі,

Песняю вас мы вітаем.

 

Збіты кайданы чорнае ночы,

Сцёрты старыя скрыжалі.

Смела наперад, люд наш рабочы,

К шчасцю ў шырокія далі.

 

Выкуем долю ўласнай рукою —

        Ласкі нам панскай не трэба:

Згодай народаў, дружбай святою

Возьмем зямлю мы і неба.

 

Паў арол прагны, пала граніца —

Сцежкі, дарогі раскрыты.

Хай жа засвеціць вам зараніца,

Сонцам дзянёк апавіты.

 

Хай жа тым ясным сонцам над намі

Сцяг перамогі лунае.

Дружна ж у ногу ўперад з братамі

        Гайда, зямля маладая!

 

Хто нас разлучыць, дужых, зʼяднаных,

Шлях пралажыўшых да волі,

Пала няволя разам з панамі,

Пана не будзе тут болей.

 

Дні беспрасвецця ў нябыт адышлі,

Сонца ірдзіцца над краем.

Вольныя людзі раскутай зямлі,

Песняю вас мы вітаем.

 

25/Х 1939


25.10.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945