epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Нёманаў дар

I
II
III
IV
V
VI
VII


I

 

Уся гэта каша заварылася пасля таго, як сюды прыязджаў стары скарбовы каморнік са сваімі інструментамі. Рабілася гэта вясной, скора па Вялікадні.

Я добра памятаю, як гэты пан ішоў праз сяло. Дзеці цэлай чарадой беглі за ім па вуліцы, бо такая фацэтная фігура тут зʼяўлялася яшчэ першы раз. Гэта быў стары пан, якіх цяпер мала дзе сустрэнеш. Доўгія сівыя вусы, спушчаныя трохі кнізу, прыдавалі строгі выраз поўнаму твару пана каморніка. Круглае пуза так далёка выдавалася ўперад, што, пэўна, пан не бачыў за ім сваіх кароценькіх ножак. Усякаму, хто пазіраў на пана, здавалася, што ён не ідзе, а нейк пасоўваецца, як бочка на калёсцах. І тое яшчэ было цікава, што гэтага пана ніхто не чакаў сюды і ніхто праве не бачыў, як ён прыехаў у сяло і спыніўся ў лесніка, што жыў тут на каморы. Праўда, і бачыць было не так-та зручна, бо ўсякі знае, што камора, дзе жыў ляснік, стаяла трохі наводшыбе, там, дзе вуліца сяла пераходзіць у тры дарогі, так што зʼяўленне гэтага старога незнаёмага пана ў зялёным капелюшы з пяром здзівіла ўсё сяло. На што ўжо сталая старая цётка Магда, якую, здавалася, нічога на свеце не магло зацікавіць, і тая выйшла на вуліцу і, прыпёршыся каля слупа варот, доўга аглядала пана, залажыўшы рукі пад фартух. Маладзіцы, несучы ваду на каромыслах, таксама праводзілі вачамі каморніка, як толькі міналі яго, каб лепш разгледзець. Каб гэты пан азірнуўся ў той канец, адкуль ён стаў ісці, ён убачыў бы сялян, якія то тут, то там стаялі кучкамі і аб чымсьці гаманілі, паказваючы на яго асобу.

– Хто гэта? Каморнік, ці што? – спытаў Казімір Жыбуль, падыходзячы да адной кучкі.

– Каморнік, – адказалі сяляне.

– Што ж ён мае тут рабіць?

На гэта пытанне ніхто не мог даць толкам адказу, а калі і гаварылі, чаго прыехаў сюды каморнік, то непрыменна дадавалі «мо», але такая гутарка не магла мець пэўнага характару.

– Відаць, будзе мераць тут недзе блізка, – сказаў Мацей Дворны.

– Чаму блізка? – спытаў яго адзін з сялян.

– Каб далёка, то ён бы ехаў, а не ішоў.

– Ну, але, – згадзіліся сяляне.

А тым часам пан каморнік, мінуўшы манапольку, звярнуў на другую вуліцу, па якой можна дайсці да Нёмана.

Двое рабочых, што неслі інструменты каморніка, і ляснік, які ішоў на крок ззаду ад яго, схаваліся ў другой вуліцы. Туды ж павярнула чарада сельскай дзятвы, а следам за ёю рушылі і сяляне. Так за ёмкім павуком цягнуцца ўсе павуцінкі, калі ён, намеціўшы сваю заблытаную ахвяру, не спяшаючыся, стала настаўляе на яе свае чэпкія лапы.

Трывога сялян, змешаная з цікавасцю, расла па меры таго, як каморнік падыходзіў да Нёмана. Усім хацелася, каб каморнік сеў у човен і пераехаў на той бок, але кожны быў упэўнены ў тым, што пан непрыменна паверне налева, туды, дзе ў апошнія гады Нёман, як бы зжаліўшыся над сялянамі і іх страшэнным сціскам, звярнуў ад сяла, зрабіўшы шырокую дугу, і адрэзаў ім раскошную луку. Праўда, тут быў сыпучы пясок, але цяпер пясок гэты стаў борзда пакрывацца скарынкаю, як маладое цеста ў печы, і зелянець смачнаю травою.

 

 

II

 

Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Кожны год удзярэ ён якую-небудзь штуку: то выкаціць на чый-небудзь шнур стары, мокшы вякамі ў вадзе труп дрэва, то выхваціць цэлую луку ў адных і прыточыць другім або падрэжа грунт, на якім доўгімі вякамі стаяў асілак дуб у самай добрай згодзе з суседам Нёманам. Не знае стрымання ён, не ведае, куды дзець свае магутныя сілы. Але ніхто не жаліўся на яго свавольства. А ў нашым сяле яго надта любілі, бо ён для сяла быў, як родны бацька: і карміў, і паіў, і на сваіх плячах кожнага вынасіў, і кожнага за лета разоў тры ў Коўна і Гродна вазіў ды яшчэ і на дарогу даваў грошы. Праўда, язда па Нёмане на плытах не зусім лёгкая рэч. Ды што лёгка даецца на свеце простаму чалавеку? Нёман быў нервам сяла, які будзіў яго жыццё і прымушаў чутка прыслухоўвацца да таго, што робіцца вакол. І ўсе важнейшыя справы былі так ці іначай звязаны з Нёманам. Тут, на беразе, што так блізка падыходзіў да сяла, збіраліся сяляне і радзілі свае рады. Кожны крок Нёмана, кожны спад ці прыбыль вады ў ім не праходзілі незаўважанымі для сялян. А ў апошнія гады Нёман задумаў новую штуку: у тым месцы, дзе бераг датыкаўся аднаго канца сяла, ён пачаў рабіць заварот, пракладаць новую дарогу, адразаючы шырокую луку да сяла. Прабегшы дугою побач з сялом, ён падыходзіў ужо да другога яго канца і далей бег старою дарогаю.

– От бы каго паслаць у Думу дэпутатам! – жартавалі сяляне, цешачыся, як Нёман праразае ім шырокі разгон, – па крайняй меры быў бы дэпутат, бо стаіць за нас!

Адрэзаная лука борзда засцілалася зялёнаю травою, і коні з вялікаю ахвотаю ўжо скублі яе, а сяляне радаваліся, што цяпер быў хоць невялікі прыпынак для скаціны. Дык і не дзіва, што з такою трывогаю пазіралі яны, куды паверне пан каморнік. Падышоўшы пад Нёман, гэты фацэтны пан звярнуў налева, якраз у луку. Яшчэ трохі прайшоўшы, ён спыніўся. Рабочыя павольна і далікатна паклалі на пясок інструменты, а пан каморнік, дастаўшы скрутак паперы і начапіўшы акуляры, стаў углядацца. Паглядзіць у паперы, потым на луку; зноў уткнецца носам ды зноў глядзіць перад сабой. Для ўсіх цяпер стала ясна, што на гэтую луку скарб хоча налажыць сваю лапу. Сяляне, зліўшыся ў агромную грамаду, павольна паціснулі да пана каморніка. Гурт людзей ішоў спакойна, як далёкая хмара, ды ў гэтым спакоі хаваліся бліскавіцы і громы затрыманага гневу. Сяляне спыніліся, акружыўшы каморніка тоўстай сцяной жывых цел.

– Што гэта за цацкі прывёз пан сюды? – спытаў каморніка Андрэй Зазуляк, кіўнуўшы галавой на каморніцкія інструменты.

– А такія цацкі, якімі ты не ўмееш гуляць, – спакойна адказаў каморнік.

«Глядзі, як рэжа!» – думалі сяляне і чакалі, што скажа на гэта Андрэй.

– А пан умееш? – зноў спытаў Андрэй.

– Я ўмею, – увесь век з імі гуляю.

– То добрая гульня, калі пан нагуляў такі жывот.

Каморнік зірнуў на Андрэя, і вусы яго заварушыліся. Відаць, хацеў нешта сказаць, але не знайшоў чаго. Ён яшчэ раз сярдзіта зірнуў на Андрэя з-пад сівых навісшых брывей.

– Адыдзіцеся, мужыкі, бо вы замінаеце мне, – сказаў пан каморнік.

– Што гэта пан думае рабіць? – спытаў хтось з грамады.

– Буду праводзіць граніцу і ставіць капцы, каб вы ведалі, дзе скарбовае і дзе ваша.

– Як?! І скарб хоча сюды зачасацца?

– Чаго ж ён маўчаў дагэтуль? Калі ж гэта да скарбу тут што належала? – пасыпаліся пытанні.

Вядомы ў вёсцы жартаўнік стары Ахрым, звярнуўшыся да грамады, сказаў:

– Няхай бы лепш пан каморнік прыйшоў у маю хату з гэтым дзелам, – тут Ахрым павёў рукой у бок каморніцкага трыножніка, – і правёў бы граніцу на печы, а то мы ніяк не памяркуемся з Аршуляю і ўсё сварымся. Я займу печ ад сцяны і скажу ёй, што гэта частка належыць да скарбу, а яна няхай сабе на чаране прышчыцца.

Мужчыны зарагаталі.

– От дык стары! Калі скажа што, усё роўна як у сцяну ўлепіць.

– Ці ж не праўда? – казаў далей дзед. – Скарб хоча залезці к нам на печ... Тфу! – плюнуў Ахрым. – Сораму ў іх няма! – і старыя вочы дзеда сярдзіта заблішчалі.

– Ты сабе плюй ці не плюй – мне ўсё адно: не мая гэта бацькаўшчына і не для сябе мераю. Паслалі мяне сюды, і я павінен слухаць. А вы сабе рабіце як знаеце. Мне ад гэтага няма ніякага прыбытку. Прагоніце мяне, не дасцё зрабіць работу – вас тут многа, а я адзін – біцца з вамі не буду.

– Мы да пана нічога і не маем, – пачуліся галасы з грамады.

Мужчыны адышліся.

– Стаў сабе, пан, капцы, праводзь граніцу. Няхай хоць тысяча капцоў стаіць тут, а гэты бераг як быў наш спрадвеку, то нашым і застанецца.

Цяпер грамада раскідалася на кучкі. Кожная кучка мела свайго прамоўцу. Адны гаварылі так, другія іначай. Сяляне раздзяліліся на дзве часткі. Меншая частка, маладыя мужчыны, стаялі за тое, каб не даць каморніку паставіць капцы. Другія, сталыя мужчыны, гаварылі, што так рабіць нядобра, бо ўмяшаецца паліцыя, і ім жа горш будзе. Проці гэтага доваду ніхто не мог сказаць, бо ўсім было на памяці, як гадоў тры таму была сварка з суседнім дваром і як у гэтую сварку ўмяшалася паліцыя. І не ўсе яшчэ сяляне, якіх тады арыштавалі, вярнуліся з астрога за супраціўленне начальству.

А каморнік пад гоман сялян рабіў сваё. Як паглядзелі яны на граніцу, то ўсе на момант замерлі: уся лука была адрэзана да скарбу. Граніца ішла каля самых платоў, дзе канчаліся агароды і дзе цягнуўся высокі вал голага пяску. У адным канцы граніцы ўжо быў глыбока ўкопаны слуп, як бы ён стаў тут на доўгія часы. З другога канца ставілі другі капец. Размераўшы, каморнік пайшоў назад, за ім рабочыя зноў няслі інструменты, а мужыкі, як аглушаныя громам, усё яшчэ стаялі.

 

 

III

 

Хітры, злодзей, гэты ляснік з каморы, дарма што малады. Як толькі каморнік, забраўшы інструменты, выйшаў з лукі, за ім пайшоў і ляснік, не даўшы і знаку, што яму наперад вядомы далейшыя планы сялян. Схаваўшыся з іх вачэй, ён спрытна замёў свае сляды, зайшоў з загумення і, прытаіўшыся ў кустах недалека ад лукі, пазіраў, што будуць рабіць сяляне, каб потым далажыць у лясніцтве.

– Ну, не здзек жа гэта? – апамятаўшыся, сказаў Андрэй Зазуляк. – Залезці да нас у хату і распараджацца, як дома. Ці ёсць на свеце справядлівасць?

– Ха! – махнуў рукой стары Ахрым. – Справядлівасць! Дзе яна, тая справядлівасць?! Справядліва пасадзілі ў астрог нашых хлопцаў? Справядліва паштрафаваў земскі, як судзіліся за пашу? Выдумалі справядлівасць, а спытай, нашто яе выдумалі, то і не скажуць! – тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва.

– Але ж усю дачысценька луку выкраіў!

– Ото дзіва! Цяпер яна карціць ім: праз два гады тут будзе добры луг, чаму ж не прыбраць яго?

Кожны селянін тут чуў вялікую крыўду. А пастаўленыя каморнікам капцы стаялі, як вартаўнікі скарбовых інтарэсаў, і адным сваім выглядам прыводзілі ў ярасць сялян, бо капцы гэтыя цяпер былі не простыя акапаныя слупы, а мелі аблічча заклятых ворагаў іх.

Доўга стаялі тут сяляне з сваёй крыўдаю, адзінокія, закінутыя, і нідзе іх вока не знаходзіла апоры і падмогі супраць гэтай кроўнай несправядлівасці. Доўга гаманілі і гулі яны пад адкрытым небам, як устрывожаны вулей, размахвалі рукамі, як лес лапамі ў грозную буру. Як трохі ацішэла ўспышка гневу, Андрэй Зазуляк увайшоў у сярэдзіну, зняў шапку і стаў ёю махаць. Сяляне змоўклі і бліжэй сталі да Андрэя.

– Вось што, хлопцы, скажу я вам. Жалавацца нам няма куды, і ніхто нас не падтрымае, хоць наша і святая праўда. Спытайцеся ў старых, – няхай вось скажа стары Ахрым, – усякі, хто памятае, скажа, што гэты бераг быў наш уласны, такім ён і павінен застацца.

– Павінен застацца і застанецца! Ты праўду гаворыш, брат Андрэй! – зашумелі вакол сяляне.

– Няхай хоць сто каморнікаў прыязджае сюды, – далей гаварыў Андрэй, – няхай ставяць хоць тысячу капцоў тут, а гэты бераг мы не ўпусцім; гэта дар Нёмана, дарагі дар, і мы павінны шанаваць яго. Зірніце вакол: тут няма той мясцінкі, дзе б не ступала наша нага; кожная пясчынка тут прыгладжана нашым лапцем; у гэтым жоўценькім пясочку кожны з нас качаўся, як быў малы. І аддаць гэты бераг – усё роўна, што дазволіць адсеч сабе руку або нагу. Няхай яны ставяць капцы, гэта іх дзела, а мы будзем выкідаць іх – гэта наш святы абавязак.

Сказаўшы гэта, Андрэй смела і цвёрда рынуўся на капец. За Андрэем паваліў увесь гурт народу.

Свежаўкопаны капец яшчэ не астояўся тут, і цяжкая зямля яшчэ не паспела асесціся. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Два мужчыны, пабраўшыся за канцы слупка, разгойдалі яго і далёка шпурнулі ў ваду.

Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў, і слупок, перакруціўшыся раз-другі, спакойна паплыў за вадою.

– Дар за дар! – сказаў Грышка Астапчук, які кідаў у Нёман слупок.

– Танна ты, брат, лічыш Нёманаў дар, – сказаў Грышку Мікіта Кажан.

– Гэ! Можа ён яшчэ што цікавейшае возьме! – сказаў стары Ахрым.

Так зрабілі і з другім капцом, і бераг зноў стаў такі самы, як бы сюды ніколі не заходзіў пан каморнік.

А ляснік, стоячы ў кустах, усё гэта бачыў і чуў.

«Ну, Ганна! Цяпер ты ў мяне крыху памякчэеш і не будзеш так высока задзіраць нос, калі табе хоць трохі шкада бацькі», – так думаў, стоячы, малады ляснік. Здаволены і вясёлы, шмыгануў ён у загуменне і выйшаў у поле з другога канца сяла.

 

 

IV

 

Веснавая цёплая ноч толькі што апранула зямлю і раскідала свае таемныя чары, поўныя крыху смутнага хараства. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе, а з-за лесу залатым пажарам узнімаўся кругам блішчасты месяц. Дробныя белыя хмаркі высцілалі яму дарожку сваімі лёгкімі празрыстымі тканямі і расступаліся перад ім, скупануўшы ў яго бляску свае танкарунныя кудры. Пахла зямля, багата акропленая расою. У сяле чулася гаворка і песні. Вясёлыя маладыя гукі смела ўразаліся ў цішыню ночы і бойка плылі на рэчку; тут яны ўпыняліся ў высокі бераг, адскаквалі назад і беглі ўздоўж яго па дузе лукі і заміралі ўжо за лагуном. У лагчыне над Нёманам дружна і заложна кракталі жабы. Было нешта смутнае і жалобнае ў гэтай простай і аднатоннай іх песні, што чапала душу ціхім смуткам і так сугалосна злівалася з маладою задумаю веснавой ночы. Сяло заціхала; зрэдку па вуліцы брыла адзінокая фігура селяніна, што дзесь запазніўся. Толькі дзяўчаты яшчэ не спалі і спявалі на прызбах песні.

Накінуўшы на плечы хустку, Ганна, дачка Андрэя Зазуляка, сядзела адна на сваёй прызбе. Часамі яна ўскідала на вуліцу вочы і злёгку ўздыхала. Каля калодзежа зачарнелася нейчая фігура, яна важна сунулася пасярод вуліцы. У гэтай фігуры нятрудна было пазнаць маладога лесніка. І зух жа гэты ляснік! І па ўсім відаць было, што ён стаяў вышэй усіх хлопцаў у сяле. Трэба было бачыць, як ён, апрануўшы сваю куртку з касцянымі гузікамі і закруціўшы вусы, ішоў вуліцаю і важна выкідаў нагамі, абутымі ў боты з блішчастымі халявамі. Тады здавалася яму, што ён падпірае сваёю галавою неба і што з яго дзівіцца ўсё сяло.

– Добры вечар, Ганна! – сказаў ляснік, падышоўшы да дзяўчыны і працягнуўшы ёй руку.

Ганна неахвотна падала яму сваю руку, ціха адказаўшы:

– Добры вечар!

– Што ж ты не просіш мяне прысесці? – зноў сказаў ляснік, стоячы перад дзяўчынай і дрыгаючы нагамі ў блішчастых ботах.

– Або ты звярэдзіўся. Ляжаў, як вол, увесь дзень.

– Ці ж толькі тых, хто звярэдзіўся, просяць садзіцца? – спытаў ляснік і падняў вышэй адзін вус. – Або ты бачыла, як я ляжаў?

– Падумаеш, якая цікавасць, – бачыць, як ён ляжыць, – сказала Ганна і стала пазіраць у другі бок.

Ну, і гэтая Ганна! Уродзіцца ж такая краля. Цяпер, як святло месяца ўпала ёй на твар, ляснік з хвіліну стаяў і не спускаў з дзяўчыны вачэй.

– Мусіць, ты, Ганна, чакала некага?

– А ведама, чакала.

– Каго ж ты чакала? Можа мяне?

– Ой, голубе! Патрэбен ты мне, як у мосце дзірка!

Зняважаны ляснік прыкінуўся, што ён не чуў гэтага, і, важна надзьмуўшы шчокі, – так рабіў пісар у лясніцтве, – ступіў некалькі крокаў каля прызбы.

– А я хацеў штось сказаць табе, Ганна, але ты такая паненка, што і прыступу да цябе няма.

– Ці ж ты што людскае скажаш? – спытала Ганна і засмяялася.

– Ты ведаеш, што ты ў мяне ў руках? – памаўчаўшы, знячэўку спытаў ляснік.

– Я ў тваіх руках? – ускінула Ганна на лесніка чароўныя вочы.

У сурʼёзнасці тону, якім ляснік сказаў апошнія словы, у голасе яго пачулася нейкая грозьба, і дзяўчына, у прадчуцці нядобрага, злёгку затраслася, сэрца яе заныла. Ды, каб схаваць гэтую няясную трывогу душы, яна спакойна сказала:

– Што ты хвалько і высока задзіраеш нос – вядома ўсім. Але я не падданая твая і не належная, і я цябе ніколечкі не баюся. І прыстане ж чалавек, як слата, нідзе ад яго няма супакою!

– Я не хвалько і носа не задзіраю. Калі і задзірае хто нос, дык гэта ты. Толькі ж я не прыйшоў сварыцца з табой. А сварыцца са мной табе ніяк не выпадае. Ты ведаеш, хто сягоння прыязджаў сюды?

– Каморнік – хто ж?

– А ведаеш ты, што зрабілі сяляне з тымі капцамі, якія па яго прыказу былі пастаўлены на граніцы?

– Вон павыкідалі, бо ім там не месца.

– Ага, і ты такая ж! А ведаеш, пад чыёю гэта камандаю рабілі сяляне? Ведаеш, хто першы даткнуўся рукамі да рубежных знакаў?

– Нашто мне гэта ведаць? А каб і ведала, то табе не сказала б.

– Мне казаць не трэба, бо я сам усё бачыў і ўсё чуў. Мяне не бачылі, бо я не такі дурны, як яны. Дык ведай жа, што гэта работа твайго бацькі. Гэта ён падмаўляў і падвучаў дурных мужыкоў. А цяпер яшчэ спытаю цябе: ты ведаеш, што за знішчэнне межавых знакаў саджаюць на цэлыя гады ў астрог? І гэта ты ведай! Можа тады і нос твой не будзе так высока падымацца ўгору.

Усё гэта ляснік гаварыў са злою насмешкаю і ўсё бліжэй наступаў на дзяўчыну. Ганна нізка апусціла галаву і маўчала, а ў лесніка вочы так і гарэлі. Ён бачыў, што на сэрцы ў яе смутна і што яго словы білі па самых балючых яе струнах. Некалькі хвілін ён маўчаў. Былі такія моманты, калі ён чуць-чуць стрымліваўся, каб не кінуцца да дзяўчыны і каб не абняць яе крэпка-крэпка.

– І ўсё, Ганначка, залежыць ад цябе! Скажы мне хоць адно ласкавае слова, хоць зірні на мяне лагодненька, і я ад усяго адступлюся, – гаворачы гэта, ляснік прыхіліўся да яе і, распрасцёршы рукі, хацеў абняць.

– Прэч! – крыкнула дзяўчына, выпрастаўшы свой стройны стан, і адхінулася ад лесніка. – Гад! – памаўчаўшы, дабавіла яна.

Ляснік на крок адступіўся.

– Ну, добра, – сказаў ён.

 

 

V

 

З другога канца вуліцы ціха, як цень, ішла высокая фігура. Пазнаўшы ў гэтай фігуры Васіля Падбярознага, маладога станавітага дзецюка, ляснік схамянуўся і хацеў ісці. Але гэты стрынгаль яшчэ гатоў падумаць, што ён, ляснік, яго збаяўся. Цяпер ляснік надта хацеў бы, каб і Васіль быў замешаны ў гэтую справу з капцамі. О, тады ён сухім не выйшаў бы. Не хадзіў бы ён такім козырам па вуліцы, не шаптаўся б з Ганнаю цэлыя ночы па цёмных куточках, дый яна не хілілася б да яго, як гібкая трава-бярозка да жыцінкі. Васіль таксама не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. І не раз ужо стыкаліся яны, але покі што справа далей жорсткіх слоў яшчэ не ішла.

– Добры вечар, Ганна! – сказаў, падышоўшы, хлопец.

– Добры вечар! Сядай, Васіль, – сказала Ганна і чуць пасунулася, каб даць яму месца блізка каля сябе.

Васіль сеў. Злосны і зняважаны ляснік сядзеў здалёк.

– А! Добры вечар! – звярнуўся да яго Васіль. Ён сумыслу зрабіў выгляд, што толькі цяпер заўважыў яго.

– Калі гэта, Васіль, вочы перасталі служыць табе? – спытаў ляснік.

– А з таго часу, як ты пачаў насіць сурдут з касцянымі гузікамі і боты з блішчастымі халявамі, – адказаў Васіль.

– А ты дык надта паразумнеў, як скінуў лапці і ўзлажыў бацькавы боты. Мусіць, мае касцяныя гузікі табе вочы колюць?

– А колюць, браце; бо я заўважаў, калі хто ў сабе нічога не мае, дык той на сябе цацкі чапляе.

Ляснік устаў, пусціўшы між вушэй Васілёвы словы, і сказаў:

– Дабранач, Ганна!

– Будзьце здаровы.

– Чым мела тут з Васілём сядзець, пайшла б лепей бацьку торбу на дарогу пашыла, – сказаў ляснік, адышоўшы крокаў пяць, і засвістаў якуюсь польку.

– Свішчы, свішчы! – сказаў Васіль. – Паглядзі ідзі, ці цэлыя капцы, а то дарма хлебам кормяць цябе.

– Цябе б паставіць на месца капца, то не так скора выцягнулі б, бо ты доўгі, як шнур, – адсекся ляснік ужо здалёк.

– Лепей сам стань там, аднак вакансія ёсць! – гукнуў услед яму Васіль і громка зарагатаў.

Ганна і Васіль некалькі мінут сядзелі моўчкам.

– Што ты, Ганна, нешта сягоння невясёлая, – спытаў Васіль дзяўчыну, палажыўшы ёй на плячо руку.

– Гэта табе так здаецца, – сказала Ганна, апусціўшы галаву.

– Ой, не! Ну, зірні ж мне ў вочы, – не адступаўся Васіль і блізка прыхіліў сваю галаву да Ганны. Дзяўчына яшчэ больш прыгнулася і пазірала ў зямлю.

– Можа, «касцяны гузік» скрыўдзіў цябе? А можа, ты не рада, што я прыйшоў і не даў табе пагаварыць з ім? Можа, ты сярдуеш на мяне, што сыпаў яму, як прыскам, у вочы?

І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучаў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны.

– Ат! Гаворыш немаведама што, – сказала дзяўчына, – або ты мяне сягоння толькі знаеш? – узняла яна свае мокрыя вочы і так глянула на Васіля, што гэты погляд глыбока прайшоў у яго сэрца.

Васілю стала лёгка і добра, і ён пачуў у сабе прыліў вялікай сілы і шчасця.

– А ўсё ж ткі, Ганначка, ты нечага смутная. Ведаю добра, што ў цябе нейкі клопат на сэрцы. Скажы, не затойвайся. Мне так весела, хачу, каб і табе было лёгка на сэрцы.

Ганна трохі памаўчала.

– Ведаеш, Васіль, што казаў ён мне?

– Ну, што?

– Ён стаяў у кустах і выглядаў, як выкідалі капцы, і бачыў, што тата першы ўзяўся за капец. І яшчэ ён гаворыць, што тата намаўляў людзей знішчаць межавыя знакі. Ён сярдзіты на мяне, што я ганю яго, і цяпер хоча далажыць на тату ў лясніцтва. А ведаеш, куды закідаў ён, радзячы мне шыць бацьку торбу на дарогу? Гэта каб я гатовіла бацьку ў астрог.

– Няўжо ж ён зробіць гэта? Ах, Юда, прадажнік! Не! Гэтага ён не павінен зрабіць! Я злаўлю і задушу яго, калі ён не прысягне мне маўчаць! Васіль падняўся з прызбы і памкнуўся ісці.

– Стой, Васіль! Куды ты пойдзеш! Нічога з гэтага не будзе, – сказала Ганна, узяўшы хлопца за руку, – ён яшчэ не раз прыйдзе і будзе страшыць, не так-то скора ён адступіцца ад мяне. А за гэты час можна што і прыдумаць. Трэба пагаварыць з татам, што ён скажа, а пароць гарачку яшчэ рана.

– Чакаць і ў шапку спаць? – стаяў Васіль на сваім.

– Баюся, Васілёк, каб ты не памог тут, як кашаль хваробе. Няварта мне было казаць табе, Васіль. Які гарачы!

– Як жа не гарачы? Гэты смурод, Юда, будзе даносы насіць, а яму ніхто не смей і слова сказаць? Ну, пачакай! – патрос Васіль здаравецкім кулаком у той бок, куды пайшоў ляснік. – Шчасце тваё, што ўсе хлопцы на плыты пайшлі: у гэтую ноч табе дрэнна прыйшлося б.

А ляснік, прайшоўшы вуліцу, звярнуў да Нёмана і пайшоў у луку.

Цяпер трудна было знайсці тое месца, дзе стаялі капцы. Доўга хадзіў ляснік па беразе. З галавы ні на хвіліну не выходзіла прыгожае аблічча маладой дзяўчыны, і чым больш яна адхілялася ад яго, тым мілей была яна і тым мацней прыцягвала да сябе. Злосць і крыўда агарнулі лесніка. Яго так зняважылі, аплявалі. А цяпер сядзяць на прызбе і, можа, смяюцца з яго. Але не! Ён не дазволіць смяяцца над сабою! Ён такую ўдзярэ штуку, што і сам чорт заскача ад радасці! О, ён пакажа, што такое ён. Усе будуць помніць яго!

 

 

VI

 

Ніхто назаўтра не ведаў, хто і калі паставіў новыя капцы. І то яшчэ трэба сказаць, што між сялян пайшла глухая гаворка, у якой чулася нейкая трывога і страх. Усе выглядалі так, як бы неўзабаве павінна было штось зрабіцца, і на твары найболей баязлівых было напісана чаканне чагосьці нядобрага. У сяле ўсялякія чуткі, усякая гутарка, што вядзецца патайна, без усякіх сведак, скора робіцца агульнай абладай. Здаецца, само паветра разносіць усё тое, што дзе робіцца і гаворыцца ў сяле.

У гэты дзень якраз прыпадаў Юрай. Яшчэ не паспела абудзіцца сяло, а ўжо ўсе зналі, што лесніку вядома, хто выкідаў капцы, вядома, хто што гаварыў і нават думаў, – адным словам, ён ведаў усё, што рабілася ўчора ў луцэ. Бадай не кожны селянін чуў цяпер за сабою, хоць малую, віну і трошкі баяўся. Цяпер сяляне пачалі разбірацца ў тым, што рабілі і што чулі ўчора ў момант абуджанага ў іх гневу.

«Што ж? – думалі некаторыя. – Калі прыязджаў каморнік, ды яшчэ з дакументамі, то пэўна ён не так сабе праводзіў граніцу, а меў нейкі грунт пад сабою». А як цяпер ведалі, што Андрэю можа прыйсціся несалодка, то і другія пападжымалі хвасты і туляліся, каб не вельмі быць навідоку.

Ды не ўсе, праўда, так думалі, былі і такія – хоць іх было меней, – што не баяліся даносу лесніка, а смела стаялі за луку, бо былі цвёрда пераконаны, што гэтая лука іх і што новыя капцы павінны быць выкінуты вон, як і першыя. А наконт Андрэя гаварылі, што з даносу на яго нічога не выйдзе. Трэба толькі дружна, усёю грамадою, калі завядзецца дзела якое, сказаць, што ляснік удае Андрэя з помсты за тое, што не хоча аддаць за яго Ганну.

Такія гутаркі падымалі дух у баязлівых. – Вы баіцеся гэтага «касцянога гузіка», – гаварыў Васіль Падбярозны да баязлівых, – што ён можа данесці ў лясніцтва? А няхай даносіць. Капцы зноў стаяць. Што ж! Няхай ён начэпіць гузікаў яшчэ ззаду; можа, тут, сярод вас, ёсць яго прыяцель, няхай пойдзе да яго і скажа, што я, Васіль Падбярозны, усё роўна павыкідаю гэтыя капцы к чортавай матары; гэта яго работа, і я ведаю, куды цэліў ён, стаўляючы іх уначы. Толькі ж няхай ён ведае, што калі пасмее разявіць рот, каб удаць мяне, то я яго разам з капцамі ўтаплю ў Нёмане. Няхай ён гэта ведае. Апошнія словы Васіль сказаў ужо ў злосці, і кулакі моцна згарнуліся, а сам ён прайшоўся грозна, як бура. Сяляне проста любаваліся, пазіраючы на Васіля, – які ён маладзец: высокі, плячысты і такі смелы.

 

 

VII

 

Сонца ўжо было на захадзе.

За сялом у полі вакол агню гуляла цэлая чарада дзяўчат, спраўляючы расу. Недалёка ад агню, на камені, стаяла пустая скавародка і ляжала некалькі драўляных відэльцаў. Тут жа быў невялічкі глячок ад гарэлкі, цяпер пусты і па рыльца ўкопаны ў зямлю; дзяўчаты схавалі яго, каб часам сюды не зірнула цікавае вока якога-небудзь маладога гульца і не раскрыла іх патайнай выпіўкі. Блізка валяліся лупінкі ад яечак, як след таго, што дзяўчаты пяклі яечню. Дзяўчаты весела спявалі песні і скакалі па жыце, каб яно лепш расло і радзілася.

– Мне сягоння так весела, дзяўчаткі, так весела, што і сказаць трудна! Мусіць, буду плакаць, – гаварыла Ганна.

– Каб у нас быў такі Васіль, то мы б не зналі, на каторую нагу і ступіць, – жартавалі дзяўчаты, – дзіва што ёй весела.

– От, Ганначка, якая ты шчаслівая: і Васіль цябе любіць, і ляснік, усе. Хоць бы ты мне аддала гэтага лесніка, – жартліва шчабятала Кацярына. – Ён хоць і не надта харошы, але ж сурдут чаго варты!

І дзяўчаты аж заходзіліся ад смеху, перабіраючы костачкі хлопцаў.

– А, паралюш іх бяры з хлопцамі! Давайце, дзяўчаткі, лепш спяваць. Ганна, зачынай!

– А і праўда, будзем спяваць, – сказала Ганна.

Дзяўчаты сталі ў кружок, пабраліся за рукі, а Ганна хадзіла ў кругу з вянком на галаве, сплеценым з першых красак. І сама яна была, як краска: нават дзяўчаты любаваліся яе прыгожым тварам, доўгімі цёмнымі косамі і стройным станам. Але песня зараз абарвалася.

– Ціха! Ціха! – закрычала адна дзяўчына такім прарэзлівым голасам, што ўсе папалохаліся і перасталі спяваць. З-пад Нёмана ляцеў трывожны крык сялян і чуўся плач жанок; усе гэтыя зыкі зліваліся ў страшную музыку якогась няшчасця.

Дзяўчаты страшна перапалохаліся. Ганна не магла прамовіць і слова. Сэрца яе білася моцна, моцна. Яна ўся збялела і прысела на зямлю.

– Ой, галубачкі! Забілі некага! – загаласілі дзяўчаты і кінуліся кулём туды, адкуль чуўся крык...

Узяўшы стрэльбу, ляснік з каморы яшчэ ўдзень пайшоў пільнаваць капцы, якія ён сам і пастаўляў. А стаўляў ён іх у надзеі заблытаць Васіля і замяшаць яго ў справу, бо ведаў гарачую натуру хлопца. Васіль жа, убачыўшы рана капцы, зразу здагадаўся, чыя гэта работа і для чаго яна зроблена. Абодва хлопцы бачылі адзін другога наскрозь. Не было ніякага сумнення, што яны імкнуліся адзін да аднаго, каб хутчэй сашчапіцца ў бойцы, бо аднаму і другому даўно ўжо хацелася сысціся на чыстым плёсе і звесці рахункі. Нікому не гаварыў Васіль аб гэтым, бо баяўся перашкоды. Дык ён быў асцярожны. Як трохі гутарка між сялян заспакоілася, Васіль на змярканні выйшаў ціхенька з хаты, зайшоў на прыгумень, адтуль, пералезшы плот, пайшоў загуменнем і выйшаў з другога канца сяла на бераг Нёмана, туды, дзе стаялі капцы. Ляснік пахаджаў недалёка ад іх. Убачыўшы Васіля, ён спыніўся.

– Чаго ты снуеш тут? – спытаў Васіль лесніка.

– А вось пільную капцы, каб часам які прахвост зноў не выкапаў іх, – дзёрзка адказаў ляснік.

– А скажы ты мне, браце, хто стаўляў іх?

Гаворачы так, хлопцы сыходзіліся ўсё бліжэй і бліжэй.

– Разумныя кажуць, што каморнік, а дурань, можа, іначай як скажа – не ведаю, – адказаў зноў ляснік.

– А ў сяле не так гавораць – кажуць: удзень капцы ставіць каморнік, а ўначы – паршыўцы.

З гэтымі словамі Васіль ірвануў слупок і са страшэннай сілай павярнуў яго да сябе. Слупок падаўся, камлём прарэзаў жоўты пясок і вывернуўся наверх.

Тут выйшла тое, чаго ляснік і сам не думаў: яго як бы што штурханула і кінула на Васіля. У адзін скок ён апынуўся каля праціўніка і з усёй сілы трэснуў яго па галаве. Васіль захістаўся, але застаўся на нагах. Уся кроў прыліла яму ў твар.

– А я думаў, ты такі сабака, што кусае спатайка, – сказаў Васіль, заляпіўшы назад такую аплявуху, ад якой у лесніка пасыпаліся з вачэй іскры і кроў лінула праз вушы. Ляснік асунуўся і ўпаў на зямлю. Потым ён у адзін міг падняўся, схапіў стрэльбу, каб узвесці брамку. Васіль не даў яму на гэта часу, як звер, наскочыў на яго, вырваў з рук стрэльбу і шпурнуў яе ў Нёман, і між імі пачалася смяртэльная бойка. Кожны напружыў апошнія сілы і не паддаваўся. Васіль быў шмат дужэйшы, а ляснік быў спрыцен, як чорт, так што праціўнікаў можна было лічыць роўнымі. Ад страшэннага натужэння жылы іх уздуваліся і трашчалі косці. Доўга барукаліся яны, чуць не па калена ўлазячы ў пясок. Яны крэпка паўпляталіся адзін у другога рукамі. Часамі здавалася, што яны нічога не рабілі, а адпачывалі, але гэта былі моманты, у якія ішла найбольшая работа іх сілы і якія рашалі бойку. Ляснік слабеў усё болей і болей і чуў, як сіла яго пакідае. Тузаючыся, яны ўсё бліжэй і бліжэй падступаліся да берага. А бераг у гэтым месцы быў высокі, абрывісты, а ўнізе пад ім пеніўся глыбокі вір. У канцы Васіль крэпка здушыў лесніка і падняў яго ўпол. Цяпер ён мог рабіць з лесніком усё, што хацеў.

– Прысягні мне, што не будзеш займацца даносамі!

Але ляснік злаўчыўся, выслізнуў з рук Васіля і ўпёрся нагамі ў дол. Тут ён, упёршыся нагамі, штурхнуў Васіля. Байцы пераступілі граніцу берага, дзе ўжо нельга было спыніцца, і, упаўшы, пакаціліся адзін цераз аднаго ў вір. Скочваючыся, Васіль разбіў галаву аб востры камень. Абодва ўкінуліся ў ваду.

Каб яшчэ паўмінуткі, такога б няшчасця не зрабілася, бо вось-вось набягалі мужчыны, але прыбеглі яны тады, як абодвух круціў ужо са страшнай сілай вір.

Мінут праз колькі іх выцягнулі бусакамі.

Васіль быў мёртвы, а лесніка ўдалося адкачаць.

 

[20–31/І 1912]


[20.01.1912-31.01.1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5