Ты прыйдзі да нас не з здрадай, —
Добрай весткай павітай,
Развясель ты нас і ўзрадуй,
Сілы, крэпасці нам дай.
Каб мы йшлі не безнадзейна
К жыццю новаму ўпярод,
Знішчы ліхасці насенне,
Думкі горкія нягод.
Прынясі на землю згоду
І палёгку людзям дай,
Ясным сонейкам з усходу
Нам засмейся ты, заззяй!
Нашых ворагаў, як з грому,
Ўсіх развей і разгані
І са славаю дадому
Ты ваякаў нам вярні.
Асушы сіротам слёзы
І ўзмацуй ты наш народ.
Будзь нам ў радасць, год цвярозы,
Будзь папраўдзе «Новы год»!
[1915]