epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Палессе

 

Марудна коціцца цялежка, чуць варушыцца кабылка, ступаючы размераным крокам па гразнай дарозе. Палеская глуш абхапіла нас з усіх старон. Лес жывою сцяною стаяў паабапал дарогі. Касматыя лапы ялін і хвой густа перапляталіся, абвісалі над нашымі галовамі стрэхаю, праз каторую каса (луч) сонца прабівалася густою сеткаю, сатканаю з чорных плям цені і светлых лапін сонца, і ціха шумелі. Пападаўся часамі вяз, граб, блішчалі бярозы белымі сваімі камлямі з патрэсканаю карою ўнізе; віднеўся таўсты прызёмісты дуб з шырокім жрэлам.

То бродзік, то грэбля, каторая дрыжала кожным сваім бярвенцам, як толькі наязджала на яе цялежка, то пясок, то лагчынкі перасекалі нашу дарогу. Вось пайшлі балоты. І вокам не акінеш іх. Высокая, дзікая трава-асока густа разраслася на гэтых балотах. Па краях разраслася лаза купчастымі кустамі, у каторых тысячы сарок уюць свае гнёзды. Мільёны купін з каржакаватымі (нязграбнымі) хвойкамі рассыпаліся па балоту. Паабапал балот цягнуўся чорны нізкі лес. Другі канец іх прападаў у далёкім тумане. Дзе-нідзе меж купін цягнулася блішчастая, крывая, як змяя, з крутымі заваротамі стужка вады цёмнага колеру. Гэта балотныя рэкі, каторыя часта і пачынаюцца і канчаюцца ў адным і тым жа балоце.

Балоты мінуліся, і зноў пайшоў лес, часта перасечаны кускамі поля ў некалькі маргоў, на каторым стаіць часам пастухова хатка, загарад, у каторым начуе жывёла, або цэлая будова ў дзве ці тры гаспадаркі. Чым бліжэй падʼязджалі мы да вёскі, тым часцей пападаліся нам круглыя і прадаўгаватыя палянкі. На некаторых старых таўстых дзервяках, што раслі каля палянак, стаялі па два, па тры, а то і па цэлых дзесяць вуллёў. Вуллі стаялі радамі, па два ў рад, адны над аднымі, прывязаныя скручанымі ў вяроўку бярозавымі або лазовымі дубцамі к камлюку дрэва. Ціха і нудна ў дарозе. Часамі толькі да нашых вушэй далетала жалобная, доўгая, як палескія балоты, песня пастухоў; кукавала зязюлька, крычаў удодзік, пералятаючы з аднаго дрэва на другое. І жаласны свіст дудкі у старане ад дарогі, у густых зараслях, нудным завываннем навяваў на душу некі смутак.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5