epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Новыя і старыя гады

Як і год і два, як і шмат гадоў назад

Мы гадаем пад Новыя годы.

Мы вітаем іх, за іх выпіць з нас кожны рад,

І багата нам выпіць не шкода.

 

  Не шкадуем на стол палажыць кумпяка,

Як вянец той апошні на браме.

Абы Новы год, наш няясны госць здаляка,

Нас не крыўдзіў сваімі дарамі.

 

А мінае год, азірнемся назад, глядзім –

Не дадаў нам чагосьці дабродзей,

Час ідзе-плыве, і спрачацца не будзем з ім –

Год мінулы чым-небудзь нашкодзіў.

 

22/ХІІ 1942


22.12.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945