epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Па дзядзькох

Пакараў мяне Бог,

Што павёў па дзядзькох

Велікодным вясёлым дзяньком.

Піў у іх колькі мог,

Чуць там пластам не злёг

І не звяў, не заснуў за сталом.

 

Ды дазвольце ўжо мне

Аб радні і гульні

Праўду толкам, як ёсць, расказаць.

          Быў выпадак не ў сне,

А ў сваёй старане,

Як пайшоў я дзядзькоў віншаваць.

 

Выйшаў зранку я ў пуць

І рашыў не мінуць,

Не пакрыўдзіць нікога з дзядзькоў:

К тым, хто бліжай жывуць,

Па парадку вярнуць,

А не рвацца на дзесяць кускоў.

 

Першы дзядзька – Паўлюк.

          Падышоў я і – грук,

Аж ён сам ад суседа бягом,

Кінуў дочку ён з рук

І падняў такі гук,

Што ўсё ходзіць, трасецца кругом.

 

—Ну, йдзі ў хату! – крычыць,

Дзе, не знае, садзіць, –

Бачу, рад на мяне паглядзець.

Сталі мы гаманіць,

Як на свеце нам жыць,

Як нам многа прыйшлося цярпець

 

Ад сваіх і чужых,

Ад парадкаў ліхіх,

Ад усякай на свеце брыды.

Потым дзядзька прыціх,

Шаптанулі ўдваіх,

Наконт, мусіць быць, «горкай вады».

 

Потым чую: «Бягай!

Праз пяць хат Аляляй!»

– Э, кінь, дзядзька: навошта яна?

          – Што там кінь? Не зважай:

Даў Бог свята – гуляй!

Не напʼёмся нябось дапʼяна.

 

Цётка з бутляй прыйшла

Ды закрасы ўліла,

Каб гарэлка пілася смачней;

Потым крошкі з стала

Чыста сцерла-змяла.

– Ну, дык сунься сюды, брат, бліжэй!

 

Дзядзька чарку бярэ,

          Аб скарач яе трэ

Ды гарэлку ў яе буль-буль-буль!

Ва мне сэрца аж мрэ:

Хто той келіх сапрэ?

Знаць, сухім я не выйду адсюль!

 

Чарка, браце, павер:

Як даўнейшы мажджэр –

Проста страшна на падлу зірнуць!

Як кадуб, такі звер,

Хоць ячмень ёю мер,

          І прыйшлося да дна хлесянуць!

 

Гоніць дзядзька ў галоп,

А мне вочы на лоб

Чуць не выперла чарка-мажджэр.

Чую, кепска было б,

Каб яшчэ такі чоп

Або пару яшчэ такіх мер!

 

Ды і так я пачуў,

Што мяне штурхануў,

Як бы стукнуў даўбешкаю хмель:

          Чуць мазгоў не звярнуў,

Проста сон агарнуў,

Хоць кладзіся ты спаць на пасцель.

 

– Закусі ж. Вось кумпяк.

З хрэнам можа ці так,

Як латвей і смачней на твой густ.

Няма надта прысмак:

Парасюк, як прусак.

Ды стол, дзякаваць Богу, не пуст!

Закусіў, пасядзеў,

          Гаварыў як умеў.

Да Яхіма я дзядзькі іду.

Я ішоў, весялеў,

З кожным крокам смялеў,

Ды яшчэ быў з сабою ў ладу.

 

Ляпнуў клямкай, ступіў,

Дзверы я адчыніў –

Ціха ў хаце, нікога няма.

«Дзе ж бы дзядзька той быў?

Мо гарэлку глушыў?» –

          Прамільгнулася думка сама.

 

Хату я азірнуў

І храп дзядзькаў пачуў –

На палку дзядзька спаў-спачываў.

Вось я крок сцігануў,

Голаў трохі прыгнуў,

А Яхім – як пшаніцу прадаў!

 

Збіўся з тропу я спрэс.

– Дзядзька! Хрыстус васкрэс!

І ў плячук свайго дзядзьку штурхець!

          Ідзі ліха на лес:

Ці не ў гразь я залез?

Ой, раўне, ты глядзі, як мядзведзь!

 

Прахапіўся Яхім.

Божа мілы, што з ім!

Не расплюшчыць ніяк ён вачэй!

Я стаю ўсё над ім:

Як паможаш і чым,

Каб расплюшчыў ён вочы хутчэй?

 

Але лыпнуў сяк-так.

          – Ох, заснуў жа я ў смак!..

Ну, як маешся, браце, жывеш?

І худы ж ты, як рак,

Проста высах, бы грак!

Мусіць, крыж ты, брат, цяжкі нясеш?

 

– А як дзядзька здароў?

Божа, колькі гадоў,

Як рассталіся, дзядзька, з табой!

– Многа, браце, гадоў!

Да сівых валасоў

          Вось, як бачыш, даклыгаў ступой...

 

Ото ж ты маладзец!

Хоць пабачу цябе пад канец...

Надзя, гэй!.. Дзе ж прапала яна?

Я адзін, як дубец,–

Восьмы год удавец,

Толькі Надзя са мною адна.

 

Юзік хлеб свой знайшоў,

Пётра ў людзі пайшоў,

Міхаліна на службе з Каляд... –

          Так гамонім, ды зноў

Стол накрыты гатоў,

Пірагоў, бабак, скораму шмат.

 

Дзядзька зараз устаў

І ў каморцы прапаў,–

Засвярбеў у мяне, браткі, нос.

Я нядоўга чакаў:

Дзядзька важна сягаў

І бутэльку пад пахаю нёс.

 

Дзюбанулі мы з ім.

          Праўда, дзядзька Яхім

Толькі вусы крыху памачыў.

– Пі ўжо ты, бо старым

Цяжка косцям маім,

Ды, прызнацца, я сёння хапіў.

 

Сядзімо мы, гудзём

І гаворку вядзём,

І пра бацьку мы ўспомнілі тут.

– Многа страцілі ў ім,

Кожны ўспомніць дабром,

          Хоць у службе ён быў-такі крут.

 

Дзядзька далей расчаў

І пра бацьку сказаў,

Мо каб горкія думкі прагнаць:

– Доўга грудзі ён ссаў.

Хтось яго запытаў:

«Калі кінеш ты цыцку ўжо ссаць?»

 

А ён зразу адказ:

«Каля Яна якраз!» –

«А па Яне?» – «Касіць я пайду!»

          Так гамонка у нас

Заняла добры час,

А нарэшце ўстаю – да Каруся іду.

 

У Яхіма ж ізноў

Мажджэр двойчы прайшоў,

І я весел як мае ўжо быць, –

Яшчэ ж роўна я шоў,

Хоць спяваў ды без слоў,

І язык яшчэ мог мне служыць.

 

Мяне «Дрогі» спаткаў,

          Падышоў, шапку зняў,

А я вусы абцёр, расхіліў.

Ён мяне цалаваў,

Да сябе заклікаў,

А нарэшце курыць папрасіў.

 

Трэці дзядзька – Карусь,

Да яго я плятусь.

І так я сам з сабой гаманю:

«Кепска будзе, упʼюсь...

Ды хоць так – не баюсь!..»

          Вось, дальбог, казаў так, не маню!

 

Бо я ведаў: «Дзівак»

Добра дасца мне ў знак,

Бо яго – самы большы «мажджэр».

Я ўжо пʼян, бы латак,

Ды плятуся, аднак,

Адкаціўшы для форсу каўнер.

 

Пералез я парог

І галошы зняў з ног

І кажу: «Здрастуй, дзядзька Карусь!»

        – Што ж ты стаў! Ці знямог?

Сунься дальш у бярлог!

Я тралюю праз хату, як гусь.

 

Рада цётка была

І мяне абняла.

– Ну, прысядзь жа ты, мой галубок!

Люлька ў дзядзькі храпла,

Сваё нешта вяла,

І пускаў дзядзька спрытна дымок.

 

Дзядзька зрэдку пляваў,

          Моцны жарт адпускаў

І смяяўся сам дробненька так,

Ды ізноў замаўкаў,

Нібы ў мыслях блукаў, –

Ну, нядарма празваўся Дзівак!

 

Неўзаметкі маргнуў,

Дротам люльку прапхнуў,

Хоць бы слова сказаў да каго.

Колькі раз тупануў,

Да дзвярэй завярнуў,

          І гарэлка зʼявілася ўміг у яго!

 

Зняў з бутэлькі пячаць,

Сказаў ягад падаць.

З бутлі ў бутлю гарэлка цячэ.

Чую – трэскі трашчаць,

А там скваркі пішчаць –

То яечаньку цётка пячэ!

 

Вось мы селі за стол.

Дзядзька пляшку – у пол

І лье чарку да самых краёў.

          І, зірнуўшы на дол,

Шаргануў свой прыпол.

– Ну, дык будзь жа, брат Костусь, здароў!

 

Галавой целяпнуў,

Чарку спрытна кульнуў,

А другую ўжо мне ён наліў.

Я яе адапхнуў,

Дзядзька знізу зірнуў:

– Што ж, я грошы дарма заплаціў?

І так вокам павёў,

        Што без дальшых я слоў

Не горш дзядзькі «мажджэр» асушыў.

– Ну, во так і – гатоў!

Вынуў люльку з зубоў,

І тут жарт дзядзька зноў адпусціў.

 

Я сядзеў, як «філін»,

Ў галаве цэлы млын,

А яшчэ двух дзядзькоў абысці!

А «мажджэр», чортаў сын,

Зноў упёрся, як клін.

          – Ну! Яшчэ, брат, адну прапусці!

 

Што парадзіш? Валяй!

Даў Бог свята – гуляй!

Што казанскай глядзець сіратой?

Прападаць – прападай!

Пі, валі, не шманай –

Як пусціўся ў дарогу – не стой!

 

Ад Каруся ізноў

Да Каруся пайшоў:

Двух я маю дзядзькоў Карусёў.

          Пабажыцца гатоў,

Што не чуўся мазгоў,

А ў вачох свет мяцеліцу мёў.

 

Выпіў-рэзнуў і там,

А як выйшаў, і сам

Не магу я ніяк разабраць.

Я не верыў вачам

І даў волю нагам

Ды Пятруся іду віншаваць.

 

Людзі скажуць, як я, –

        Горка доля мая, –

Апынуўся у дзядзькі Пятра.

Мне ж дарога свая

Цямней ночкі была,

Ў цень яе агарнула мара.

 

 

Помню быццам праз сон,

Павярнуў там заслон,

Як лез вон з-за стала, каб устаць.

Далей помню – Антон,

Прыйшоў з «Татусам» ён

          І вучыў яго рапарт аддаць.

 

Так я піў і гуляў,

Так дзядзькоў віншаваў

Велікодным вясёлым дзяньком.

А дамоў як дыбаў,

Дык чарцей я склікаў,

На нябожчыкаў трос кулаком.

 

І ўсю ноч напралёт

Чаркі кідалі ў пот

І не мог галавы я падняць.

          Дачакаю за год,

Дык кажу напярод:

Не пайду больш дзядзькоў віншаваць.

 

30.ІІІ.1912 г., 12.IV.1922 г.

[1929]


[1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4