– Годзе, жонка! Ну, не лайся:
Больш гарэлкі ані ў зуб!
Калі выпʼю,— ну, хоць кроплю,—
Бі мяне, цягай за чуб!
Сам, нябож, я добра знаю,
Што з гарэлкі свет гарыць...
Тфу, паскудства! Тфу, брыдота!
Хоць зарэж,— не буду піць!
Так прад жонкай спавядаўся
После выпіўкі Тарас:
— Ну, на гэты раз павер мне —
Каб я жыў — апошні раз!
— Ой, не раз я гэта чую!
Заракалася свіння
За вугол хадзіць, Тарасе,—
І табе не веру я!
— Ты не верыш? Эх, Марылька!
Хочаш? Я іду ў заклад?
Залажэмся на цікавасць:
Ты прайграеш, як Бог свят!..
Тфу! пад грудзі падпірае!
Кішкі зблытаны ў камяк,
Ну, а ў роце, каб ты знала —
Фэ, які нядобры смак!
Галава ж, як малатарня,
Або хто завёў там млын.
А ўсё Грышка, недавярак,
Каб ён спух, сабачы сын!
Як прусак, што зʼеў бураксы,
Ходзіць, плёвае, бядак,
І да жонкі падыходзіць:
— Ссе вантробы мне чарвяк.
Слухай, золатка-галубка, —
Стаў пакорненькі Тарас,
— Прынясі апахмяліцца —
Каб я жыў — астатні раз!
1911