Грымяць мнагаспеўнасцю гукаў супольных,
Як гімн перамогі, вясной ручаі,
І мары аб сонцы струменяць гаі,
І тоіцца мудрасць у далечах вольных.
Ёсць чары-прывабы прастораў наддольных,
Што лучаць бязмежным блакітам краі,
Як родных яшчэ несабранай сямʼі,
Каб дружба гучала у песнях застольных.
І хто засумуе па новай радзіме?
Ці прыйдзе вялікі той час і калі?
І як яго людскасць раскутая ўспрыме?
Праслаўлена будзе цудоўнае імя
Таго, хто рассуне граніцы зямлі
І мудрасцю праўды краіны абніме.
*
Рассыпаны зоры брыльянтавым пухам,
І Млечнага Шляху ляжаць абрусы
Таемным акордам спрадвечнай красы,
Як водгулле змоўкшай даўно завірухі.
У калавароце няспыннага руху,
У сонцавым ззянні, у блеску расы —
Усюды разліты жыцця галасы,
І многа ў іх сэнсу для чуткага слуху.
Раджаюцца, гаснуць заранкі і ночы,
Мяняюцца ходы прыліваў і рэк,
І ў часах губляецца голас прарочы.
Адзначан для кожнай істоты свой век.
Жыццё ж безупынна ўсё крочыць і крочыць,
А разам з ім — вечны юнак-чалавек.
*
Наперад, вандроўнік! А шлях так багаты:
Якія разлогі навокал, зірні!
Усходняе сонца запаліць агні,
Рассее праменні, як сейбіт зярняты.
Сустрэнецца вецер з табою крылаты,
І гром табе голас падасць з вышыні,
Пачуеш ты скаргі і сум цішыні,
Ты праўду пазнаеш у мроку зацятым.
Вітай жа дарогі і новыя далі,
І вечнага руху святыя скрыжалі,
І юнасць людскую, і мудрае слова,
І ясную радасць дабра, перамог,
І гэты шырокі, чароўны разлог,
Дзе заўжды прыгожа ўсё, молада, нова.
5.04.1937–8.04.1937