Будзіць матка сваю дочку:
– Ўстань, дачушка залатая!
Унь і сонейка з лясочку
На пасцельку заглядае.
Ўстань, паслухай, як у лесе
Свішчуць пташкі і гамоняць,
Верабʼі крычаць на стрэсе
І смяюцца з цябе, соні...
А як цёпла, каб ты знала.
Мёду пах ідзе ад грэчкі...
Ўстань!.. А ўчора ж ты казала:
«Буду пасвіць я авечкі!»
Ну, дачушка, не лянуйся!
Выжань іх на прорасць нашу...
Ўстань, умыйся ды абуйся —
Трэба ж выгнаць іх на пашу.
Ўстала дзеўчынка малая,
Плача, сеўшы на пасцелі,
І авечкі праклінае:
«А, каб іх ваўкі паелі!»
– Вось дурная,— кажа матка, ––
Ці ж то можна гэтак клесці?
Як зʼядуць ваўкі ўсё стадка,
Што ж сама ты будзеш есці?
Сама ж любіш, нябось, мяска
І аладкі мазаць тукам?
Дык і пасвіць трэба, краска,
Пры авечках стаяць крукам.
А хвалілася: «Ого, я!..»
Ну, не плач!.. Ох ты, блазнота!.. —
Плача горш дзіця малое:
«Ох, як пасвіць неахвота!»
Самой матцы Нінкі шкода,
Дый куды ёй пасвіць стадка?
Які розум яе? Годы?..
Чуць сама не плача матка.
1911