epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пад Новы год

Даў Бог людзям Новы год,

Навагодні вечар.

Людзі пʼюць гарэлку, мёд

І другія рэчы.

 

А я тут адзін, як пень,

Без сяброў, без жонкі.

Як сядзець у такі дзень

Без прамоў, гамонкі?

 

З кім мне стукнуцца? Каму

        Пракажу я слова?

Не трапляла аднаму

Сустракаць год Новы.

Ну што ж? Сяду я адзін,

Паўздыхаю цяжка:

Не было такіх часін,

Каб быў я ды пляшка.

 

Параскіданы мы ўсе

Па Маскве шырокай,

Няхай Бог нас упасе

        І не спусціць з вока,

 

Пажадаю я ўсім нам

Шчасця, згоды, волі.

Выпʼю чарку, ну а там...

А там Божжа воля.

 

Я ж адзін, і я ў журбе,

Як той грак на дубе,

Дык скажу я сам сабе:

Будзь здароў, Якубе!

 

Не пагневаецца Бог,

Бацька наш ласкавы,

Калі я за чатырох

Прыступлю да справы.

 

30/ХІІ 1944


30.12.1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945