epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пацыфісты ў Жэневе

Паднята заслона — спектакль у Жэневе...

Ў пачатку імша —

Святыя падаткі Богу, Хрысту, Дзеве

Нясе іх душа...

Разбойнікі ў тогах апосталаў міру...

Эй, справа нячыста!

Мы ведаем добра маэстра-вампіра,

Тардʼе-пацыфіста!

За ім, як сабачкі — спрытнягі таксама,—

Паны і баяры.

На іх «святых» тогах крывавыя плямы.

А хто іх ахвяры?

Мы ведаем, панска-баярскія справы —

Вяроўкі, расстрэлы.

Завошта? Спытайце, жэнеўскія лавы,

Паноў азвярэлых!

Гэтыя спецы з нажамі ў халявах

Талкуюць аб згодзе!

Талкуюць для віду, а шэпчуць аб справах

Вайне і паходзе...

Грымяць у Маньчжурыі танкі, гарматы,

Гудуць бамбавозы.

Зноў пушчаны ў дзела ручныя гранаты,

Дум-дум і шымозы.

Жандараў сусветных драпежная зграя

Рве й дзеліць Кітай...

Вось пакты Келога, а песня старая:

Рэж, граб, рві і хватай!

А Ліга народаў, славутая Ліга...

Утупіла вочы...

Эх, ведае, чуе, старая выжыга,

Рух, поступ рабочы!..

Даволі камедый, апосталы міру,

Паны-пацыфісты:

Маэстры вайны, крыважэрцы-вампіры,

І план ваш празрысты!

Але памятайце, адпетыя джэкі:

Вас сочыць расплата!

Прыпомніцца грэх ваш, замахі і здзекі

І роль ваша ка́та!

 

20/ІІ 1932


20.02.1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938