* * *
Пагуляў на волі
Вецер лёгкакрылы,
Пагуляў і будзе:
Адпачынь, пахілы!
Паламаў ты лесу,
Стрэх сарваў нямала,
З хмарамі і з громам
Спрэчку вёў, бывала.
Рваўся ты ў прасторы,
Ў стэп шырокі, сіні,
Ды закалыхалі
Ветрыка пустыні...
Што ж, уляжся, вецер,
Хоць ў чужой даліне,
Бо ці не ўсё роўна,
Дзе цябе ні кіне
Доля бедачына,
Мачыха ліхая,
Бо не маеш, браце,
Свайго роду, краю...
Пагуляў на волі
Вецер лёгкакрылы,
Пагуляў, улёгся
І заснуў, пахілы.
3/VI 1911