epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Не з таго канца

I
II
III


I

 

Хмуры асенні дзень саступаў месца шумнаму гарадскому вечару. Тысячы людзей жывым патокам залівалі вуліцы і пабітыя, як воспаю, ямамі тратуары, дзе так лёгка аступіцца, ускочыць у калдабан і выкруціць ногі або насадзіць на галаву ёмкую шышку. У гэтым людскім патоку траляваў і малады пісьменнік з чацвёртай катэгорыі, несучы ў сабе тэму, план і метады яе распрацоўкі.

І вось жа здараюцца часамі гісторыі з людзьмі, калі яны ідуць рознымі дарогамі і раптам гэтыя дарогі перасякуцца ў якім-небудзь пункце, перакрыжуюцца, а вынікам такога перакрыжавання бывае тая ці іншая праява.

Так было і з пісьменнікам Чацвярцінскім. Апрача яго ўласнай пісьменніцкай дарогі, тут перасеклася яшчэ дарога двух рабочых і літаратурнага крытыка Ляшчоткіна. Пісьменнік, як паказвае і само слова, пісаў. Крытык, вядома, крытыкаваў, накіроўваў мыслі пісьменніка на правільны шлях. Пры гэтым ён глыбока ўздыхаў, што «ў нас няма сапраўднай крытыкі», забываючы аб тым, што такімі ўздыханнямі ён зніжае вартасць сваёй уласнай работы. Для пісьменніка ж горш за ўсё было вось што: крытык адвёў яму чацвёртую катэгорыю пісьменнікаў. І пісьменніцкая і царабкопаўская катэгорыі чацвёртага вымеру аднакава прыкры для чацвярціншчыкаў.

«Трэба вылезці з гэтай паганай катэгорыі», – сказаў сам сабе Чацвярцінскі і стаў думаць, як гэта зрабіць. Ён успомніў Ляшчоткіна і, кіруючыся яго крытычнымі патрабаваннямі, намерыўся даць у сваім новым апавяданні тып рабочага і паказаць яго быт. А каб апавяданне мела большую жыццёвую праўду і мастацкасць, то трэба дасканала вывучыць той абʼект, аб якім ты хочаш пісаць. Вось гэтая мэта і кіравала цяпер Чацвярцінскім.

Параўняўшыся з кіно «Чырвоная зорка», Чацвярцінскі ўважна павярнуў галаву налева, каб не мінуць той эксперыментальнай лабараторыі, дзе ён і думаў пачаць вывучэнне свайго абʼекта і дзе быў намалёван дзябёлы кухель з пеністым півам.

Нізкая, цёмная, сырая, халодная, брудная, смярдзючая, працятая дымам і ўсялякімі чалавечымі парфумамі піўнушка была набіта бітком. Усе столікі былі густа аблеплены народам самых розных катэгорый. Сухі, высокі прыказчык і нізкая, тоўстая, як кухель, прыслужніца стаялі за доўгім сталом, не ўпраўляючыся адкаркоўваць бутэлькі. Пад шклянымі рамамі на гэтым стале маркотна ляжалі сухотнікі-тараны, селядцы, хлеб і тоўстыя скруткі кілбас, напамінаўшыя сабою гіганцкіх чарвякоў, загорнутых у дубовую кару.

Сакаліным вокам акінуў Чацвярцінскі піўнушку. Вольнага месца не было, а той малюнак, што расчыніўся перад яго зіркам, проста напрошваўся на палатно. Кожны столік і кожная група выпівак мелі своеасаблівую адзнаку і сваё хараство. Асобы, якія выконвалі тут сваю праграму процантаў на пяцьдзесят, трымаліся даволі дынамічна, жыва і весела. Яны голасна гаварылі, махалі рукамі, выстаўлялі сябе з геройскага боку, пазіралі на пустыя бутэлькі, рабілі кароткую нараду і пасылалі па новыя. Тыя ж, што падганялі сваё заданне к канцу, сядзелі панура, спусціўшы на стол галовы, як бы збіраючыся нарысаваць носам праект нейкага будынка. Язык іх варочаўся цяжка, налягаючы на літару «р». Адным словам, гэта былі людзі, аб якіх можна сказаць словамі аднаго жартаўніка: «Чырвоныя па форме і вясёлыя па зместу».

 

 

II

 

Некалькі хвілін Чацвярцінскі стаяў, аглядаўся. У глыбі піўнушкі, у малапрыметным кутку, сядзела за столікам двое мужчын сярэдніх год. Іх адзежа, рухі, манеры і ўвесь выгляд казалі Чацвярцінскаму, што гэта – рабочыя ад станка, а іх і шукаў пісьменнік. Дзве пустыя і дзве поўныя бутэлькі сведчылі аб тым, што выпіўка была толькі ў самым пачатку. Але калі б Чацвярцінскі зірнуў больш уважна на павесялеўшыя твары двух прыяцеляў, то ён лёгка пераканаўся б у сваёй памылцы.

– Таварышы! Можна да вас прысуседзіцца? – як мага далікатней, ветла і пачціва запытаўся Чацвярцінскі.

Абодва прыяцелі разам паднялі вочы на пісьменніка. Першы з іх, што сядзеў бліжэй, шырокі, чарнявы, наўперад акінуў поглядам суседнія столікі. Відаць, ён хацеў сказаць, што там ёсць вольныя месцы. А паколькі гэтых вольных месцаў не аказалася, ён даволі сярдзіта пасунуўся і не сказаў нічога. Другі, высокі, бялявы, наадварот, зірнуў на пустыя пісьменнікавы рукі і казаў:

– Суседства-то яно, суседства...

Чацвярцінскі тым часам падсунуў крэсла, заняў месца і зараз жа адказаў бяляваму:

– Думаю, таварышы, на суседства маё наракаць не будзеце.

І з гэтымі словамі шпарка памчаўся к буфету.

– Што гэта за ён такі? – буркнуў чарнявы, сурова і падазрона гледзячы на пісьменніка.

– От... хлопец... пабачым... – улагодліва заўважыў бялявы.

– Ці яму сапраўды не знайшлося месца, ці ён проста падсеў з якою-небудзь задумаю?

– А ліха яго бяры! Прынясе піва, дык выпʼем... ці не ўсё табе роўна?

– Выпʼем, а не выпʼем, дык вон выпрам, – з філасофскім спакоем згадзіўся чарнявы.

У адным не памыліўся Чацвярцінскі: чарнявы, Гранкевіч, і бялявы, Тулайка, сапраўды лічыліся рабочымі завода. Гранкевіч значыўся ў графе прагульшчыкаў, а Тулайка меў славу летуна.

– Калі суседзямі сталі мы, дык суседкамі няхай будуць яны, – сказаў Чацвярцінскі і паставіў на стол шэсць бутэлек піва.

– О! – пахваліў Тулайка. – Гэта сказана добра.

Чацвярцінскі зараз жа наліў піва суседзям і сабе.

– Чаму я, таварышы, папрасіўся ў вашу кампанію? – загаварыў пісьменнік, каб бліжэй азнаёміцца з суседзямі і завесці з імі гутарку. – Па-першае, усе сталы занятыя, а, па-другое, сядзець аднаму і ў наш – час калектыўнага жыцця і высокіх тэмпаў – проста нязручна і, па-трэцяе, вы мне спадабаліся, бо вы – рабочыя...

Гранкевіч і Тулайка чуць-чуць заварушыліся, як людзі, чыё імя праслаўляюць, а Чацвярцінскі казаў далей:

– З рабочымі ж мне хочацца пазнаёміцца блізка, увайсці ў іхняе жыццё, думаць іхнімі думкамі, пазіраць на ўсё іхнімі вачыма...

– І ррабіць, – Гранкевіч падняў на Чацвярцінскага ўжо трохі мутнаватыя вочы і замест далейшых слоў пачаў махаць рукою, а потым гутарку рукі змяніў словамі, – іхнімі ррукамі? – а ў гэтых словах чулася не то згода, не то злая насмешка.

– І супраць гэтага нічога не маю, – згадзіўся Чацвярцінскі.

– На завод думаеш паступаць? – пацікавіўся Тулайка.

– Не, не тое каб паступаць, але рабочымі наогул цікаўлюся: рабочыя – гэта тая галоўная сіла, якая пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі адыграе важнейшую роль у будаўніцтве. Рабочыя – гэта соль зямлі.

Гранкевіч і Тулайка скромна апусцілі вочы, прычым першы з іх незаметна штурхнуў прыяцеля нагою, што азначала: «Дзяржы вуха востра!»

– А сам жа ты хто? Якую должнасць займаеш? – запытаў цікаўны Тулайка.

– Я – пісьменнік! – горда прагучала гэтае слова ў ціхім кутку піўнушкі.

Гранкевіч і Тулайка занепакоіліся.

– Гэта што ў насценных газетах пішуць? – запытаў Гранкевіч, а Чацвярцінскі сарамліва казаў:

– Ну, калі здарыцца такі выпадак, то і пісьменнік піша ў насценгазеце, але не гэта яго асноўная роля. Ён піша вершы-песні, апавяданні, раманы, – адным словам, – кнігі, зарысоўвае сучаснае жыццё, людзей, дае іх партрэты, выводзіць тыпы і ў такім плане, каб усё гэта дапамагала нашаму часу... А можа, таварышы, закусім чаго?.. Ды што я пытаю!

Пісьменнік зноў папёр да буфета, а Гранкевіч і Тулайка зірнулі адзін на аднаго, абмяняліся думкамі.

– Дае партрэты, выводзіць тыпы! – мнагазначна паківаў галавою Гранкевіч і задумаўся, апусціўшы галаву, а потым стукнуў кулаком.

– Я табе такі выведу партрэт, што ты і сам сябе не пазнаеш!

– Кінь ты! – заступіўся за пісьменніка Тулайка. – Хлопец добры, пагаварыць любіць... Ну, няхай сабе піша!

– Піша! Так табе напіша ў газетцы, што пальцам на цябе будуць паказваць.

– Адкуль ты ведаеш, што ён пра цябе напіша?.. Наадварот, можа якраз напіша не так, як ты думаеш.

– Ш! Дзяржы пяцігодку ў чатыры гады і больш – ні мур-мур!

Да стала падыходзіў Чацвярцінскі, прапусціўшы наперад прыслужніцу з талеркаю ў руках і з відэльцам.

Налілі шклянкі. Стукнуліся. Выпілі. Выцерлі губы і вусы. Сталі закусваць.

– Становішча рабочых, наколькі я ведаю, паляпшаецца ў сувязі з павышэннем якасці прадукцыі...

– Што паляпшаецца, то паляпшаецца, – пацвердзіў Тулайка.

– А скажыце, як шырока практыкуюцца ў вас новыя метады работы?

– Практыкуюцца шыррока! – сказаў Гранкевіч і прыціснуў кулаком стол.

– Ёсць у вас ударніцтва?

Гранкевіч уразумеў, аб чым ідзе гутарка. Глынуў кусок селядца, зноў згарнуў кулак і ўжо цвёрда адрапартаваў.

– Ударрніцтва, бррыгады, вытворрчыя манеўрры – пррактыкуецца!

– І сустрэчныя прамфінпланы, – дадаў Туланка, – і прамфінпланы.

– А колькі, так от, у сярэднім, выганяе рабочы на вашым заводзе?

– А гэта, браце, як хто працуе. Больш зробіш, больш выганіш, – нейтральна зазначыў Тулайка.

– Я калі завінуся, па-ўдарніцку, то выганяю... ррублёў тррыста! – пусціў пылу на ўсякі выпадак Гранкевіч, згортваючы кулак.

– Ну, але ж і прагулы бываюць на заводзе?

– Ад такіх элементаў мы ррашуча адмяжоўваемся, – не міргнуўшы, адрэзаў Гранкевіч, згарнуўшы два кулакі.

У такіх прыблізна гутарках праходзіў час. Чацвярцінскі яшчэ разы два адлучаўся да буфета. Тады прыяцелі падміргвалі адзін аднаму, не адступаючыся ад свайго намеру трымаць вуха востра.

Гутарка, як здалося пісьменніку, вялася ў атмасферы таварыскай згоды і ўзаемнага разумення. У галаве, хоць і шумела, складаўся план абрысоўкі персанажаў апавядання, прыходзілі вельмі трапныя мыслі, ахінаючыся ў дасканалыя слоўныя формы. Цікавіўся Чацвярцінскі і бытам рабочага і выказаў жаданне паглядзець сваімі вачыма, як жыве рабочы дома, і суседзі пайшлі яму цалкам насустрач. Пры гэтым Гранкевіч зноў штурхнуў Тулайку нагою, а гэта значыла: матай на вус.

Апошні момант іх гутаркі быў прысвечан справе культуры.

– А якая работа праводзіцца ў вас на фронце культуры?

– Фронт культуры? – патрос кулаком Гранкевіч. – Горршага фронту, як нямецкі фронт, ты, бррат, не пабачыш!.. не, не пабачыш!.. А ў нас фрронт культуры!.. Фрронт ці не фрронт? – запытаў ён у Тулайкі.

– Фронт, і які яшчэ фронт!

– А чаму фронт? Ну?.. чаму фронт?.. Эх, ядрыт тваю галаву!.. Фронт! Гранкевіч пакруціў галавою, заскрыгітаў зубамі, сказаўшы яшчэ раз: – Фронт!

 

 

III

 

Няроўнаю паходкаю выходзілі ўсе трое з піўнушкі, падтрымліваючы адзін аднаго. Народ яшчэ густа плыў туды і сюды, несучы з сабой свае думкі, свае інтарэсы. Мае тры героі спусціліся ўніз. Ішлі доўга. Мінулі мост, павярнулі направа. Чым далей ішлі яны, тым цішэй і глушэй станавілася навокала. Выразней выступала цёмнае, хмурнае неба, і гусцей агортваў цяжка навісшы змрок. Ідучы, яны больш маўчалі або абмяжоўваліся кароткімі і самымі патрэбнымі словамі і выгукамі. Гарадскі рух і шум заціхаў, глушэў і нарэшце змяніўся поўным бязлюддзем і маўклівасцю ночы.

Чацвярцінскі стараўся ўявіць сабе тую хатнюю абстаноўку рабочага, якую ён зараз павінен пабачыць, але яны ўсё ішлі, і гэтая хада яму стала надакучаць.

– Далёка ж вы жывяце, таварыш, – пачаў трохі непакоіцца Чацвярцінскі, пабачыўшы, што яны выходзяць на нейкую цёмную ўскраіну ў раёне могілак.

– Кватэррны крызіс! – паясніў Гранкевіч, не выпускаючы аднак яго рукі.

Следам за імі калыхаўся высокі Тулайка. Яшчэ прайшлі сажняў сто, пакінуўшы справа могілкі.

– Стой! – раптам скамандаваў Гранкевіч. Чацвярцінскі пачуў, як жалезныя пальцы абхапілі рукаў яго паліта.

– Вось тут мы з табою пагаворым! – страшная пагроза пачулася ў голасе Гранкевіча, і голас яго стаў чысты і цвярозы, а ўсё далейшае зрабілася так раптоўна і нечакана, што Чацвярцінскі не паспеў і слова сказаць, як пачуў, што яму далі падножку, і ў той жа момант ён гопнуў вобземлю.

– Таварышы, браткі! За што?

– Маўчы! – з прыціскам сказаў Гранкевіч. – Пытаўся ты ў нас, цяпер запытаемся мы.

– А ты кажы праўду: лепш будзе, – параіў пісьменніку Тулайка.

– Браткі! Што вы да мяне маеце? Што вы са мною робіце?

– Маўчы! – яшчэ раз сказаў Гранкевіч, палажыўшы яго на спіну і прыціснуўшы рукі.

Тулайка прытрымліваў яго за ногі.

– Гавары: нашто гэта табе ведаць, як хто жыве? – спытаў Гранкевіч.

– Я хацеў шчыра і праўдзіва напісаць пра рабочага, паказаць яго з найлепшага боку.

Гэтыя словы кранулі Тулайку.

– А не хлусіш ты? – запытаў ён, чуць аслабіўшы яму ногі.

– Зарэжце мяне тут, калі я кажу няпраўду! – шчыра і з жарам выгукнуў з зямлі Чацвярцінскі.

– Не спяшайся, – разважліва азваўся Гранкевіч, – рэзаць мы цябе не будзем, а выразаць што-небудзь можам, – факт.

У беднага пісьменніка сэрца апала, горача зрабілася, а бязлітасны Гранкевіч не адступаўся.

– Хто цябе падаслаў?

– Браток, родненькі! Ніхто не падсылаў мяне!

Тут ён успомніў крытыка Ляшчоткіна. Ды што аб ім гаварыць?

– А партрэты і тыпы? Навошта ўсё гэта?

– Я ж хачу іх вывесці, паказаць з самага лепшага боку рабочага.

– Ведаем твае лепшыя бакі: прагульшчыка, лодара – вось ты што хацеў вывесці, выставіць на смех, каб потым прагналі чалавека, з саюза выключылі.

– Таварыш, дарагі таварыш! Я ж вас лічыў і лічу за найлепшых...

– А калі мы прагульшчыкі? – пацікавіўся Тулайка.

– Аб гэтым я нічога не ведаю, а калі б і ведаў, то пісаць аб гэтым не буду.

– Дык ты – прымірэнец, сукін ты сын!

– Не, брат: факт астаецца фактам! – зноў прыстрашыў Гранкевіч.

– Няхай дасць прысягу, што не будзе пісаць нічога дрэннага, – параіў прыяцелю Тулайка.

– Даеш прысягу? – нарэшце злітаваўся Гранкевіч.

– Даю, таварышы!

– Дык глядзі, – рэзюмаваў Гранкевіч: – калі толькі дзе-небудзь, калі-небудзь ты зробіш нам пакасць сваім паганым пяром, то вот табе сведка гэтая ноч і могілкі: я дастану цябе са дна мора і зраблю тое, што на гэты раз дарую табе, – факт! Вось гэтым самым нажом! – Гранкевіч паднёс пад самы нос Чацвярцінскаму складаны ножык.

– А цяпер ідзі і не рабі людзям прыкрасці! Ён паставіў Чацвярцінскага на ногі і злёгку даў яму каленам.

[1931, 1952]


[1931,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6