epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Палеская вёска

 

Цялежка яшчэ разы два прагрукала па грэблях, перайшла бродзік і ўскацілася на горку. Лес расступіўся, і глянула круглая палянка, па краях каторай цягнулася чорная стужка невысокага, радкаватага лесу. Дзе-нідзе парассыпаліся кусцікі бярозак, лазы і нізенькіх хвоек. На самай сярэдзіне палянкі прытулілася палеская вёска. Хаты так густа збіліся ў кучу, што здалёк здаваліся злітымі пад адну стрэху. Высокія гарбатыя жураўлі студней, як панічы ў фраках, стаялі то там, то сям у вёсцы высока над стрэхамі хат. Убок ад вёскі стаялі могілкі з высокімі крыжамі. Старэнькая драўляная каплічка нудна пазірала з могілак і кідалася ў вочы сваёю фігураю. Дах на ёй у многіх месцах прагніў, аброс белымі бародкамі густога моху, і там і сям зіялі на ім чорныя дзюркі. Высокі зялёны клён стаяў над капліцай і кідаў на яе вежу доўгія тонкія галіны і аплятаў яе жывою сеткаю, скрозь каторую выбіваўся, пахіліўшыся ад ветру, драўляны крыжык. З другога боку капліцы расла кучка вязаў; воддаль адзінока расла хмурная хвоя, раскінуўшы вяршыню сваю на прасторы. За вёскаю два ветракі чуць варочалі сваімі крыллямі, гатовымі спыніцца кожную мінуту. Укруг вёскі густа тоўпіліся стожкі зложанага збожжа, абгароджаныя ў дзве жэрдкі, стоячы на высокіх падстаўках, як гаршкі.

Цялежка тым часам уязджала ў вуліцу. З краю вёскі, каля самай дарогі, прытулілася вялізная, як адрына, старая, з пагнутаю стрэхаю, крытаю гонтамі, карчма. На кожным перакрэстку вуліц стаялі высокія крыжы, павязаныя хвартушкамі з чырвонаю стужкаю. Прызёмістыя хаты, накрытыя саломаю, дзе-нідзе адгароджаныя ад вуліцы частаколам або проста плотам, тоўпіліся паабапал вуліцы. Хлеўчыкі, свіронкі, варывенькі, клеці, клуні часта ляпіліся пад адною стрэхаю. На іншых гумнах і хлевах сядзелі бусловы гнёзды, як чорныя шапкі. Шырокая, роўная вуліца, чорная ад гразі, як сажа, была ўся завалена па краях кучамі гнілога бярвення, жардзей і ўсякім ломам. Па вуліцы час ад часу праязджае цялежка, у каторую ўпрэжаны два худыя валы-рагалі. Бабы ў кароткіх спадніцах прахадзілі часам з хаты ў хату. Мужчыны-палешукі з расхлістанымі грудзямі, з доўгімі, як у папа, валасамі, снавалі па вуліцах. Было свята. На вуліцы пападаліся пʼяныя палешукі. У вочы кідалася іх вопратка. Палешукі рэдка мяняюць зімовую адзежу нават улетку: той жа доўгі кажух, падпяразаны шырокім, як шалік, поясам з кутасамі; тая ж аблавухая шапка-кучомка; доўгая белая кашуля, напушчаная на згрэбныя порткі; тыя ж лазовыя лапці, падплеценыя лыкам замеж рэменя. Цераз плечы былі перакінуты раменныя торбачкі – «каліты», прыбраныя блішчастымі гузікамі, капшучкі, у каторых палешукі носяць і тутун, і крэсіва, і грошы. Гаворка іх такжа адметная, хоць і падобная да гаворкі іх братоў-беларусаў.

Па вуліцы, як мурашкі, бегалі дзеці з чорнымі ад гразі нагамі, у благенькай адзежцы, замазанай граззю, чуць прыкрываўшай іх худзенькае цела.

Нудна ў гэтых глухіх, гразкіх палескіх вёсках, раскіданых па лесе, меж бесканечнага гнілога балота!

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5