Эх, панове, «ніц не бэндзе»;
Сапсуе пан справу «вшэндзе»,
Бо занадта пан «гаронцы»!
І не ў панскіх інтарэсах
Здзек такі чыніць «на крэсах»,
Нечуваны здзек пад сонцам!
Дэфензівы і нагайкі,
Як было і ў Мікалайкі:
Цар — настаўнік ваш, панове!
Пастарункі ды касцёлы,
І ніводненькае школы
Беларусам у іх мове!
Уціск, гвалт і катаванне,
Здзек з народу, мардаванне,
Ідзе «польскасць» там нахрапам.
Як даўней, так і цяпер там
Паліцэйскі ходзіць фертам —
Ёсць разгон у вас сатрапам!..
Толькі ж спосаб ваш не новы:
Ён ужыты Мураўёвым,
Хоць не гэтак, мо, шырока...
Не збудуеш так дзяржавы —
Будзе панства без Варшавы,
Быў жа прыклад недалёка.
А ўсе вашы выкрунтасы
Не пагналі б зноў «до лясу» —
Ці той «ляс» забыла панства?
Няхай чыніць гвалт нялюдскі
Ваш «падкрулек», пан Пілсудскі,
«Круль» маны і ашуканства.
Вы ж ліжыце яму пяты,
Бо паны на гэта — хваты:
Вы — рабы або тыраны!
Вы забылі пра няволю,
Пра сваю і нашу долю,
Як сцякалі кроўю раны...
Услаўляйце ж вашых хватаў,
Як Мейштовіч, такіх катаў,
Папіхайце вольнасць ботам!
На ўсё плюйце — што законы!
Душыць вас прывід чырвоны —
У астрог паслоў, чаго там!..
А цяпер стаўляйце «круля»:
Ён мазгі ўжо вам намуляў,
Толькі ж «круль» не дасць збавення...
Злезьце лепей, паны, з даху:
Не збудуе панства «гмаху»
Заржавелым тым начэннем!
Вы не здольны жыць у згодзе —
«Мондры поляк, ды па шкодзе».
13/ІІ 1927