epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Паўлюковы думкі

 

Ад самага ранку касіў Паўлюк у пана на лузе. Намуляў ён рукі і плечы за няшчасныя два злоты; цяпер ішоў дадому, жаваў чорствую скарынку хлеба і думаў:

«Мой моцны Божа! Чаму такая несправядлівасць і няпраўда на свеце? І чаму справядлівую кару тваю, якою пакараў ты Адама за грэх яго, нясуць толькі бедныя людзі. Не было ж тады ні дваран, ні духоўных, ні мужыкоў. Усім ты даў запаведзь – вялікую запаведзь – у цяжкой працы, потам крывавым даставаць хлеб свой. Чаму ж не ўсе людзі працуюць? Чаму адны знялі ярмо з свае шыі і ўзлажылі яго на шыі другіх? Гляну я на пчолак, на мурашачак. Як яны працуюць! І ўсе яны пораўне карыстаюць сваю працу. Няўжо ж ты, Божачка, пчале і мурашцы даў большы розум і душу, як чалавеку? Як гляну на жыццё людское! Вунь відаць мужыцкая вёска. Збіліся ў кучу хаты і гумны. Праз гнілыя саламяныя стрэхі льецца вада. Вокны забіты, заложаны лучынаю, усякім рыззём. У хаце сырасць, гразь. Па кутках павуцінне: дым, чарната, смурод. На двары – павярнуцца нельга. Ходзіць мужык расхлістаны, у лапцях, чорны, як камінар, з мазалямі. Не знае ён ніколі спакою. Мокне ў дождж на полі, на лузе, прышчыцца на сонцы. Горкі пот залівае яму вочы. Мерзне зімою ў хаце. Есць – як папала. У хлеб падсыпае мякіну, есць нішчымны квас і зацірку. Яго ўсякі гоніць, усякі ўшчувае. Забілі мужыка, скалечылі яго душу, адабралі ад яго вобраз твой, Божа!

Пытаўся ў папа: «Чаму гэтак на свеце, бацюшка?» А ён кажа: «Накшая чэсць сонцу, накшая чэсць месяцу».

Ну, дык то сонца і месяц, а не чалавек. Дый не Бог гэта сказаў, а той самы чалавек, поп.

Не: тут трэба-такі паварушыць мазгамі!

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5