epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Парад

Маршалу Варашылаву

Рад за радам чоткім крокам

Вал праходзіць малайцоў.

Маршал сочыць зоркім вокам,

Аглядае моц байцоў.

 

За пяхотай эскадроны

Гнуць, калышуць гулкі дол.

Перад імі сам Будзённы

Праімчаўся, як арол.

 

Чуць хіснуўся вус наркома,

А з вачэй плыве цяпло,

Штось з былога — ім вядома —

Пэўна ў памяці ўсплыло.

 

Бурнай лавай мкнуць тачанкі,

Сотні танкаў, цьма гармат...

Ці гадаў, прастор Луганкі,

Ты пра гэтакі парад?

 

Загуло паветра звонка,

Адгукнулася зямля...

Ну, хто пойдзе ўперагонкі

З вамі, орляя сямʼя?

 

Маршал ветла аглядае,

Ловіць звон тых галасоў,

І прамень, як дзень, гуляе

Ў пасме сівых валасоў.

 

Хіба ж пэўным быць няможна

З сілай грознаю такой?

Маршал зорыць час трывожны,

І ў душы яго спакой.

 

22/ХІ 1937


22.11.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938