epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Неба

Зоркі таемныя, зоркі далёкія

Ціха мігаюць, дрыжаць.

Тонкія хмарачкі, лёгкакрылатыя

Белым абрусам ляжаць.

 

Скрозь іх валоканцы, рунь беласнежную,

Свеціцца глыб небясоў...

Эх, як спакойна ты, неба бяздоннае,

Царства далёкіх святоў!

 

Эх, як прыгожа ты, высь неаглядная,

Цёмная, сіняя гладзь!

Зоркі, як свечачкі, ў небе высокім

Кожную ночку гараць.

 

Эх, колькі прастору, эх, колькі раздолля!

Колькі таго хараства!

Што ж нам нявесела, людзі мы Божыя?

Што ж нам баліць галава?

Ночачка цёмная, ночачка зорная,

Ціш неабудная, цьма!

Волечка светлая, дзе ты, жаданая?

  Волі няма нам і шчасця няма!

 

8/ІХ 1909


08.09.1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910