epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Неба

Дружа! Кінь на неба вока –

Колькі зорак, колькі зор!

Як прывольна, як далёка

Ззяе, свеціцца прастор!

 

Як спакойненька ў разлогах

Ходзіць хмарак карагод,

І няма ім у дарогах

Ні бяды, ні перашкод!

 

Палюбуйся, паглядзі ты,

Як прыгожанька ўгары,

Як усюды бляск разліты,

Быццам неба ў пажары!

 

А цяпер зірні на землю:

Як тут цёмна, дарагі,

Як тужліва яна дрэмле

І як сон яе даўгі!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910