Цянюе над светам кастлявы шкілет,
Звісае дубіна.
Сцяг «чыстае расы» нясе людаед,
Пагромшчык з Берліна.
Ваяцкім запалам ахоплен салдат,
Нямецкі граміла,
На многія сотні год пнецца назад
Лахматы гарыла.
Даўбня — яго права, закон яго — бот
І доўгія рукі.
Дык што яму значыць растрэсці народ
І выгнаць на мукі?
Бо ж з ім хаўрусуе сам лорд Чэмберлен
І прэмʼер з Парыжа,
Пан Бек прад ім гнецца да самых кален
І бот яго ліжа.
За ім Мусаліні, вядомы дзялок,
І з ім самураі,
Вялікі, маленькі фашысцкі кручок —
Вось світа якая!
Чаму ж і не лезці яму напралом,
Не выламаць дзверы?
Што ж? Сёння ён чыніць яўрэям пагром,
А заўтра — прэмʼерам.
Адно ж няхай помніць ваяка-«зальдат»,
Сусветны граміла:
Калі ён папрэцца ў савецкі наш сад,
Тут зломіць ён рыла.
[1938]