epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Называецца зарабіў

I
II
III


Апісаныя падзеі адносяцца к часу, калі не было цвёрдых грошай – чырвонцаў.

 

 

I

 

Што дзед Баўтрук быў не ў гуморы, ясна было і рабой свінні, бо, звычайна, калі дзед выходзіць з хаты, ён заўсёды знойдзе добрае слова на прыветнае рохканне лапавухай дзёдзі.

– Ну, што ты, морда свіная? – лагодна запытае дзед.

У голасе яго чуецца ласка. Часамі нават і за вухам пачухае рабую. А цяпер, не зважаючы на самыя далікатныя, самыя замілаваныя тоны яе рохкання, ён досыць няветла сказаў:

– Усь, каб ты здохла! – і пайшоў на двор.

Гэта праўда: дзед Баўтрук быў угневаны... І чаго ён тут сядзіць? Ці ж навіна яму, што з гэтай капачкі толку не было і не будзе? З першага разу разгадаў яе. І чым больш прыглядаецца дзед да свае нявесткі, тым цвярдзей умацоўваецца ў гэтых думках...

І хто тут гаспадар: ён ці яна?

Глядзела б лепш хаты ды парадку ў доме, а не совала нос куды не трэба. У хату носа паказаць нельга: неахайнасць, бруд, смурод. Міскі нямытыя на стале стаяць, хлеб непрыбраны. І мухі, і куры па стале гуляюць... Тфу!

Плюнуў дзед ужо каля клуні. Адчыніў клуню. Не то што б дзеду патрэба там была, а проста нейк па прывычцы зайшоў туды. І ў клуні заўсёды весялей на душы робіцца. Сена, салома, кучка сечкі, шулы, цапы, граблі – усё гэта бясслоўныя, але шчырыя памочнікі або маўклівыя, але ўважлівыя сведкі яго працы.

Дзед азірнуў клуню.

Уся яна, разам з гэтымі шуламі, сохамі, кроквамі і латамі, і ўсе гаспадарскія прылады ў ёй зроблены рукамі дзеда Баўтрука. І клуня, і кожная рэч у ёй умелі гаварыць, расказалі б цікавую гісторыю свайго паходжання, разумеецца, асяродкам гэтай гісторыі і ў самым асяродку быў бы дзед Баўтрук.

Добрая клуня, але беднавата ў ёй. Ды ці ж дзіва гэта?

Зноў забірае дзеда абурэнне проціў нявесткі. Жарабка прадала! Прадала, нягледзячы на тое, што дзед усімі сіламі працівіўся. З чым жа гаспадарку падымаць будзеш? Эх, Тодар, Тодар! пакукуеш ты за сваёю жонкаю. Змые табе яна гаспадарку.

Тодар з вайны яшчэ не вярнуўся. Дый вайна гэтая, каб яе агні высмалілі, канца сабе не мае. Гніў у нямецкіх акопах, а цяпер? Чорт яго ведае, што цяпер робіцца... Буржуі, пралетары. Адкуль яны ўзяліся? Які лысы чорт на свет іх пусціў? Якое трасцы яшчэ ім трэба? Яшчэ раз плюнуў дзед Баўтрук і выйшаў з клуні.

Тупае стары Баўтрук і месца сабе не знаходзіць, як бы гэты свет цесны стаў яму. Аставацца ж тут няма чаго. Чаму? Ды проста ён тут лішні. І не тое, каб лішні: мужчынскае вока павінна быць. Але калі ты бачыш, што ў гаспадарцы робіцца не так, як хацеў бы ты і як павінна б рабіцца, то хіба ж ты не лішні тут? І так цярпеў чорт ведае колькі.

А за што? А чаго? Эх, брында ты, брында! Не слухаеш старога – скулу мець будзеш.

Зірнуў неўзаметкі на хату. Нявестка, падол падаткнуўшы, з двара выходзіла – ці не зелле рваць? Счакаў з хвілінку дзед і назад у хату павярнуў. У сені зайшоў, патупаў і ў патайную мясцінку руку засунуў. Дастаў прыхованыя тры «керанкі» па сорак рублёў. Разгарнуў – ляжаць, падлы. З гэтымі «керанкамі» не так даўно сякія-такія надзеі дзедавы злучаліся – адзежу справіць сабе хацеў, ды спазніўся: «керанкі» хадзіць перасталі. Цяпер за іх і на нюх табакі не купіш. Паглядзеў на іх дзед – страта, але што ты зробіш?.. Ну, згодзяцца – не згодзяцца, няхай сабе ляжаць – есці не просяць. І палажыў іх дзед у патайную кішэньку суконнага пільчака.

Дзед Баўтрук ведае, што яму рабіць. Ты яго не напалохаеш, а покі ён ходзіць па зямлі, у яго і хлеб будзе.

Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Паплёўся ў той бок, дзе бярэзіна стаяла. І хлеба не захацеў узяць з сабою ў дарогу.

 

 

II

 

Параўняўся з бярэзінаю дзед, поглядам акінуў яе – сярод тысячы бярэзін пазнаў бы яе, як бы гэта і не дрэва, а нейкі блізкі прыяцель. Уздыхнуў дзед, мінаючы бярозу, на бітую дарогу выйшаў, направа павярнуў. Сустрэчны ветрык абняў яго, адзінокага: з рэдзенькаю, пасівелаю дзедаваю бародкаю гуляе. Узбоч дарогі – лясок, па другі бок – поле, а ўгары папялястыя хмаркі паўзуць. На елачцы дрозд прымасціўся і высвіствае свае песні, а дзед свае думкі думае.

Эх, многа думак перадумана ў дарозе адзінокімі галовамі! І дзед Баўтрук – чалавек адзінокі, адзінокі з таго часу, як пахаваў сваю старэнькую, вечны ёй пакой.

Цярэбіць вецер дзедаву бараду, касмыком сівых валасоў пагульвае. А дзед ідзе з цяслярскаю сякеркаю. На Бярозавым хутары ёсць работа: свіронак перасыпаць ды паветку змайстраваць Адольфу Даўнару. Ужо колькі разоў наказваў дзеду Баўтруку Даўнар, каб на работу прыйшоў, а пазаўчора і сам па гэтай справе заходзіў.

Мінуў дзед і трэці лясок, яшчэ адно поле прайшоў і ўлева на Бярозавы хутар на дарожку павярнуў. Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. І зямля някепская... Добра жыве, падла, Даўнар!

Апошнімі часамі, як вайна з палякамі пачалася, скубянулі трохі Даўнара. Адыходзілі бальшавікі і забралі стаеннага жарабца, а замест жарабца пакінулі раненую дзесь у бойцы з палякамі кабылу. Але Даўнар, можна сказаць, нічога на гэтым не страціў. Вылечыў яе, падправіў, – як печ, кабыла, жарабят добрых вадзіць будзе. І цяпер Даўнар толькі ў вус пасмейваецца. Тут і сам дзед Баўтрук у вус усміхнуўся – Даўнарову жонку ўспомніў.

Па слядах бальшавікоў палякі прыйшлі. Вынесла Даўнарыха з хаты стол, белым абрусом накрыла, з хлебам і соллю палякаў спаткала і нават прамоваю іх прывітала:

– Прыйшлі нашы збавіцелі.

А гэтыя «збавіцелі» дзвюх лепшых кароў Даўнарыхіных забралі. Паплакала Даўнарыха і «польшчыць» з таго часу перастала.

Сам Даўнар сустрэў дзеда ў варотах і руку прыветна паціснуў. У зацішку на бярвеннях прыселі, курэцкія прылады дасталі і Даўнаровага тытуню закурылі. Пагутарылі аб парадках сучасных, аб нягодах жыцця, аб клопаце-згрызотах сваіх пагаманілі. А потым да справы прыступілі.

Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. За гэта і цанілі дзеда гаспадары. Агледзелі свіронак. Даўнар свае меркаванні вылажыў, і дзед, як майстар, патрэбныя заўвагі зрабіў і матэрыял адабраў. Таксама і пра паветку ўдвух памеркавалі, а затым ужо ў хату пайшлі, каб папалуднаваць і за полуднем аб цане дагаварыцца.

– Дык колькі ж, васпане майстру, за работу возьмеш? – запытаў Даўнар.

Дзед трохі падумаў.

– А колькі ж? Я ўважаю так, пане Даўнару: за свіронак сем пудоў, калі на жыта лічыць, і за паветку пяць.

– А не дорага будзе, васпане майстру?

Патаргаваліся, на дзесяці пагадзіліся.

– А як жа плаціць вам: збожжам ці грашамі?

– А лепей грашамі, – сказаў дзед, – з жытам клопату болей. А нявестка яшчэ жарабка прадала. – Пры гэтым дзед аж уздыхнуў, але болей нічога не сказаў.

Даўнар быў чалавек-прайдоха, спрытны і хітры. На курсе грошай таксама не даваў маху.

– Ну, што ж? Як вам лепей. Грашамі, дык грашамі.

– А колькі цяпер пуд жыта каштуе? – пацікавіўся дзед.

Даўнар зірнуў на рог печы.

– Сто дваццаць тысяч, – сказаў ён і таксама ўздыхнуў.

Гэты яго ўздых як бы казаў: «Ось бачыш, браце, якія грошы я павінен плаціць табе». Тым жа часам у такой цане жыта было з месяц таму назад, але Даўнар не сказаў пра гэта – абдзірала! А дзед, пачуўшы тысячы, аж падскочыў.

– Сто дваццаць тысяч!.. Ці бачылі вы? А-а-о! Бадай іх пярун; сто дваццаць тысяч! Колькі ж гэта трэба часу, каб іх злічыць?.. Варʼяцтва, чыстае варʼяцтва!.. А колькі ж гэта за дзесяць пудоў будзе?

– Мільён дзвесце тысяч, васпане майстру.

Вочы вырачыў дзед.

– Мільён ды яшчэ дзвесце тысяч!

Галавою паківаў дзед Баўтрук і ўрэшце прамовіў:

– Тфу, каб ты згарэла! І галава не трымае.

А Даўнар заўважыў:

– Цяпер, васпане майстру, усе мільянерамі сталі. У іншых калені голыя, па карку вошы поўзаюць, а мільёнамі кідаюцца. Вось яно што!

– Дзівота! – ніяк не мог апамятавацца дзед Баўтрук.

Папалуднаваўшы, за работу ўзяўся дзед і пільчак з трыма «керанкамі» скінуў. Весела застукала цяслярская сякера па звонкіх бярвеннях, а лясок кожны стук яе падхватвае і на свой лад перадражнівае. Чэша дзед Баўтрук сякераю і думае, колькі ж гэта рублёў выбівае з бервяна кожны яе гак, і нейкі смех паварушвае часамі пасівелыя вусы дзедавы. І яшчэ думае дзед, якія слаўныя боты вычаша ён сабе гэтаю сякераю... Мільён ды яшчэ дзвесце тысяч! Гэта табе не ў яйцы пішчыць.

Два тыдні стукаў цяслярскаю сякераю дзед Баўтрук. Пра згрызоты свае хатнія забыўся. Мільён ды яшчэ дзвесце тысяч усё засланілі сабою. «Ці мог спадзявацца хто, – думаў дзед, – каб ён свае заработкі мільёнамі лічыў?» І Даўнараў афарызм таксама з галавы не выходзіў: «Калені голыя, а мільёнамі кідаемся...» Ну, як бы там ні было, а боты ён сабе справіць.

Праз два тыдні свіран, як новы, заззяў – сам дзед залюбаваўся. Калі Даўнар аглядаў яго, то з-пад гаспадарскіх вусаў смех задавалення выбіваўся, і твар, як ружа, зацвіў. А паветка – хоць ты вачэй не адводзь.

Падзякаваў Даўнар здольнаму майстру, мільён ды яшчэ дзвесце тысяч адлічыў яму і навучыў нават, як тыя грошы пазнаваць. А пра тое, што за гэтыя грошы цяпер ужо і пуда жыта не купіш, нічога не сказаў, гад.

Развіталіся дзед з Даўнаром у найлепшай згодзе. На дарогу добрую папушку тытуню – гасцінца – даў дзеду Даўнар.

Вясёлы дзед з хутара пайшоў. І злосць адлягла на нявестку. Таксама і па ўнуках трохі замаркоціўся дзед, асабліва па Андрэю. Шэсць гадкоў хлопчыку. Слаўны малы, і па дзеду пайшоў. Ну, і Танька някепская дзяўчынка. Абы толькі выгадаваць іх як належыць. Хацелася дзеду на хутар, дамоў, дзе тая бярэзіна стаіць, але надумаўся па дарозе Лукаша даведацца, свайго старэйшага сына, як яны там жывуць.

І пайшоў дзед Баўтрук да Лукаша. Яно так яму яшчэ і зручней. А ў Лукаша і работа для дзеда знайшлася. У цялежцы трэба было лёсткі новыя даць, аглабіцы замяніць і вузгалоўе другое палажыць. На цэлы тыдзень затрымаўся дзед у Лукаша, а яшчэ дні праз тры ў горад на кірмаш пайшоў, бо дачуўся дзед, што грошы падаюць. Як яны там падаюць, дзед добра і не ведаў, бо яго болей цікавіла пытанне, ці ходзяць грошы наогул, а раз ходзяць, то з яго кішэні яны не пападаюць.

 

 

III

 

Ужо гадзіны тры ходзіць у Мінску на Траецкай гары. Тады яшчэ яна не называлася «Площадь Парижской коммуны», а проста была Траецкая гара, якою памятаў яе дзед гадоў шэсцьдзесят. Чакаў дзед, покі торг разгарыцца, бо тое, што ён там пачуў, яго нашчэнт з тропу збіла.

Убачыў дзед – боты хтось носіць.

– Прадаеце боты?

– Прадаю.

Узяў дзед іх у рукі, памацаў тавар, кіпцем па падэшве правёў, яшчэ павярцеў іх трохі і запытаў:

– А колькі хочаце?

Худы і бледны чалавек з ботамі паглядзеў дзеду ў вочы і сказаў:

– Як аддаць – трыццаць лімончыкаў.

Дзед Баўтрук і рот разявіў.

– Трыццаць мільёнаў? Колькі ж гэта будзе на старыя грошы?

– За такія боты і да вайны пяць рублёў браў.

– Пускаеш ты, чалавеча, туман у вочы, – пачаў дзед Баўтрук худога чалавека на чыстую ваду выводзіць, – да вайны я прадаў сем пудоў – і боты сабе справіў, ды не такія, як гэты тандэт, а сапраўдныя, гаспадарскія боты, з падкоўкамі.

Чалавек з ботамі на дзеда паглядзеў з нейкім дакорам, галавою патрос.

– Галава твая капусцяная, – прамовіў ён. – Я ж прашу з цябе тры пуды. Дай тры пуды жыта і боты бяры.

Яшчэ больш здзівіўся дзед Баўтрук.

– То так бы і казаў, а то – трыццаць мільёнаў! У мяне дзесяць пудоў за мільён і дзвесце тысяч пайшло, а ён свае тры пуды за трыццаць мільёнаў лічыць.

«Ашуквае», – падумаў дзед, завярнуўся і пайшоў ад чалавека з ботамі.

– Тфу, пень дурны! – пачуў дзед за сабою.

– Чорт цвілы! – асекся дзед і пасунуў далей.

На сярэдзіне рынку спыніўся. Бачыць тавар: падэшвы, падноскі, перадкі, халявы новыя, халявы старыя. Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае:

– Колькі за гэта?

– Пяць мільёнаў.

Выпусціў дзед падэшву з рук, прадаўцу ў вочы зірнуў і моўчкі адышоўся.

Што ж гэта за ліха? Пяць мільёнаў падэшвы! Пайшоў дзед знаёмых шукаць. Каля аднаго воза кучка сялян сабралася, гамоняць. Аб грошах гутарка ідзе.

– Што цяпер мільён? – пытаў адзін селянін, спусціўшы з воза ногі. І тут жа сам адказаў на сваё пытанне, адказаў адным толькі словам. А потым і прыкладам паясніў яшчэ.

– За мільён цяпер не купіш і таго дабра, што за адзін раз карова накладзе. Што купіш раніцаю, таго не купіш вечарам.

– А пэўна ж не купіш, – згадзіліся слухачы.

– Бывала, можна было і прыхаваць капейку, а цяпер – маеш гэтую брыду, дык і дамоў не вязі: што купіш раніцаю, таго не купіш вечарам.

– Не купіш, не купіш.

Агульны вывад усіх гэтых гутарак быў адзін: калі маеш грошы, то дадому іх не вязі, праз два дні скулу за іх купіш.

Слухаў дзед Баўтрук і разумець пачынаў, што значыць «падаюць грошы» і чаму не трэба іх доўга ў кішэні насіць.

Адышоўся ціхенька дзед Баўтрук, патыліцу паскроб.

«Называецца – зарабіў! Свіран перасыпаў і паветку паставіў. Дзесяць пудоў жыта! І людзям брыдка сказаць... Але ж і Даўнар!.. Ой, круцель, круцель, трасца матары».

І пайшоў дзед па рынку хадзіць; ходзіць, па сваіх грошах тавар выглядае. Каля кучы гаршкоў і збаноў спыніўся. Спарышыкі дзеду ў вочы кінуліся, асабліва вось гэтыя: якраз, як некалі нябожчыца яго Агата купіла. Расчуліўся нават дзед, на гэтыя спарышы гледзячы. У руку іх узяў, а другую ў кулак згарнуў і чучкамі па спарышах злёгку пастукаў. Касцельным звонам спарышы звіняць. Ахвота падпала спарышы тыя купіць. Паўтара мільёна просяць за іх. І стаў дзед Баўтрук спарышы таргаваць. З гадзіну таргаваўся. За мільён вытаргаваў іх ды яшчэ ў прыдачу казельчыка-свісцёлачку для ўнука Андрэя. А на рэшту грошай тытуню сабе купіў і дзве пляцкі ёмкія і дамоў пайшоў.

Прысеў адпачыць у дарозе. Даўнаровага тытуню закурыў, пакупкі свае агледзеў яшчэ раз. З кішэні казельчыка выняў – зграбны, падла: ножкі – па каленцы, пад чэраўцам – рыжаваты, хвосцік угору задзёрты, а ў хвосціку дзірачка, пад хвосцікам дзірачка і па баках па дзірачцы. Паднёс дзед хвосцік у рот, падзьмуў – свіснуў казельчык, аж рэха па лесе пайшло. Усміхнуўся дзед Баўтрук: вось будзе рад унучак Андрэй!

[1925, 1952]


[1925,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6