epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Неўспагаднасць

Слаўся дым па тых прасторах,

Дзе ляталі нежывыя

Людзі-брацці, для каторых

Учынілі баль ліхія.

 

Смерць варʼяцтва тут рабіла

Над людзьмі і над зямлёю,

Злых пачаткаў цьмішча-сіла

Перайшла па ёй з касою.

 

Ўвесь пабіты, лес валяўся —

Ўзмах вайны ўсё нішчыць, глушыць,

Ў неба гэты дым ўзнімаўся,

Каб яго спакой парушыць.

 

Але ціхі, неўспагадны

Сініх высяў шыр-прасторы,

І скрозь наміткі ядвабны

Белых хмар смяялісь зоры.

 

10/ІХ 1916


10.09.1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938