epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Ну, якіх жа прыгод..."

* * *

 

Ну, якіх жа прыгод

Ад цябе, ты мой год,

Буду спадзявацца?

 

Ты надзею мне дай

Зноў убачыць свой край,

З роднымі абняцца.

 

І з народам сваім,

Сэрцу так дарагім

Ў гурт адзін злучыцца;

 

Родным спевам лясоў,

Шумам траў, каласоў,

Як даўней, упіцца.

 

Бо сярод чужаніц,

Неўспагадных дурніц,

Сілу марне трачу,

 

І аб родных куткох,

Хай ацаліць іх Бог,

Часта ў думках плачу.

 

22/Х 1920


22.10.1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938