Прыгадаем, Пятро, тыя межы,
Па якіх нашы ногі хадзілі.
Жыў і ты, жыў і я ў Падбярэжжы,
І былі мы тады яшчэ ў сіле.
І пітва там было нам, і ежы,
І ўсяго, чым багата прырода.
А той дуб, а той дзед з Падбярэжжа –
Іх няма, і мне гэтак іх шкода!
Час і хату і грушу змітрэжыў,
А якія былі сапяжанкі!
Іншы вобраз цяпер Падбярэжжа –
Не пазнаць падбярэжскай палянкі.
Я не бачыў пышнейшай адзежы
І убранства лугоў, зеляніны,
Апроч той, што цвіла ў Падбярэжжы
Уздоўж Свіслацкай мірнай даліны.
Нас хілілі дубовыя вежы,
Свіслач рыбай нас шчодра дарыла...
Эх, Пятро, мой Пятро! Падбярэжжа
Прыгадаць мне сягоння так міла!
Ідзі ж далей у новай адзежы
І жыві яшчэ, ну, два паўвекі,
Ды паэзіі мудрай і свежай
Ты падай на карысць чалавеку.
8/І 1948