epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Навальніца

Не пужайся, чалавеча,

Што ў трывозе ўсё кругом,

Што ўжо хмары недалеча,

Шлюць пярун за перуном.

Вецер далей згоніць хмару,

Змые дожджык твар зямлі

І разгоніць смугу-мару,

Што над далямі зляглі...

Дык хай справяць нам ігрышча

Вецер, хмара і пярун:

Па слядах іх баявішча

Шпарчэй колас пойдзе ў рунь.

 

[1919]


[1919]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938