epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пажаданні пад новы 1943 год

Слова сваё шлю роднаму краю

І вам, мае сёстры, браты!

Што я скажу? Што пажадаю,

Спаўняючы звычай святы?

 

Зычу я, брацці, зычу ад сэрца

Пазбыць вам крывавы палон;

Выкінуць псіну і людажэрца,

Прасмердлага фюрэра вон;

 

Вымасціць гоні трупамі фрыцаў,

Угноіць іх мясам пяскі;

Кубэ Вільгельма — ката, тупіцу, —

Як гада, парваць на кускі;

 

Здраднікаў змесці жалезнай мятлою,

Павесіць прадажных пісак;

Лютых баронаў з чэляддзю злою

На прывязь узяць, як сабак;

 

Дымам развеяць погань і нечысць

І крыкнуць на ўвесь свет: — Зважай!

Наваль стрымалі дужыя плечы,

Жыве і жыць будзе наш край!

 

27/ХІІ 1942


27.12.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945