Да дня вызвалення Мінска
Мая Айчына маладая!
Савецкі край наш дарагі!
Хто дзён былых не прыгадае,
Калі навокал сіла злая
Крышыла нашы берагі;
Калі зямля ў агні-пажары
У неба ўзносіла шатры
І клала бляск, бы кроў, на хмары,
А грому цяжкія удары
Хісталі пушчы і бары?
Ды ў час той грознай небяспекі
Пранёсся голас з краю ў край:
«Не будзе вораг вавек-векі
Няволіць нашы землі, рэкі!
На бой, народ мой, паўставай!»
У нашых сэрцах рэхам веры
Адбіўся бацькаўшчыны кліч.
Узважан вораг быў і змеран,
Разгаданы яго намеры
І ў прах разбіты на зямлі.
І сёння мы стаім над светам,
Як непахісная скала.
І ззяюць людзям яснацветам
Імкненні нашы, нашы мэты
Пазбавіць свет ад гнёту зла.
Няхай злуюцца цемрашалы,
Каму мяшок далараў – бог:
Іх лёс асуджаны, прапалы,
Ім не загнаць жыцця ў падвалы,
Ім не спыніць жыцця дарог.
Ідзём мы вернаю дарогай,
Ірдзяцца зоры нашых дзён,
Бо нам прастору, волі многа,
І ўсё шырэе даль-разлога,
І усё дужэе наш разгон.
28 чэрвеня 1947