epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ноч у астрозе

Ноч глухая. Ціха.

Густа легла цьма.

Дрэмле чутка варта,

Цяжка спіць турма.

 

Страшнай зяўрай змея

Калідор глядзіць,

І тужліва лямпа

Свеціцца, дрыжыць.

Обак калідора

Камеры відны.

Пад замкамі дзверы,

З кратамі яны.

 

І, здаецца, сцены

Ціснуцца цяжэй,

Гнуць яны і душаць

Ўсё мацней, мацней.

 

Нудна, бы ў магіле.

Глуха, бы ў труне,

Толькі часам крыкне

Арыштант у сне.

 

Мо Кабека здасца,

Спраўніка прысніць,

Ды «параша» зрэдку

Глуха загрыміць.

 

20/X 1908


20.10.1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910